Задача — забяспечыць людзей усім неабходным

- 12:36Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі няма ніякіх прычын для павышэння цэн на тавары. Аб гэтым паведаміў у час выязной калегіі Міністэрства гандлю Беларусі, прысвечанай вынікам работы галіны за I паўгоддзе 2015 года, міністр гандлю Валянцін Чаканаў.

“У нас сёння няма ніякіх прычын павышаць цэны на тавары, мы павінны па-ранейшаму праводзіць палітыку з паніжэннем цэн і гандлёвых надбавак, а таксама вырашэннем праблем сацыяльнага характару”, — адзначыў Валянцін Чаканаў.
Паводле яго слоў, цэнавую сітуацыю ў краіне можна назваць адносна стабільнай, з сакавіка па чэрвень інфляцыя штомесяц не выходзіць за параметр 1 працэнт. Таксама міністр адзначыў, што доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку цяпер пераважае. Прырост па гэтым паказчыку склаў 0,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года. Па харчовых таварах унутраны рынак больш як на 80 працэнтаў забяспечваецца за кошт беларускай прадукцыі.
Гаворачы аб іншых паказчыках работы Мінгандлю ў I паўгоддзі 2015 года, міністр гандлю адзначыў, што ў I квартале 2015 года ў гандаль было прыцягнута каля $270 млн, або больш за чвэрць (26,7 працэнта) ад агульнарэспубліканскага аб’ёму прамых замежных інвестыцый. Па гэтым паказчыку гандаль займае другое месца пасля прамысловасці. “Гаворачы аб іншых задачах ведамства, трэба падкрэсліць, што гандаль павінен сёння папрацаваць на экспарт, у тым ліку і з дапамогай актыўнага ўдзелу ў выстаўках, кірмашах за мяжой і ўнутры краіны, каб заключаць новыя кантракты на пастаўку новай прадукцыі. Асаблівую ўвагу нашы арганізацыі павінны ўдзяліць і гандлю ў вёсцы. Наша задача — забяспечыць людзей усім неабходным”, — падкрэсліў ён.
“Гандаль — адна з ключавых галін эканомікі, у нашай сферы занята амаль 15 працэнтаў працаздольнага насельніцтва краіны. Паказчык актыўнага развіцця галіны — перавыкананне прагнозных тэмпаў росту рознічнага тавараабароту. Так, за апошнія 5 гадоў ён вырас у супастаўных цэнах у 1,6 разу, а ў бягучым годзе перавышае ўзровень мінулага года на 1,1 працэнта. Гэта дае магчымасць гандлю пастаянна ўносіць станоўчы ўклад у ВУП краіны”, — канстатаваў Валянцін Чаканаў.
Гандлёвыя арганізацыі Беларусі гатовы прадаставіць усе неабходныя тавары да школы, паведаміў на калегіі міністр гандлю.
“Падрыхтоўка да новага навучальнага года ўжо ідзе поўным ходам, 10 ліпеня школьныя базары пачалі працаваць у Мінску, 15 ліпеня — ва ўсіх абласцях краіны. Усяго ў бягучым годзе будзе разгорнута 720 школьных базараў, на якіх будзе прапанаваны шырокі асартымент адзення, абутку, школьна-пісьмовых тавараў для нашых дзяцей. Гандлёвыя арганізацыі ўжо закупілі каля 90 працэнтаў тавару, астатнюю частку атрымаем на працягу 5—10 дзён. Мы поўнасцю гатовы забяспечыць нашых вучняў усім неабходным да навучальнага года”, — падкрэсліў Валянцін Чаканаў.
Паводле слоў міністра гандлю, школьных тавараў хопіць усім. “Каб апрануць школьніка, патрэбны пэўныя сродкі. Паводле нашых падлікаў, кошт аптымальнага набору тавараў для вучняў малодшых класаў складае ад Br1 млн да Br5,5 млн, для вучняў 5—11 класаў — ад Br1,5 млн да Br7 млн”, — растлумачыў ён.
У перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года ў рознічнай гандлёвай сетцы пакупнікам прапануецца амаль 500 мадэлей адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і хлопчыкаў, каля 80 мадэлей трыкатажных вырабаў, практычна 200 мадэлей абутку, а таксама 170 мадэлей ранцаў і рукзакоў. “Больш як 250 аддзелаў дадаткова створаны для абслугоўвання школьнікаў, акрамя таго, будзе створана больш за 500 аддзелаў спецыяльна для першакласнікаў, дзе можна будзе купіць усё неабходнае ў адным месцы — ад скургалантарэі да адзення і школьна-пісьмовых тавараў”, — паведаміў Валянцін Чаканаў.
Акрамя таго, гандлёвыя арганізацыі Беларусі правядуць шэраг акцый сацыяльнай накіраванасці, да якіх адносяцца адзіныя дні скідак, крэдыты для мнагадзетных сем’яў, уручэнне падарункаў і прызоў. “З 23 па 30 жніўня ў “БелЭкспа” пройдуць 2 спецыялізаваныя міжнародныя выстаўкі-кірмашы “Нашым дзецям” і “Прывітанне, школа”. Там будзе прадстаўлены ўвесь спектр тавараў, у тым ліку і ад беларускіх вытворцаў — у першую чаргу прадпрыемстваў “Беллегпрама”, якія забяспечваюць больш за 70 працэнтаў тавараў, неабходных нашым школьнікам”, — растлумачыў міністр.
Валянцін Чаканаў падкрэсліў таксама, што ў найбліжэйшы час спецыяльная камісія Мінгандлю і Мінадукацыі праверыць гандлёвыя прадпрыемствы на наяўнасць тавараў для школьнікаў.