Задачы ў жыцці і пра жыццё

- 12:54Сродкі навучання
Імя Віктара Мікалаевіча Хвалюка ўстойліва асацыіруецца з алімпіядамі і задачамі. Будучы дацэнтам хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдатам хімічных навук, ён шмат гадоў у школьным алімпіядным руху. Акрамя таго, з’яўляецца аўтарам і суаўтарам серыі падручнікаў і задачнікаў, метадычных дапаможнікаў па хіміі для сярэдняй школы і ўніверсітэта. Менавіта апошняе стала нагодай для нашай гутаркі. А калі больш дакладна, то гаварылі мы пра хімічныя задачы і іх значэнне ў развіцці мыслення нашых школьнікаў.
Чытаць і разумець

На рахунку майго суразмоўцы дастатковая колькасць зборнікаў задач для рознай мэтавай аўдыторыі. Але падчас нашай сустрэчы з Віктарам Мікалаевічам мы наўмысна не ўзнімалі тэму алімпіядных задач, бо яны спецыфічныя і далёка не для ўсіх навучэнцаў. Акцэнт быў зроблены на базавым узроўні. Менавіта такія задачы і змяшчаюцца ў зборніках задач для 7—10 класаў.
Над іх класіфікацыяй і размеркаваннем па зборніках Віктар Мікалаевіч працаваў разам са сваім калегай з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдатам біялагічных навук, дацэнтам кафедры біяхіміі Віктарам Ільічом Разяпкіным.
В.М. Хвалюк— Зборнік задач павінен поўнасцю адпавядаць падручніку, бо ствараецца ён у дапамогу настаўніку. Зразумела, заданні ў зборніку павінны быць рознаўзроўневыя, бо дзеці розныя. Мы стараліся ўсе нашы зборнікі зрабіць зручнымі. Яны структураваны ў адпаведнасці са зместам падручнікаў. Разам з тым ва ўсіх зборніках ёсць задачы, якія выходзяць за межы базавай праграмы. Гэта алімпіядныя задачы, лагічныя пытанні. А раптам у класе знойдуцца дзеці, якія выкажуць жаданне паспрабаваць свае сілы. Мы павінны даваць ім такую магчымасць.
Але тут жа хачу зрабіць такую заўвагу. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, якая сведчыць, што нашы навучэнцы не ўмеюць чытаць, не літаральна, канечне. Яны не разумеюць прачытанага. Сёння ў свеце праводзіцца спецыяльнае тэсціраванне, калі вучню даецца тэкст, а пасля прачытання ён павінен адказваць на пытанні, дэманструючы ступень разумення прачытанага.
Таму калі мы будзем перавыдаваць нашы зборнікі, то зменіцца характар задачы. Яна будзе больш інфармацыйна насычанай. Такую палітыку будзем развіваць і на алімпіядах. Напрыклад, замест: “Разлічыце масу атама”, у задачы з’явіцца інфармацыя, магчыма, нават лішняя, але з яе неабходна будзе выбраць тую, якая спатрэбіцца для рашэння. Вучні павінны разумець прачытанае, лагічна гэта асэнсоўваць, знаходзіць там дадзеныя, размяркоўваць іх на патрэбныя-непатрэбныя, а ўжо затым рашаць задачу.
Напрыклад, да такой катэгорыі задач можна аднесці наступную:
“Калі яшчэ не было халадзільнікаў, малако пасля дойкі кароў у вёсцы захоўвалі ў спецыяльных бляшанках у калодзежы з халоднай вадой. Праз некаторы час бляшанкі выцягвалі і аддзялялі верхні пласт малака, які выкарыстоўвалі для атрымання сметанковага масла. Што збіралася на паверхні малака? На падставе названых фактаў зрабіце выснову аб тым, чыстым рэчывам або сумессю з’яўляецца каровіна малако”.
Або такая:
“Лімонная кіслата шырока распаўсюджана ў прыродзе. Яна ўтрымліваецца ў ягадах, пладах цытрусавых, ігліцы, асабліва шмат яе ў кітайскім лімонніку і недаспелых лімонах. Упершыню яна была выдзелена ў 1784 годзе з соку недаспелага лімона шведскім аптэкарам Карлам Шэеле. Адсюль і атрымала сваю назву. У складзе малекулы лімоннай кіслаты ўтрымліваюцца 6 атамаў вугляроду, 8 атамаў вадароду і 7 атамаў кіслароду. Разлічыце, у колькі разоў малекула лімоннай кіслаты цяжэйшая за малекулу метана”.
Мы будзем імкнуцца надаваць хіміі больш канкрэтныя рысы, распавядаючы пра пэўныя паняцці, рэчывы, прадукты, працэсы. Для вучняў павінна стаць відавочным, што хімія нас суправаджае паўсюль. У падручнік часам такая інфармацыя не трапляе, бо там трэба размяшчаць больш сур’ёзны матэрыял. Новы фармат задач не заменіць падручнік, а будзе яго дапаўняць і пашыраць практычныя навыкі школьнікаў. Мы не ставім мэтай у такіх задачах даваць (тлумачыць) пэўны тэарэтычны матэрыял. Такі падыход у нас ажыццяўляецца толькі на алімпіядах, калі школьніку даецца невядомая інфармацыя, але патрэбная для рашэння алімпіяднай задачы. Такім чынам мы правяраем, наколькі алімпіяднік крэатыўны, ці здольны зразумець новы матэрыял настолькі, каб тут жа прымяніць гэта на практыцы. Але гэта ўжо найвышэйшы ўзровень, — расказаў Віктар Мікалаевіч.
Вяртаючыся да зборнікаў задач, варта адзначыць, што аўтары будавалі іх па класічным педагагічным прынцыпе: ад простага да складанага. Гэта зручна як для настаўніка, так і для вучня. Настаўнік можа паступова павялічваць нагрузку, а вучань, пераадольваючы чарговую вучэбную задачу, адчувае задавальненне ад працэсу і атрымлівае натхненне на будучыя поспехі. Для самакантролю ў канцы кожнага зборніка ёсць адказы.

“Вучэбная” птушачка

Педагогі ацанілі тое, што зборнікі задач поўнасцю суадносяцца з падручнікам. Гэта спрашчае іх дзейнасць як пры падрыхтоўцы, так і падчас урока. Сёння паняцце “вучэбна-метадычны комплекс” стала абсалютнай рэальнасцю і нашы педагогі вельмі задаволены, калі падучнік ідзе ў суправаджэнні зборніка, рабочага сшытка і кнігі для настаўніка. У нашай размове з Віктарам Мікалаевічам зайшла гаворка пра рабочы сшытак, дакладней, пра яго ганебны ўплыў на развіццё мыслення школьніка.
— Канечне, наяўнасць такога сшытка аблягчае работу настаўніка. Яму лягчэй пракантраляваць, прадыягнаставаць веды вучня. Але давайце на гэты сшытак паглядзім з іншага боку. Калі дзіця бярэ ў рукі ручку і піша назву лабараторнай работы, яе тэму, думае, што напісаць спачатку, што ў сярэдзіне і чым закончыць, то ў яго працуюць усе разумовыя працэсы. Каб напісаць сказ, трэба падумаць, у якім парадку размясціць словы, а затым сказы трэба аб’яднасць паміж сабой. Вось такім шляхам і фарміруецца лагічнасць і паслядоўнасць у думках дзіцяці.
А ў рабочых сшытках ці сшытках для лабараторных работ вучні проста ставяць птушачку. Гэтымі сшыткамі мы пазбаўляем дзіця развіцця, а школа ў першую чаргу павінна развіваць. Дзеці павінны ўмець думаць, аналізаваць, параўноўваць. Я не гавару, што ад гэтых сшыткаў трэба ўвогуле адмовіцца. У некаторых выпадках яны патрэбны. Але сёння зварот да іх масавы. І гэта адна з прычын таго, што сучасныя дзеці развучыліся чытаць. Праблема насамрэч сур’ёзная і патрабуе даследавання.
Як, зрэшты, і такая з’ява, як рашэбнікі, якія становяцца проста бядой, з якой немагчыма змагацца. Калі толькі ў гэтую барацьбу не ўступіць дзяржава. Мы некалі з В.І.Разяпкіным таксама выпусцілі нешта накшталт рашэбнікаў, але там быў іншы падыход: школьнік не павінен проста перапісаць рашэнне задачы. Гэта павінен быць такі своеасаблівы метадычны матэрыял, які дапамагае разабрацца з тэмай і задачай. Не сакрэт, што сёння іншым разам і настаўнікі не могуць рашыць пэўных задач, таму і ім трэба дапамагаць (падтрымаць аўтарытэт і імідж сярод сваіх вучняў). Зноў-такі не прамым рашэннем задачы, а тлумачальным матэрыялам. Таму нашы так званыя рашэбнікі больш нагадвалі кнігі для настаўнікаў.
А выпуск сённяшніх рашэбнікаў трэба нейкім чынам кантраляваць і, магчыма, не дапускаць у свабодны доступ для вучняў і іх бацькоў, — лічыць Віктар Мікалаевіч.
Па меркаванні майго суразмоўцы, прыродазнаўчыя дысцыпліны без рашэння задач ніколі не засвоіш. Насамрэч меркаванне бясспрэчнае, бо задачнік — гэта праверка таго, наколькі ты зразумеў тэорыю і можаш прымяніць яе на практыцы. Варыянтаў задач вельмі шмат. Можна камбінаваць, перастаўляць, але рашэнне знайсці патрэбна. Усё як у рэальным жыцці: узнікае праблема, і табе неабходна знайсці ўмовы і спосаб яе вырашэння, прааналізаваць вынікі. Атрымліваецца цэлая мадэль, як і ў хімічнай задачы.
Задачы Віктара Мікалаевіча таксама вызначаюцца жыццёвасцю:
“Надпіс “20%-ная” на слоічку са смятанай азначае, што масавая доля тлушчу ў ёй складае 20 %. Разлічыце масу тлушчу, які вы спажываеце, калі з’ядаеце 5 чайных лыжак смятаны, якія змяшчаюць у сярэднім па 10 г гэтага малочнага прадукту”.
***
“Для падрыхтоўкі цукровага сіропу ў вадзе аб’ёмам 3,0 дм3 растварылі пры награванні цукар масай 1,0 кг. Затым з атрыманай сумесі выпарвалі ваду да тых часоў, пакуль маса сіропу не зменшылася ў два разы ў параўнанні з пачатковай. Разлічыце масавую долю цукру ў атрыманым цукровым сіропе”.
***
“Чаму роўная маса малака з тлустасцю (г.зн. масавай доляй тлушчу) 3,20%, неабходнага для атрымання сметанковага масла масай 200 кг з тлустасцю 82,5 %?”

Любы кантроль — элемент навучання

Так, у жыцці кожнаму з нас даводзіцца рашаць безліч праблем, але паспяховасць іх вырашэння напрамую залежыць ад тых матэматычных, фізічных і хімічных алгарытмаў, якія ўсе мы некалі спасцігалі яшчэ школьнікамі. Канечне, у кожнага свае магчымасці для запамінання інфармацыі, але ў фарміраванні добрай памяці ў старэйшага пакалення актыўна ўдзельнічалі некалі іх настаўнікі, кантралюючы яе сваімі педагагічнымі шляхамі. Мы ўвесь час паўтаралі і замацоўвалі вывучанае самастойнымі і кантрольнымі работамі.
Канечне, сённяшнія настаўнікі кантралюючую функцыю выконваюць, але ў выніку на цэнтралізаваным тэсціраванні нашы выпускнікі масава не набіраюць высокія балы. Праблема — у аб’ектыўнасці кантролю. Як адзначыў Віктар Мікалаевіч, можна 5 гадоў выкладаць хімію, а пасля ў 11 класе зразумець, што для некаторых вучняў яны прайшлі проста бясследна, бо некалі ў 7 класе школьнікі не зразумелі, што такое атам. За рэдкім выключэннем дзіця адразу прызнаецца настаўніку, што нічога не зразумела. Гэта ўжо псіхалогія: калі ўсе ў класе ўсё зразумелі, як я магу сказаць, што нечага не зразумеў?
— У плане ацэньвання з настаўнікамі трэба працаваць. Яшчэ і яшчэ раз прапрацоўваць крытэрыі ацэнкі. Здараецца, што “дзясятка”, атрыманая ў адной школе, і “шасцёрка”— у другой, па сваёй сутнасці раўназначныя адзнакі. Насамрэч, адзнака павінна несці інфармацыю, а яна пакуль у поўнай меры сваю функцыю не выконвае. Павінна быць не толькі ўнутранае (у межах сваёй школы) ацэньванне дзіцяці, але і знешняе, — лічыць В.М.Хвалюк.
Любы кантроль з’яўляецца элементам навучання. І, дарэчы, рашэнне задачы — адна з аб’ектыўных форм кантролю, асабліва калі заданні ўвесь час ускладняюцца. Вось як гэтыя:
“Памеры атамаў вельмі малыя, і іх можна ўбачыць толькі ў магутныя сучасныя неаптычныя мікраскопы. Так, напрыклад, радыус атама жалеза складае 1,27 • 10-10 м. Якой даўжыні атрымаецца ланцужок, калі ўсе атамы жалеза, якія змяшчаюцца ў жалезнай кнопцы масай 650 мг, пакласці ў адну лінію? У колькі разоў даўжыня гэтай лініі большая, чым адлегласць ад Мінска да Масквы, роўная прыкладна 700 км?”
***
“Самай выбітной знаходкай у кургане Салоха з’яўляецца залаты грэбень, які ляжаў каля галавы скіфскага цара. Дзевятнаццаць чатырохкантовых зуб’яў злучаныя фрызам з фігур львоў, якія ляжаць. Пад ім размешчана скульптурная група трох воінаў-змагароў. Яго вышыня складае 12,3 см, шырыня — 10,2 см, маса — 294 г. Разлічыце колькасць атамаў золата ў грэбні. Якую б масу меў аналагічны грэбень, зроблены з медзі, які змяшчае столькі ж атамаў, колькі і залаты?”
***
“Тры лабаранты праводзілі аналіз невядомага бінарнага злучэння магнію масай 0,800 г. Аказалася, што атрыманыя імі вынікі адрозніваюцца паміж сабой і адпаведна роўныя:
а) 0,48 г Mg;
б) 0,42 г Mg;
в) 0,36 г Mg.
Які з аналізаў праведзены правільна і чаму? Патлумачце свой адказ разлікам”.

Дарэчы, усе гэтыя задачы адрасаваны сямікласнікам, але, як неаднаразова падчас гаворкі падкрэсліваў Віктар Мікалаевіч, усе дзеці розныя, таму і да іх навучання трэба падыходзіць дыферэнцыравана.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.