Задача крутая, а мы — яшчэ круцейшыя

- 10:34Якасць адукацыі

Аднойчы на святочным вечары школьнікі бадзёра рапартавалі, на колькі сантыметраў за год яны падраслі, на колькі кілаграмаў паправіліся, колькі “дзясятак” атрымалі, колькі сшыткаў спісалі, колькі ручак згубілі, колькі задачак рашылі…

Дзеці ёсць дзеці: яны яшчэ не ведаюць, што задачкі бываюць не толькі ў падручніку па матэматыцы, але і ў рэальным жыцці. Навучыць іх рашаць — асноўны абавязак нас, дарослых, — настаўнікаў і бацькоў.
Што рабіць, калі згубілі ключы; як быць, калі паламаўся святлафор; як зрабіць, каб цябе перасталі дражніць; як трэба загартоўвацца, каб не захварэць, — гэтыя пытанні могуць быць актуальнымі і сёння. Якую прафесію выбраць, як пазнаёміцца з дзяўчынай, як паладзіць з начальнікам, якому адпачынку аддаць перавагу і г.д. — задачы заўтрашняга дня. У адрозненне ад школьных, жыццёвыя задачы не маюць адзінага правільнага адказу, усе яны прадугледжваюць мноства варыянтаў рашэння. Нават правільны выбар аднаго з іх пры паўтарэнні можа аказацца памылковым, таму што сітуацыя змянілася. Такія задачы прынята называць адкрытымі, менавіта яны акружаюць нас з усіх бакоў. Ад таго, наколькі мы з імі спраўляемся, залежыць наша паспяховасць.
Дарэчы, у гэтым і заключаецца адказ на пытанне, чаму нашы былыя выдатнікі (Мальвіны) нярэдка ў далейшым “прайграюць” сваім зусім не ідэальным аднакласнікам: Бураціна ўмее рашаць адкрытыя задачы і не баіцца іх. Больш за тое, мы самі яго гэтаму навучылі. Успомніце, колькі разоў нядбайнаму вучню, які спазніўся (не вывучыў, не зрабіў і г.д.) настаўніца выгаворвала: “Ну што ты сёння зноў прыдумаў?!” Ці не праўда, вельмі падобна на ўстаноўку: дзіця чуе, што ад яго патрабуецца, каб ён ЗНОЎ што-небудзь прыдумляў! Вось ён і стараецца, і прыдумляе (выкручваецца, узважвае, прыстасоўваецца, вынаходзіць — адаптуецца!). А Мальвіну “прыдумляць” ніхто ніколі не просіць, а навошта? — яна ж усё ведае, у яе ж і так усё заўсёды ў парадку! Толькі ў сучасным свеце, які пастаянна мяняецца, трэба ўмець пастаянна мяняцца самому, а не проста дэманстраваць гатовыя, некалі атрыманыя веды і ўменні…
Адным з вядучых прынцыпаў ТРВЗ-педагогікі (ТРВЗ — тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач, аўтар — савецкі інжынер, вынаходнік, пісьменнік-фантаст Г.С.Альтшулер) з’яўляецца прынцып задачнага рэжыму: навучыць дзяцей любую праблему (цяжкасць, перашкоду) успрымаць як задачу, да якой ставяцца два пытанні: “Як быць” і “А як яшчэ?”. Пры сістэматычным выкарыстанні такога падыходу пры навучанні і выхаванні фарміруецца гатоўнасць навучэнцаў мысліць смела і развіваюцца адпаведныя навыкі (пад дэвізам “Увесь свет — адкрытая задача, рашай — цябе чакае ўдача!”).
Пры тым праблема “Як гэтаму можна навучыць?” таксама можа быць адкрытай задачай, і адным з рашэнняў, якое дазваляе зрабіць працэс займальным і захапляльным, з’яўляецца гульня “Крэатыў-бой”. Нягледзячы на тое, што гульня з’явілася параўнальна нядаўна, яна хутка заваявала папулярнасць. Разнастайныя турніры праводзяцца не толькі паміж класамі, групамі, атрадамі, але і — дзякуючы выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій — бываюць міжрэгіянальныя і міжнародныя. Тэмы могуць быць самымі рознымі: ад рашэння казачных задач да складання гіпотэз вырашэння навукова-даследчых праблем.
У якасці невычэрпнай крыніцы задач пры правядзенні гульні могуць выступаць і літаратурныя творы. Чытаць нашы дзеці не любяць, а калі прапанаваць ім шукаць і рашаць, можа быць, сітуацыя зменіцца? Ва ўсякім выпадку вопыт правядзення гульні ў гомельскай пачатковай школе № 63, якая ў мінулым годзе стала ініцыятарам “Крэатыў-баёў” у Беларусі, дазваляе на гэтае пытанне адказаць сцвярджальна.
Тэмай сёлетняй гульні сталі сюжэты з кнігі Э.Распе “Прыгоды барона Мюнхаўзена”. У адрозненне ад “самага праўдзівага чалавека на зямлі”, які ўмеў падарожнічаць на ядры або змог застацца ў жывых, апынуўшыся паміж кракадзілам і львом, нашым дзецям трэба было прыдумаць больш рэалістычныя спосабы выхаду з цяжкіх сітуацый. Пры гэтым пасля кожнага пытання адказы не проста ацэньваліся, а аналізаваліся з пункту гледжання як выканальнасці, так і прастаты і прыгажосці рашэння.
Паглядзім, што ў нас атрымалася.
“Калі конь апынуўся на даху з-за таго, што званіцу занесла снегам, то Мюнхаўзен стрэліў з пісталета, куля разарвала аброць, і конь спусціўся. Як яшчэ можна было спусціць каня?”
Дзеці адразу ж прапанавалі залезці на дах, але адна каманда прапанавала перацерці аброць, скручваючы ў розныя бакі, а другая — перарэзаць яе нажом. Відавочна, што ў другім выпадку атрымаецца і лягчэй, і хутчэй. Была яшчэ ідэя дачакацца такога ж моцнага снегападу, каб конь змог спусціцца сам (рашэнне нядрэннае, але невядома, колькі часу прыйдзецца чакаць, таму не падыходзіць).
“Як па-іншаму можна было падпаліць порах, бо выкрасіць сапраўдныя іскры з вачэй здольны толькі Мюнхаўзен?”
Адразу ж былі названы такія спосабы атрымання агню, як церці дзеравякі або каменьчыкі, выкрасіць іскру з дапамогай удару каменя або выкарыстоўваць манокль у якасці лупы, быў нават варыянт “збегаць дадому па крэмень (запалкі, запальніцу)”… І зноў “алгебра”, усебаковае абмеркаванне сітуацыі падвяргае сумненню “гармонію” (спантанныя, гарачыя, натуральныя, але не заўсёды прадуманыя выказванні): колькі часу зойме атрыманне агню трэннем (ці будзе качка столькі часу чакаць, напэўна, збегаць можа атрымацца хутчэй); ці могуць загарэцца камяні, нават калі іх моцна церці; як дапаможа манокль, калі надвор’е пахмурнае?..
“Выцягнуць сябе з балота, як гэта зрабіў Мюнхаўзен, немагчыма. Але вось праваліцца ў балота цалкам магчыма. І як быць у гэтай сітуацыі?”
Выкарыстоўваем рэсурсы: калі на беразе расце дрэва — можна ўхапіцца за галіны, якія нізка звісаюць, можна ўстаць на спіну каня і адштурхнуцца ад яе; можна, паступова знімаючы з сябе абутак і адзенне, рабіць з іх апору для ног… А вось легчы па-пластунску і пачаць паўзці не атрымаецца, як і ўхапіць каня за хвост і скамандаваць, каб ён вынес на бераг, — законы фізікі дзейнічаюць нават у казачных гісторыях…
Гэта былі задачы для першага тура гульні, калі на кожнае пытанне каманда магла напісаць тры розныя варыянты адказу, якія потым зачытваліся і абмяркоўваліся членамі журы. Таксама кожны ўдзельнік мог выказаць сваё меркаванне або задаць удакладняльнае пытанне. Адзнакі выстаўляліся па двухбальнай шкале: 0 балаў — рашэнне нерэальнае або цяжка выканальнае, 2 балы — знойдзена аптымальнае рашэнне задачы з улікам умоў і магчымасцей; 1 бал — у рашэнні ёсць асобныя недахопы.
У другім туры былі прапанаваны дзве задачы, якія прадугледжвалі па два варыянты адказу.
“Калі Мюнхаўзен злавіў белага мядзведзя, то моцна сціскаў яго лапы тры дні і тры ночы, пакуль мядзведзь не памёр ад голаду, бо ён не мог пасмактаць свае лапы. А як жа сам барон выжыў, чым ён харчаваўся ўвесь гэты час?”
Абедзве каманды адразу прапанавалі выкарыстаць снег у якасці вады, а без ежы чалавек зможа тры дні пратрымацца. Быў варыянт патрымаць лапы адной рукой, а другой пашукаць па кішэнях, можа, ёсць што-небудзь ядомае, толькі наўрад ці мядзведзь будзе спакойна стаяць і чакаць, пакуль Мюнхаўзен паабедае… Вучні прапанавалі грызці пазногці або скуру на руках, але наколькі такая “ежа” з’яўляецца каларыйнай і пажыўнай? На жаль, на той рэсурс, на які даецца прамая падказка ў тэксце, — “самому пасмактаць мядзведжыя лапы” — дзеці проста не звярнулі ўвагі. Нясмачна? Негігіенічна? Або забылі словы іншага літаратурнага персанажа — Філеяса Фога: “Выкарыстоўвай тое, што пад рукой, і не шукай сабе іншае!”
“Калі Мюнхаўзен служыў пчаліным пастухом, то аднойчы яму давялося ратаваць пчалу, якую хацелі разарваць мядзведзі. Добра, што ў яго была маленькая сякерка, якой ён кінуў у бок звяроў. А калі б сякеркі не было, як яшчэ можна было спужаць мядзведзяў, каб яны адпусцілі пчалу?”
Зразумела, што можна было выкарыстоўваць любыя іншыя прадметы, якія былі ў Мюнхаўзена або знаходзіліся побач: гэта і бот, і капялюш, і палка, і камень. А вось варыянт падысці і пачаць разнімаць мядзведзяў падаецца спрэчным, наўрад ці нават самы моцны чалавек справіцца з двума мядзведзямі адначасова. Або наўрад ці іх спужае накінутая на галовы куртка, зноў жа на двух адразу яе не накінеш, а на аднаго — не дапаможа… А яшчэ можна было гучна крыкнуць або свіснуць ці зрабіць нейкі нечаканы рух — і зноў на такія ідэі дзеці не выйшлі. Спрацаваў стэрэатып: калі па сюжэце герой нешта кінуў, значыць, і нам трэба штосьці кідаць. А тое, што ён кідаў, каб спужаць, і менавіта ў гэтым задача, — засталося незаўважаным.
У паўзах паміж турамі гульні дзеці расказвалі пра сябе, свае захапленні, пра гісторыю і славутасці сваіх гарадоў, нават чыталі вершы і спявалі песні. А яшчэ падчас перапынкаў гучалі словы прамовы, якія становяцца традыцыйнымі пры правядзенні “Крэатыў-баёў”:

“Задача — крутая, а мы еще круче.
Задачу решаем — идей куча!
Задачу крутую берем с боем,
Задача сдается нам с тобою!”

І, нарэшце, апошні, трэці, тур. Адна задача і адна хвіліна на рашэнне, затое варыянтаў можа быць колькі заўгодна. Такім чынам: “Калі Мюнхаўзен упаў з Месяца, то прабіў глыбокую яму. Каб вылезці з яе, давялося пазногцямі выкапаць прыступкі. А як яшчэ можна было гэта зрабіць, не маючы ніякіх інструментаў?”
І тут у ход пайшло ўсё: і кулакамі, і локцямі, і зубамі, і пяткамі; а яшчэ абцасамі і трохвуголкай (хаця пра эпалеты і гузікі не здагадаліся), а таксама нажом, курыльнай трубкай, маноклем і нават лесвіцай (цікава, ці навучацца калі-небудзь нашы выпускнікі пачатковай школы ўспрымаць інфармацыю з першага разу, бо дакладна было сказана, што ніякіх інструментаў не было). Тым не менш большасць адказаў была адэкватнай, і дыплом пераможцы гульні разам з кубкам дастаўся камандзе з Магілёва па праву!
“Сказка — ложь, да в ней намек…” Якія ўрокі з гульні могуць атрымаць нашы “добрыя малайцы і прыгожыя дзяўчаты”: нават калі тэкст ляжыць перад табой, гэтага мала, патрэбны кемлівасць і фантазія, уменне бачыць сітуацыю з розных бакоў, а таксама гнуткасць і бегласць, прадукцыйнасць і варыятыўнасць… Абавязковым будзе ўменне слухаць адно аднаго, дамаўляцца і падтрымліваць, быць камандай…
А яшчэ каштоўнасць адкрытых задач — у іх універсальнасці. Адны і тыя ж задачы могуць рашаць і малышы, і старшакласнікі. Толькі вось рашэнні будуць адрознівацца. Хаця чым раней пачынаць іх мэтанакіравана выкарыстоўваць, тым больш шансаў у нашых дзяцей ста ць крэатыўнымі, паспяховымі, удачлівымі — “круцейшымі”!

Святлана ГІН,
настаўнік-метадыст, кандыдат педагагічных навук.