Задача — зберагчы і развіць дасягненні агульнай духоўнай і культурнай прасторы

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка лічыць неабходным у Саюзе Беларусі і Расіі ўдзяляць асаблівую ўвагу культурна-гуманітарнаму супрацоўніцтву. Такую думку ён выказаў у час тэматычнага круглага стала, паведамілі ў пасольстве.

Ігар Петрышэнка, у прыватнасці, падкрэсліў, што з улікам велізарнага значэння эканамічных сувязей неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу духоўнай сферы, культурна-гуманітарнаму супрацоўніцтву. “Пры імклівым тэхналагічным прагрэсе мы, з аднаго боку, павінны прытрымлівацца агульнага глабальнага інфармацыйнага трэнду, а з другога — зберагчы і развіць тыя дасягненні нашай агульнай духоўнай і культурнай прасторы, якімі мы па праве ганарымся перад усім светам. Гэта няпростая задача, але вялікая і важная”, — лічыць дыпламат.
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што Беларусь у сферы кнігавыдання цесна супрацоўнічае з Расіяй (напрыклад, з урадам Масквы) па шэрагу сумесных значных праектаў. Кіраўнік ведамства расказала аб рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” і перадала сертыфікат на камплект кніг беларускіх выдаўцоў Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”.
Лілія Ананіч таксама анансавала новы сумесны медыйны праект рэдакцыі газет “Вячэрняя Масква” і “Вячэрні Мінск”.
Арганізатарамі круглага стала “Беларусь — Расія: агульны погляд у будучыню” выступілі Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”, Пасольства Беларусі ў Расійскай Федэрацыі.