Зачаравала Крэва

- 11:24Нам пішуць

Сёлета восень шчодрая на падарожжы. Зусім нядаўна, у верасні, мы з вучнямі наведалі этнаграфічны музей сярэдняй школы № 6 Смаргоні. І вось кастрычнік падарыў новае падарожжа. Гэтым разам вучні 7 “А” і 7 “Б” класаў завіталі ў старажытнае Крэва.

Новыя мясціны сустрэлі нас насцярожана: туманная смуга ахутала ўсё навокал, схавала сонца, якое зіхацела ў Смаргоні перад нашым ад’ездам, ледзь-ледзь праглядаліся абрысы пабудоў. Здавалася, што ўсё напоўнена нечаканасцю, таямнічасцю, быццам прывіды Сярэднявечча вартавалі гэту зямлю.

Але настрой змяніўся, як толькі мы ўвайшлі ў мясцовую школу. Там нас ветліва сустрэлі настаўнікі, добразычліва прывіталі навучэнцы. Экскурсаводы школьнага музея з захапленнем расказалі пра гісторыю роднага Крэва, пра старажытны замак, распавядалі шматлікія легенды, якімі, здаецца, напоўнены кожны куточак гэтай зямлі. Незвычайная цішыня стаяла ў музейным пакоі. Кейстут, Вітаўт, Ягайла, чароўная княжна… Гістарычныя постаці змяняліся адна за адной. Якая багатая гісторыя ў нашай зямлі!

А пасля былі спартыўныя спаборніцтвы. Нашы футбалісты сустрэлі тут сапраўдных сапернікаў. Спартыўная зала была перапоўнена азартам, эмоцыямі, хваляваннямі.

А калі мы пакідалі крэўскую школу, сонца ўжо разагнала туман і ўсміхалася, пасылаючы ласкавыя промні кожнаму праз вокны аўтобуса.

Валянціна ЛУКОШКА,
класны кіраўнік 7 “А” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні.