Задача — да канца года як мінімум утрымаць дадатныя тэндэнцыі, што склаліся ў эканоміцы

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас даручыў узмацніць кантроль за сітуацыяй з цэнамі. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаюцца вынікі работы эканомікі ў студзені — верасні.

“Інфляцыя знаходзіцца ў зададзеных параметрах — 3,7 працэнта да снежня 2017 года пры прагнозе на 9 месяцаў не большым за 4,3 працэнта. У верасні адбыўся рэзкі рост на 0,8 працэнта, да канца года яшчэ два месяцы. Прашу міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю, усіх кіраўнікоў узяць пад узмоцнены кантроль сітуацыю з цэнамі”, — сказаў Сяргей Румас.

Што тычыцца экспарту тавараў і паслуг, у студзені — жніўні ён павялічыўся на 18,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рост паставак назіраецца па ўсіх групах тавараў. Сальда знешняга гандлю дадатнае — $580 млн, у той жа час гэты паказчык на $210 млн меншы, чым за студзень — жнівень мінулага года.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што ў цэлым па выніках студзеня — верасня найважнейшыя эканамічныя паказчыкі знаходзяцца ў рамках прагнозных значэнняў. Тэмп эканамічнага росту за гэты перыяд склаў 103,7 працэнта пры прагнозе 103,3 працэнта, прафіцыт рэспубліканскага бюджэту — Br3,38 млрд, або 3,8 працэнта да ВУП. “Гэта дало магчымасць цалкам і ў тэрмін разлічыцца па даўгах. У цэлым вынікі нядрэнныя, але дынаміка ВУП пачала запавольвацца. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях не выкананы ключавыя паказчыкі эфектыўнасці па валавым рэгіянальным прадукце. Істотны ўплыў на развіццё гэтых рэгіёнаў аказала зніжэнне аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці, разам з тым абодва гэтыя рэгіёны сярод перадавікоў па росце затрат. Прашу кіраўнікоў гэтых рэгіёнаў сканцэнтравацца на ацэнцы года і мерах, якія дадуць магчымасць выканаць гэтыя паказчыкі”, — сказаў Сяргей Румас.

Складаная сітуацыя ў сельскай гаспадарцы выклікана няпростымі ўмовамі надвор’я, з-за якіх істотна знізіўся ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. “У выніку ў раслінаводстве праселі на 4,1 працэнта да ўзроўню мінулага года. Цяпер ужо завяршаем уборку, кіраўнік дзяржавы ўстанавіў тэрмін заканчэння ўсіх работ — 7 лістапада”, — дадаў прэм’ер-міністр.

Сяргей Румас адзначыў нядрэнныя тэмпы росту вытворчасці работ у будаўнічай галіне. “У той жа час тэмпы росту аб’ёмаў будаўніцтва жылля зніжаюцца — пакуль 91,1 працэнта. Таксама ёсць праблемы з выкананнем заданняў па экспарце паслуг”, — сказаў кіраўнік урада.

Ён звярнуў увагу, што да завяршэння каляндарнага года засталося два месяцы. “Сёння патрабуецца прыняцце аператыўных мер, каб актывізаваць развіццё эканомікі, не парушаючы яе збалансаванасці, і забяспечыць выкананне пастаўленых перад урадам задач, — адзначыў Сяргей Румас. — Стаіць задача да канца года як мінімум утрымаць дадатныя тэндэнцыі, што склаліся ў эканоміцы. Ад гэтага залежыць выкананне пяцігодкі. Прашу сканцэнтравацца на канкрэтных мерах, якія дадуць магчымасць забяспечыць выкананне задач у бягучым годзе”.