Задача — увайсці ў топ-300 лепшых універсітэтаў свету

- 11:42Вышэйшая школа

Днямі адбылося чарговае пасяджэнне Прафесарскага сходу БДУ, дзе былі прадстаўлены стратэгічныя мэты развіцця ўніверсітэта і задачы па іх рэалізацыі. У абмеркаванні прынялі ўдзел больш за 350 дактароў навук і прафесараў БДУ.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў ключавыя мэты для ўстойлівага і дынамічнага развіцця ўніверсітэта: павышэнне якасці адукацыі, выбудоўванне кадравай палітыкі з апорай на дасягненні ўсіх катэгорый супрацоўнікаў, павелічэнне колькасці выкладчыкаў з вучонай ступенню, стварэнне цэласнай сістэмы эфектыўнага ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў, павелічэнне экспарту адукацыйных паслуг і пазабюджэтных даходаў, а таксама ўваходжанне ў топ-300 (1 %) лепшых універсітэтаў свету.

Андрэй Кароль звярнуў увагу на тое, што кожная мэта мае канкрэтныя паказчыкі вымярэння і ўжо праводзіцца сістэмная работа па рэалізацыі пастаўленых задач. Так, у БДУ распрацаваны і з 2018 года рэалізуецца праект Стратэгіі развіцця кадравага патэнцыялу ўніверсітэта. Ужо на 20% абноўлены склад загадчыкаў кафедр (сёння іх сярэдні ўзрост складае 44 гады). Скарочана 20 ставак кіруючых работнікаў комплексу БДУ. Шляхам аб’яднання Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій і Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій аптымізаваны спецыяльнасці эканамічнага і гуманітарнага профіляў. Рэструктурызаваны Інстытут журналістыкі. Распрацаваны і рэалізуецца механізм рэйтынгавай сістэмы аплаты працы для ўсіх катэгорый супрацоўнікаў універсітэта.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.