Задача — каб у беларускіх сем’ях было не менш як тры дзіцяці

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Пакет мер, накіраваны на стымуляванне нараджальнасці, будзе распрацоўвацца ў Беларусі, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч перад пасяджэннем Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы, якое прайшло на базе РНПЦ “Мацi i дзiця”.

Ірына Касцевіч падкрэсліла важнасць таго, каб у рэспубліцы як мага больш нараджалася дзяцей. “Гэта прыярытэт для краіны. Сёння мы абмяркоўваем сучасныя выклікі, аналізуем прычыны, якія прывялі да зніжэння нараджальнасці, і, зыходзячы з гэтага, будзе напрацоўвацца пакет мер, каб стымуляваць нараджальнасць. Наша задача — каб у сем’ях было не менш як тры дзіцяці”, — сказала міністр.

Яна адзначыла, што ў Беларусі створана дзейсная сістэма дзяржаўнай падтрымкі мацярынства і дзяцінства. Больш за 500 тысяч дзяцей на сённяшні дзень атрымліваюць розныя віды дзяржаўных дапамог, на гэтыя мэты накіроўваецца амаль 2% ВУП.

“Сістэма пастаянна ўдасканальваецца. Так, у 2011 годзе ў два разы павялічылася дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, і сёння на першае дзіця выплачваецца 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, на другое і наступных дзяцей — 14 БПМ. У 2013 годзе перагледжаны дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, на першае дзіця дапамога складае 35%, на другое і наступных — 40% ад сярэдняй заработнай платы. Беларусь — адна з нямногіх краін, якія захавалі водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, разумеючы, як гэта важна для здароўя маці і дзіцяці”, — расказала Ірына Касцевіч.

Дапамога аказваецца сем’ям, у якіх нарадзіліся двайняты, трайняты і больш дзяцей. У прыватнасці, бацькам прадастаўляецца паслуга нянькі. “Гэты кірунак нам трэба сур’ёзна развіваць, незалежна ад колькасці дзяцей”, — лічыць міністр.