Забяспечыць добрасумленную канкурэнцыю на ўсіх гандлёвых прадпрыемствах

- 12:43Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў даручыў новаму міністру гандлю Уладзіміру Калтовічу ўсур’ёз заняцца падрыхтоўкай кадраў для галіны. Аб гэтым ён заявіў, прадстаўляючы калектыву Міністэрства гандлю новага кіраўніка.

“Вы вельмі ўважліва павінны паглядзець на кадры, якія працуюць у галіне. У вузкім сэнсе — на тых, хто працуе ў міністэрстве. Паглядзіце, хто спраўляецца, хто — не. Вы павінны вызначыцца, з кім будзеце працаваць, таму што запатрабаванне будзе персанальна з вас” , — адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён заклікаў Уладзіміра Калтовіча паставіцца да гэтага пытання строга, выключна з пункту гледжання прафесіяналізму таго ці іншага работніка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што асобную ўвагу неабходна ўдзяліць падрыхтоўцы кадраў у цэлым для галіны, паглядзець, наколькі яна адпавядае сучасным патрабаванням. “Гандляваць — гэта не толькі перадаваць тавары праз прылавак. Цяпер гэта намнога больш. Вы павінны ахопліваць усе сучасныя тэхналогіі, у тым ліку пытанні электроннага гандлю, даставак. Усе спробы дастаўкі тавараў спажыўцу павінны быць уведзены і адрэгуляваны Мінгандлем”, — даручыў Андрэй Кабякоў.
Гандлёвыя прадпрыемствы Беларусі павінны быць у поўным аб’ёме забяспечаны айчыннымі таварамі, падкрэсліў таксама прэм’ер-міністр.
“Вы павінны сачыць за тым, каб нашы гандлёвыя прадпрыемствы былі ў поўным аб’ёме насычаны беларускімі таварамі, якія адпавядаюць патрэбам пакупнікоў, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, неабходна забяспечыць усім вытворцам аднолькавыя ўмовы гаспадарання.
Пры гэтым прэм’ер-міністр падкрэсліў, што размова не ідзе аб тым, каб выключыць прысутнасць на рынку імпартных тавараў. “Яны таксама павінны быць, але не павінна быць іх перавагі адносна айчынных. Вам трэба забяспечыць добрасумленную канкурэнцыю на ўсіх гандлёвых прадпрыемствах”, — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.
Таксама Андрэй Кабякоў даручыў надзейна абараніць унутраны рынак ад кантрафакту, ад тавараў, якія не адпавядаюць мерам эканамічнай палітыкі, прынятым у Беларусі. “Неабходна, каб патрабаванні да айчынных і імпартных тавараў былі не ў бок прэферэнцый адносна імпарту. На сённяшнім этапе зрабіце хаця б аднолькавыя ўмовы”, — сказаў ён.
Прэм’ер-міністр канстатаваў, што падтрыманне і павышэнне ўзроўню культуры абслугоўвання насельніцтва прадпрыемствамі гандлю — задача, якая была, ёсць і будзе.
“Важна, каб міністэрства дакладна вытрымлівала баланс паміж дзяржаўнымі інтарэсамі і інтарэсамі бізнесу. Тыя і другія — гэта інтарэсы краіны, і мы зацікаўлены, каб у нас было нармальнае дзяржаўнае рэгуляванне, высакаякасны і тэхналагічны гандаль, але адначасова павінна выконвацца заканадаўства і каб бізнес развіваўся актыўна”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Прэм’ер-міністр даручыў міністру гандлю Уладзіміру Калтовічу ўдасканаліць сферу грамадскага харчавання ў мэтах павышэння яе даступнасці.
“Шмат работы ў грамадскім харчаванні. Пытанні выклікае даступнасць грамадскага харчавання — гэта датычыцца аб’ектаў як сацыяльнага (студэнцкія, заводскія сталовыя), так і высокага ўзроўню. Тут каласальнае поле для ўдасканалення. Папрашу з улікам сусветнага прагрэсіўнага вопыту падысці да рэгулявання гэтай сферы дзейнасці. Грамадскае харчаванне павінна быць даступным”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Таксама адной з функцый Мінгандлю кіраўнік урада назваў тэрытарыяльнае рэгуляванне даступнасці гандлёвых аб’ектаў. “У нас актыўна развіваецца гандаль, будуюцца гандлёвыя плошчы, перш за ўсё ў Мінску. Па забяспечанасці гандлёвымі плошчамі Мінск практычна ўжо адпавядае еўрапейскім патрабаванням. Гэта добра. Але не павінна быць перакосу з гандлем у невялікіх гарадах, раённых цэнтрах”, — сказаў Андрэй Кабякоў. Ён падкрэсліў, што неабходна выканаць баланс. “Усе асноўныя віды тавараў, якія запатрабаваны, павінны прысутнічаць і ў рэгіёнах”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.