Забяспечыць годнае і якаснае жыццё кожнаму

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі, псіхічнымі або фізічнымі, спрадвеку былі, ёсць і будуць ва ўсіх краінах. Задача грамадства — спрыяць змяншэнню іх колькасці і ствараць умовы для камфортнага і дастойнага жыцця такіх людзей. У гэтым перакананы доктар Рашэд Мустафа Сарвар — прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь.

— Паважаны Рашэд, скажыце, калі ўпершыню вы сутыкнуліся з праблемамі людзей з інваліднасцю?

— Напэўна, у дзяцінстве, якое прыпала на 70-я гады мінулага стагоддзя. Нарадзіўся я ў Бангладэш. На вуліцах роднага горада мне даводзілася бачыць людзей, якія перамяшчаліся на калясках. Асноўная прычына такой інваліднасці ў тыя часы была звязана з захворваннем поліяміэлітам. Зараз праблемы гэтай хваробы існуюць толькі ў трох краінах свету (Пакістан, Афганістан і Нігерыя), а 30—40 гадоў назад поліяміэліт быў пагрозай для жыхароў многіх краін.

Я шмат часу праводзіў з сябрамі ў двары. Да нашай кампаніі далучаліся і дзеці на інвалідных калясках. Мне было шкада іх: мы гулялі ў футбол, а яны маглі толькі назіраць за гэтым працэсам. У школе дзяцей на калясках таксама не было. Яны адчувалі сябе па-за жыццём, аб іх правах ніхто не клапаціўся. Па сутнасці, яны нікому не былі патрэбны. Такая сітуацыя складвалася не толькі ў маёй краіне. Нават у Еўропе інклюзіўныя працэсы атрымалі развіццё толькі ў апошнія 20—25 гадоў.

У канцы 80-х гадоў я скончыў медыцынскі ўніверсітэт у Маскве па спецыяльнасці “Анкатраўматалогія”. Успамінаецца адзін выпадак з майго студэнцкага быцця. У гасцях на дні нараджэння аднакурсніка я пазнаёміўся з яго 12-гадовай сястрычкай, у якой была інваліднасць. Дзяўчынка не наведвала школу і амаль не выходзіла на вуліцу. Але як цудоўна яна спявала для гасцей у той вечар! Прысутныя ледзь стрымлівалі слёзы. Міжволі ўзнікалі пытанні: чаму такая несправядлівасць, чаму дзяўчынка не можа рэалізаваць свае мары і магчымасці, не можа вучыцца ў школе, гуляць з равеснікамі ў парку, спяваць на сцэне? Было зразумела, што прычына такой несправядлівасці ў большай ступені сацыяльная.

— На ваш погляд, пра тэму інклюзіі павінен задумвацца кожны чалавек?

— Інклюзія — гэта адзін з галоўных кірункаў дэмакратычнага грамадства. Дакладней, агульначалавечая мэта. Краіна, якая не ўдзяляе ўвагі інклюзіі, губляе шмат. Не толькі ў маральным плане, але і ў эканамічным. Для нашай арганізацыі інклюзія з’яўляецца guiding principle. Дзеці з абмежаванымі фізічнымі або разумовымі магчымасцямі, дзеці-бежанцы і мігранты, якія не вучацца ў школе, таму што ў іх няма дакументаў, дзеці цыганоў, якія не заўсёды пад увагай дзяржавы — усё гэта пытанні інклюзіі. Падлеткі, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам і пражываюць у закрытых спецыялізаваных установах, ізаляваных ад грамадства… Ці можам мы быць упэўненымі, што пасля выхаду адтуль яны стануць прадукцыйнай часткай грамадства? Ці можам мы лічыць такое грамадства інклюзіўным? Сёння мы павінны шукаць альтэрнатыву абмежаванню свабоды дзяцей, пашыраць сферы прымянення медыяцыі (тэхналогіі ўрэгулявання канфліктаў). Права на асабісты ўдзел у сацыяльным жыцці маюць і ВІЧ-станоўчыя дзеці і дарослыя. ВІЧ ужо не з’яўляецца “чумой стагоддзя”. Калі чалавек з такой праблемай прымае лекі 1,5—2 гады запар, то вірусная нагрузка на арганізм зніжаецца да такога ўзроўню, што чалавек не можа перадаць хваробу іншаму.

— Якія краіны з’яўляюцца піянерамі ў пытаннях далучэння да інклюзіўных падыходаў?

— Ідэі інклюзіўнага грамадства наша арганізацыя актыўна распаўсюджвае амаль у 190 краінах свету. Калі гаварыць пра Еўропу, то своеасаблівым чэмпіёнам па развіцці інклюзіі з’яўляецца Італія, дзе побач пражываюць вельмі розныя людзі, але ніхто нікому не перашкаджае. На высокім узроўні там вырашаюцца пытанні даступнасці асяроддзя. Сваёй касмапалітычнасцю і адсутнасцю сацыяльных стыгмаў мне падабаецца Галандыя. Станоўчы вопыт развіцця інклюзіўнай адукацыі дэманструюць шведы і эстонцы, а таксама харваты, сербы і балгары.

Лепш не параўноўваць паміж сабой краіны, якія моцна адрозніваюцца па сваім палітычным, эканамічным або фінансавым становішчы. Гэта тое ж самае, што параўноўваць яблык з бананам. Ці можна, напрыклад, з аднолькавымі крытэрыямі падыходзіць да мірнай краіны і да краіны, якая перажыла вайну або знаходзіцца ў сітуацыі ваеннага канфлікту?

Як далучыць краіну да інклюзіўных працэсаў? Такую задачу неабходна акрэсліць перад кожным грамадзянінам. Калі ў масавую школу прыходзяць дзеці з інваліднасцю, то важна, каб да іх спакойна аднесліся ўсе астатнія дзеці і іх бацькі. Калі ўзводзіцца жылы дом, то ў ім павінна быць прадугледжана безбар’ернае асяроддзе. Канечне, дзеля эканоміі сродкаў можна патраціць на пандус, напрыклад, 2 тысячы рублёў замест неабходных 3 тысяч. Але сацыяльны эфект, які будзе атрыманы ад якаснага пандуса, якім людзі сапраўды змогуць карыстацца, важнейшы.

— Што вы можаце сказаць пра развіццё інклюзіўных працэсаў у Беларусі?

— Беларусь лідзіруе сярод краін былога Савецкага Саюза па многіх пытаннях. Па некаторых пазіцыях, напрыклад, па даступнасці і сістэмнасці адукацыі, пераўзыходзіць некаторыя еўрапейскія краіны. Беларусы высокаадукаваныя і маглі б развіваць інклюзіўныя працэсы разам з іншымі краінамі яшчэ 10 гадоў назад. Стрымліваў той фактар, што вашай краінай у той час не была падпісана Канвенцыя ААН аб правах інвалідаў. Але сёння, калі дакумент ратыфікаваны, адпаведныя працэсы ў Беларусі паскараюцца. У апошнія гады я заўважаю павышаную цікавасць у беларускім грамадстве да тэмы інклюзіі.

Калі штосьці карыснае можна зрабіць за 5 гадоў, а яно робіцца за 10, на мой погляд, гэта нерацыянальна. Час пройдзе, і будзе ўпушчана цэлае пакаленне дзяцей, чые лёсы пры рэалізацыі іх правоў і магчымасцей маглі б скласціся больш паспяхова. Дзеці не могуць у поўны голас заявіць пра свае жаданні, таму іх праваднікамі павінны быць дарослыя. Для таго існуе Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). Вялікую ролю ў гэтым пытанні адыгрываюць СМІ.

У ЮНІСЕФ склалася добрае паразуменне з урадам Беларусі па пытаннях інклюзіі. Пры падтрымцы нашай арганізацыі ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ быў адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. Плануецца стварыць такія цэнтры ў абласцях. У рамках супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ праведзена навукова-метадычная работа па распрацоўцы сістэмы рознаўзроўневай адукацыі для дзяцей з інваліднасцю (на ўзроўні дашкольнай і пачатковай адукацыі). Падрыхтаваны пакет метадычных рэкамендацый для настаўнікаў па арганізацыі работы з кожнай катэгорыяй дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і пакет дакументаў па асістыўных тэхналогіях.

Існуе дамоўленасць з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь аб тым, каб падрыхтоўка беларускіх педагогаў да работы ва ўмовах інклюзіі ажыццяўлялася з улікам вопыту Эстоніі. У прыватнасці, плануецца вывучыць вопыт падрыхтоўкі эстонскіх настаўнікаў да работы з дзецьмі з АПФР, гібкасць іх нацыянальных вучэбных праграм. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена метадычнаму забеспячэнню, дзейнасці пілотных пляцовак, выкарыстанню рэсурсаў спецыяльнай педагогікі для падтрымкі агульнаадукацыйных устаноў да прыняцця асаблівых дзяцей.

— Што трэба зрабіць, каб як мага больш дзяцей з абмежаваннямі мелі магчымасць вучыцца ва ўмовах інклюзіі? Якія тэхналогіі і методыкі работы павінны выкарыстоўваць педагогі?

— Самае складанае — гэта пераадолець стыгму, сфарміраваць менталітэт бацькоў, педагогаў, грамадства ў цэлым. Маўляў, навошта цягнуць дзяцей, якім цяжка перамяшчацца, з дома ў школу, вазіць іх па вуліцы, дзе не заўсёды бяспечна, дзе дзеці будуць прыцягваць да сябе залішнюю ўвагу. Лепш пакінуць іх у спакоі, дома, так зручней. Магчыма, сёння зручней, але што маладыя людзі адчуюць праз 20 гадоў? Поўную адзіноту і непрыстасаванасць да жыцця…

Выхад у свет значна лепшы за альтэрнатыву сядзення дома. Нават калі дзіця не здольна зразумець правілы гульні ў футбол, яго ўсё роўна варта браць на футбольны матч, бо там яно атрымае новыя ўражанні. Зразумела, ёсць дзеці, якія маюць патрэбу ў пастаянным глыбокім медыцынскім догля-дзе. Дапускаю, што не ўсе дзеці з абмежаваннямі, якія наведваюць спецыяльныя ўстановы адукацыі, могуць пайсці ў масавыя школы. Але я бачыў, напрыклад, выхаванцаў ЦКРНіР, якія цудоўна танцуюць, чытаюць вершы, іграюць у самадзейным тэатры. Што ж ім перашкаджае наведваць звычайныя школы? Задача дзяржавы — забяспечыць ім такую магчымасць. Неабходна ствараць апорныя інклюзіўныя школы для дзяцей з абмежаваннямі па месцы іх жыхарства. Забяспечыць ім належны фізічны доступ ва ўстановы адукацыі і класы, арганізаваць такое асяроддзе, дзе на дзяцей, незалежна ад іх асаблівацей, не будуць глядзець скоса.

Важна, каб чаканні педагогаў і бацькоў ад дзяцей з АПФР былі адэкватнымі. Не кожны чалавек можа стаць спартсменам або мастаком, не кожны здольны вучыцца на “выдатна”. Усе да чагосьці не здатны. Дзецям з АПФР неабходны ў першую чаргу базавыя веды, якія ім спатрэбяцца для жыцця ў соцыуме. Ім трэба навучыцца прымаць самастойныя рашэнні, правільна інтэрпрэтаваць інфармацыю, якую яны штодня атрымліваюць з розных крыніц, і карыстацца ёй.

Калі мы хочам рэалізаваць права вучняў на якасную адукацыю, настаўнік павінен умець дыферэнцыраваць работу з кожным з іх у інклюзіўным класе. На дапамогу педагогам прыходзяць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. У першую чаргу тэхналогія актыўнага навучання, калі педагог выступае ў ролі мадэратара (каардынатара ўзаемадзеяння) і фасілітатара ведаў (памочніка вучня ў працэсе яго навучання і развіцця, таго, хто аблягчае працэс пазнання новага). Настаўнік не чытае лекцыю, а гібка працуе з класам, мадэлюе ўрок, не апытвае вучняў, а высвятляе ў працэсе жывой дыскусіі, што кожны з іх не зразумеў. Вучні з’яўляюцца не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі абмеркавання тэмы ўрока. У класным пакоі яны размяшчаюцца па сваім жаданні, сядзець за партай не абавязкова. Сёння гэтыя тэхналогіі навучання лічацца самымі перадавымі.

— Яшчэ адно істотнае пытанне: чаму так важна вярнуць у грамадства дзяцей, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах?

— Калі 200 дзяцей, у 70 працэнтаў з якіх ёсць бацькі, жывуць у ізаляцыі за горадам — гэта ненармальна. Хто яшчэ жыве ў такіх умовах? Працэнт тых, хто па аб’ектыўных прычынах павінен знаходзіцца ў закрытых установах, невялікі. Атрымліваецца, што дзяржава выдаткоўвае шмат сродкаў на ўтрыманне інтэрнатаў, а аддачы ад гэтага ніякай. Выпускнікі інтэрнатаў часта ў поўнай разгубленасці, не ўяўляюць свой далейшы лёс. Яны не атрымалі неабходных жыццёвых і тэхнічных навыкаў, не маюць належнай адукацыі, таму не могуць рэалізаваць свае прыродныя здольнасці, знайсці сабе прымяненне. У выніку краіна страчвае працоўныя рэсурсы і рэзервы для эканамічнага развіцця. Калі краіна не будзе звяртаць на гэта ўвагу, то праз 20—30 гадоў яна сутыкнецца з праблемамі дэмаграфічнай і нацыянальнай бяспекі.

ЮНІСЕФ падтрымлівае падыход Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь да гэтага пытання. Хуткімі тэмпамі ў краіне рэалізуецца праграма дэінстытуцыяналізацыі. З кожным годам колькасць дзяцей у дамах-інтэрнатах змяншаецца. Пагадненне аб сумеснай рабоце ў гэтым жа напрамку мы падпісалі з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Усе дзеянні ў гэтым кірунку павінны быць абгрунтаванымі і зыходзіць з інтарэсаў дзяцей, а таксама дзяржавы ў будучыні.

— Рашэд, як мяняліся вашы адносіны да пытанняў інклюзіі на працягу жыцця? Ці ў поўнай меры вы рэалізуеце сябе ў прафесійнай і асабістай сферы? Якія праекты плануеце развіваць у нашай краіне?

— У дзяцінстве мае адносіны да людзей з інваліднасцю былі звязаны з пачуццём жалю. У студэнцтве я задаваўся пытаннем “чаму?”. А зараз абарона правоў і інтарэсаў дзяцей, які маюць у гэтым патрэбу, — мая стойкая пазіцыя. Лічу сябе адным з каталізатараў, фасілітатараў гэтага працэсу. Побач са мной каманда, якая прытрымліваецца такіх жа поглядаў. Я пастаянна сустракаю людзей, якія на сваіх месцах вельмі шмат робяць для таго, каб наша грамадства было пабудавана на прынцыпах інклюзіі.

Я заўсёды працаваў у імя дзяцей і сваю работу ўспрымаў як своеасаблівую місію. Шмат гадоў быў дзіцячым хірургам-анкараўматолагам, займаўся пухлінамі касцей. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, выкладаў ва ўніверсітэце. У ЮНІСЕФ займаюся тымі ж пытаннямі, толькі ўжо больш глабальнымі і разнастайнымі. Беларусь стала трынаццатай па ліку краінай, дзе я працую. Са сваёй сям’ёй планую знаходзіцца тут яшчэ мінімум два гады.

У бягучым годзе ЮНІСЕФ пачынае ў Беларусі чатырохгадовую кампанію з мэтай зніжэння стыгмы і дыскрымінацыі ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў. Асноўным лакаматывам, які паўплывае на зніжэнне стыгмы, з’явіцца нацыянальнае заканадаўства, якое будзе адаптавана ў адпаведнасці з існуючай сусветнай практыкай.

Нядаўна ЮНІСЕФ падпісаў план супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2018 год (у межах рэалізацыі краінавай праграмы ЮНІСЕФ для Беларусі). Важнымі кірункамі сумеснай работы стануць забеспячэнне аховы здароўя дзяцей, падтрымка сям’і і прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, абарона ад насілля, удасканаленне дзейнасці ў сферы развіцця дзяцей ранняга ўзросту, а таксама ўдасканаленне форм і метадаў работы з падлеткамі і моладдзю па пытаннях пашырэння іх удзелу ў прыняцці рашэнняў, развіццё інклюзіўных працэсаў. Зараз распрацоўваюцца навуковыя падыходы да зместу інклюзіўнай адукацыі, праводзіцца адпаведная эксперыментальная работа. Хацелася б, каб у найбліжэйшы час мы разгледзелі пытанні аптымізацыі ўстаноў спецыяльнай адукацыі, ЦКРНіР, спецыяльных і інтэграваных класаў і груп і ўзялі агульны курс на інклюзію.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *