Заданні па будаўніцтве аб’ектаў дзяржпраграмы павінны быць выкананы

- 11:32Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Заказчыкам Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2016 год неабходна прадоўжыць работу па адшуканні дадатковых крыніц фінансавання на будаўніцтва аб’ектаў. Адпаведнае даручэнне даў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

“З улікам неабходнасці збалансавання расходаў рэспубліканскага бюджэту цяпер праводзіцца работа па аптымізацыі расходаў праграмы. Заказчыкам неабходна прадоўжыць работу па адшуканні іншых дадатковых крыніц фінансавання на будаўніцтва аб’ектаў”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён канстатаваў, што праграма бягучага года фарміравалася ва ўмовах абмежаванасці бюджэтных расходаў, што прымусіла прыпыніць фінансаванне будаўніцтва шэрага ўключаных у яе аб’ектаў. Разам з тым па праграме прадоўжана будаўніцтва і рэканструкцыя 99 стратэгічна важных і сацыяльна значных для рэспублікі аб’ектаў, з якіх 36 планавалася ўвесці ў эксплуатацыю ў бягучым годзе. На фінансаванне першапачаткова было прадугледжана Br458,5 млн.

“У цэлым праграма рэалізоўваецца здавальняюча — пры запланаваных да ўводу за 8 месяцаў 2016 года 6 аб’ектах уведзена ў гэтым перыядзе 9 аб’ектаў, у тым ліку 3 датэрмінова”, — сказаў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, у студзені— жніўні на будаўніцтва аб’ектаў накіравана каля Br250 млн.

Пры гэтым прэм’ер-міністр адзначыў, што па 12 уводзімых аб’ектах дапушчана адставанне ад графікаў будаўніцтва. “Адказным службовым асобам неабходна неадкладна прыняць меры па ліквідацыі адставання. Сёння яшчэ ёсць час для выпраўлення існуючай сітуацыі. Мы павінны быць упэўнены, што даведзеныя заданні на 2016 год будуць выкананы ў поўным аб’ёме”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Акрамя таго, ёсць выпадкі празмернасці пры праектаванні і будаўніцтве аб’ектаў, што прыводзіць да неабгрунтаванага павелічэння кошту будаўніцтва. “Ва ўрадзе пад кіраўніцтвам намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна працуе спецыяльная камісія, якая строга спыняе гэтыя спробы, а таксама яшчэ на пачатковай стадыі праектавання адсочвае прымяненне ў праектах айчынных будматэрыялаў і абсталявання”, — сказаў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, нявырашаным застаецца пытанне кансервацыі прыпыненых будаўніцтвам аб’ектаў. “Для забеспячэння захаванасці такіх аб’ектаў неабходна прыняць дзейсныя меры па адшуканні на гэтыя мэты сродкаў”, — паставіў задачу прэм’ер-міністр.