Задачы адказныя, але вырашальныя

- 11:50Адукацыйная прастора

Сістэма адукацыі Гродзенскай вобласці па выніках работы за мінулы год прызнана лепшай у краіне. Асноўным пасылам даклада начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.Г.Сонгіна сталі задачы, мэты і праблемы сістэмы адукацыі і шляхі іх вырашэння ў 2019 годзе.

Тры галоўныя задачы сістэмы дашкольнай адукацыі — гэта захаванне здароўя дзяцей, стварэнне бяспечных умоў іх знаходжання і забеспячэнне кваліфікаванымі кадрамі. У мінулым го­дзе былі ўведзены чатыры новыя дзіцячыя садкі. Працягнутая работа па вяртанні функцыянальнага прызначэння памяшканняў і рацыянальным іх выкарыстанні дала магчымасць адкрыць да новага навучальнага года дадаткова 616 месцаў. У гэтым годзе будуць уведзены яшчэ два новыя дзіцячыя садкі. Актуальным застаецца пытанне кваліфікацыі спецыялістаў дашкольнай адукацыі: 70 працэнтаў выхавальнікаў не маюць вышэйшай адукацыі па профілі “Педагогіка”.

Высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні і рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах навучэнцы Гродзеншчыны дэманструюць не адзін год. Вялікай увагі і адпаведнай работы патрабуе ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях.

— Для таго каб утрымаць высокую планку ў гэтых пытаннях, трэба адпрацаваць арганізацыю круглагадовай падрыхтоўкі да алімпіяды як у вочнай, так і ў дыстанцыйнай форме. У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў найбліжэйшы час будзе створаны аддзел па арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі, — падкрэсліў Аляксандр Генрыхавіч.

Аналіз работы метадыч­ных  служ­баў па арганізацыі ўдзелу ў рэспуб­ліканскай навукова-практыч­най канферэнцыі, а таксама па павышэнні якасці прадметнага выкла­дання будзе зроблены на пасяджэнні калегіі ў чэрвені гэтага года.

Вырашэння патрабуе стварэнне цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Нядаўна пяты цэнтр адкрыты ў Мастах, а вось у Гродне гэтая работа яшчэ не завершана. На калегіі была вызначана дата канчатковага вырашэння пытання — да 1 верасня.

Плануецца, што да дзвюх устаноў, дзе кітайская мова вывучаецца як вучэбны прадмет, у новым навучальным годзе дабавяцца новыя. А ўвогуле ў Гродзенскай вобласці кітайскую мову вывучаюць амаль 700 дзяцей у 14 навучальных установах.

Дзейнасць сістэмы прафесійнай адукацыі ў мінулым годзе была накіравана на вырашэнне галоўнай задачы — дасягненне максімальнай адпаведнасці рынку адукацыйных паслуг і рынку працы. Быў прыпынены прыём па 18 спецыяльнасцях і адкрыты па 11 новых. У вобласці працуюць 5 рэсурсных цэнтраў. Пяты рэсурсны цэнтр, дзе будуць праходзіць навучанне кухары і кандытары, пачаў зусім нядаўна дзейнічаць у Гро­дзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы. Удзельнікі пасяджэння калегіі мелі магчымасць перад яго пачаткам азнаёміцца з рэсурсным цэнтрам і пабываць на майстар-класах пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства WorldSkills 2016—2018 гадоў у намінацыі “Кандытарскае мастацтва” майстра вытворчага навучання Златы Шпак і навучэнкі каледжа Аляксандры Васільчык.

У маі мінулага года гродзенцы на конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills заваявалі 17 медалёў (сярод іх 6 залатых) і паказалі другі вынік пасля Мінска.

Цікавасць выклікала і выстава, прысвечаная прафесійнай падрыхтоўцы старшакласнікаў, якія не ахоплены профільным навучаннем. Па 35 спецыяльнасцях каля 2 тысяч вучняў 10-х класаў атрымліваюць рабочую спецыяльнасць на базе ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, а таксама дадатковай адукацыі.

— У выхаваўчай рабоце прынятыя меры па арганізацыі занятасці дзяцей, прафілактыцы правапарушэнняў далі станоўчыя вынікі. У 2018 годзе колькасць правапарушэнняў з удзелам непаўналетніх знізілася на 30,8%. Упершыню за тры гады дасягнута скарачэнне сацыяльнага сіроцтва, — паведаміў Аляксандр Генрыхавіч. — Са студзеня гэтага года пачаў работу абласны сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Ужо сёння вырашаюцца пытанні па аздараўленні дзяцей у летні перыяд. Планамі гэтага года прадугледжана аздараўленне звыш 66 тысяч дзяцей, што амаль на 7 тысяч больш, чым у мінулым го­дзе. Пастаўлена задача, каб профільныя лагеры або лагеры працы і адпачынку функцыянавалі на базе кожнай установы прафадукацыі.

У год святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца валанцёрскаму руху. Сумесна з абласной газетай рэалізоўваецца абласны праект “Фота для ветэрана”, які дазволіць захаваць у фота- і відэа­матэрыялах успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, іх жыццёвыя гісторыі. Пастаўлена задача да 1 красавіка завяршыць работу па алічбоўцы музейных фондаў усіх устаноў адукацыі і падрыхта­ваць новыя экспазіцыі, прысвечаныя юбілейным падзеям гэтага года.

У дакладзе начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі ўвага была звернута і на нарматыўнае фінансаванне ўстаноў адукацыі. Са сту­дзеня 2019 года на такое фінансаванне перайшлі ўсе 334 установы агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання рэалізоўваецца ў 60 дашкольных установах Лідскага і Слонімскага раёнаў.

— 2019 год папярэднічае ўкараненню нарматыўнага фінансавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі ўсёй вобласці, — падкрэсліў А.Г.Сонгін. — У сувязі з гэтым да 1 студзеня 2020 года неабходна прааналізаваць адхіленне выдаткаў па нарматыве ў адносінах да прадугледжаных у бюджэтах на ўстановы дашкольнай адукацыі, выявіць прычыны адхіленняў і прыняць меры па іх мінімізацыі.

У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел дырэктар сярэдняй школы № 1 Анатоль Фаносаў (ён расказаў, як у школе ствараюцца ўмовы для фарміравання сацыяльна актыўнай асобы) і дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 Алена Жалязняковіч (прадставіла бачанне шляхоў удасканалення функцыянавання ўстаноў прафесійнай адукацыі ва ўмовах сучаснага рынку працы).

У рабоце калегіі прынялі ў­дзел дырэктар Дэпартамента кан­тролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мірончык, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік, начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці Аляксандр Невяроўскі, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў абл­выканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Валянцін Асіповіч, начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Ка­мітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Таццяна Слабыш, старшы памочнік пракурора вобласці Святлана Нанкевіч.

— Сістэма адукацыі складаецца з многіх кампанентаў — пачынаючы з дашкольнай адукацыі і заканч­ваючы вышэйшай, — падкрэсліў В.А.Лісковіч. — Нам трэба навучыць чалавека думаць, захаваць яму здароўе, прыцягнуць яго да сацыяльна карыснай працы.

Дасягненні сістэмы адукацыі Гродзеншчыны ў многіх галінах і высокі яе патэнцыял адзначыў М.У.Мірончык, які  ўручыў падзяку Міністэрства адукацыі В.А.Лісковічу. Падзякі галоўнага ўпраўлення адукацыі былі ўручаны прадстаўнікам арганізацый і ўстаноў, якія цесна супрацоўнічаюць з сістэмай адукацыі.

На пасяджэнні калегіі былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы. Сярод пераможцаў — упраўленні адукацыі Лідскага і Мастоўскага раёнаў, Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж, Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1, Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхналагічны каледж, Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яна ХВЕДЧЫНА.