Задаць тон палітычнай актыўнасці

Амаль месяц застаецца да значнай палітычнай падзеі ў жыцці нашага грамадства — выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як праходзіць сёння выбарчая кампанія, як будзе адбывацца працэс рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, як праходзіць міжнароднае назіранне — аб усім гэтым і многім іншым старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Міхайлаўна Ярмошына расказала на сустрэчы з супрацоўнікамі Міністэрства адукацыі на чале з міністрам адукацыі М.А.Жураўковым. На некаторыя пытанні Л.М.Ярмошына адказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

— Лідзія Міхайлаўна, як прайшоў першы этап выбарчай кампаніі? Як будзе праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты?
— На першым этапе выбараў нашымі тэрытарыяльнымі камісіямі праведзена вельмі складаная работа па праверцы дакладнасці подпісаў, прадстаўленых ад ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты. Усе тыя прэтэндэнты ў кандыдаты, якія сабралі 100 тысяч подпісаў, падалі заявы аб згодзе балаціравацца кандыдатамі ў прэзідэнты, а таксама прадставілі дэкларацыю аб асабіста сваіх даходах і маёмасці і сваёй сям’і, копіі дыпломаў аб адукацыі, анкеты, неабходныя даведкі і выпіскі з працоўных кніжак, увогуле ўсё тое, што пацвярджае права кандыдата ўдзельнічаць у выбарах.
На гэтых днях на пасяджэнні цэнтральнай камісіі будуць падведзены вынікі правядзення першага этапу выбарчай кампаніі і разгледжаны пытанні аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Кіраўнікамі абласных выбарчых камісій будуць прадстаўлены падрабязныя даклады па выніках праверкі подпісаў, і на аснове гэтага цэнтральная камісія прыме рашэнне аб рэгістрацыі альбо адмове ў рэгістрацыі таго ці іншага кандыдата. Акрамя таго, будзе праведзена рэгістрацыя давераных асоб кандыдатаў у прэзідэнты. ЯрмошынаНапрыклад, спіс давераных асоб кандыдата ў прэзідэнты А.Р.Лукашэнкі ўжо прадстаўлены ў Цэнтральную выбарчую камісію, і іх рэгістрацыя будзе праведзена на яе пасяджэнні. Таксама будзе праведзена жараб’ёўка тэлевізійнага і радыйнага часу паміж кандыдатамі ў прэзідэнты, і яны будуць азнаёмлены з парадкам правядзення запісу тэледэбатаў. З гэтага моманту і пачнецца перыяд перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў. Хачу адзначыць, што ўсе дакументы, якія тычацца выбарчай кампаніі, — гэта дакументы вечнага захавання, гэта гісторыя нашай краіны, і да іх захаванасці і дакладнасці трэба паставіцца з самай вялікай адказнасцю.

— Раскажыце, калі ласка, якія формы перадвыбарнай агітацыі могуць выкарыстоўваць кандыдаты ў прэзідэнты.
— У першую чаргу гэта прадастаўленне кандыдатам на бязвыплатнай аснове сродкаў масавай інфармацыі. Яны могуць апублікаваць свае перадвыбарныя праграмы ў дзяржаўных друкаваных выданнях — газетах “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, “Народная газета” і “Звязда”. Для Мінска можна выкарыстоўваць газету “Минский курьер”, а ў рэгіёнах — цэнтральныя абласныя газеты, заснаваныя аблвыканкамамі і абласнымі Саветамі дэпутатаў. У час правядзення папярэдніх выбараў дзейнічала правіла аб тым, што кандыдат у прэзідэнты для сваёй агітацыі можа выбраць любую дзяржаўную газету і яна абавязана апублікаваць яго перадвыбарную праграму. Цяпер гэтага няма, і пералік газет, якія абавязаны гэта зрабіць, як бачна, строга абмежаваны. Усе астатнія выданні, у тым ліку ваша профільнае выданне “Настаўніцкая газета”, могуць друкаваць праграмы кандыдатаў у прэзідэнты толькі на платнай аснове альбо ад гэтага адмовіцца, калі публікаванне перадвыбарнай праграмы таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты не адпавядае рэдакцыйнай палітыцы выдання. Але гэты адказ павінен быць скіраваны ў бок усіх кандыдатаў у прэзідэнты.
Публікавацца ў СМІ на платнай аснове кандыдаты могуць дзякуючы сродкам асабістых фінансавых фондаў, якія яны пачалі адкрываць яшчэ ў перыяд збору подпісаў. Кожны з іх мае права акумуляваць на сваім рахунку да 9 тысяч базавых велічынь, што складае 1 млрд 620 млн рублёў.
Акрамя таго, для перадвыбарных тэледэбатаў кандыдаты могуць выкарыстоўваць бясплатна наша тэлебачанне. Таксама яны маюць магчымасць правесці сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на адкрытых пляцоўках у спецыяльна адведзеных месцах. Як бачна, у час выбараў праводзіцца ліберальная палітыка для агітацыйнай работы ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты.

— Лідзія Міхайлаўна, як вядома, назіраць за выбарчай кампаніяй будуць дзве міжнародныя місіі — АБСЕ і СНД. Колькі назіральнікаў ужо зарэгістравана і чым яны сёння займаюцца?
— Што тычыцца колькасці міжнародных назіральнікаў, то на сёння іх 142. 70 з іх ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў, 24 — ад Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД, 48 — ад АБСЕ. Штотыднёва назіральнікі АБСЕ наведваюць цэнтральную камісію з мэтай адсочвання зваротаў нашых грамадзян, якія паступілі ў камісію. Заўважу, што гэта тычыцца толькі тых зваротаў, якія маюць адносіны да правядзення выбарчай кампаніі, іншыя, якія не звязаны з гэтай падзеяй, назіральнікі не разглядаюць. Таму хачу звярнуцца да нашых грамадзян, якія лічаць, што міжнародныя назіральнікі будуць вырашаць іх асабістыя пытанні, што яны памыляюцца ў гэтым і іх скаргі не будуць разглядацца міжнароднымі назіральнікамі.
Заўважу, што ўсе назіральнікі працуюць незалежна ад цэнтральнай камісіі і іншых камісій. Пакуль якіх-небудзь прамежкавых справаздач па выніках назіранняў за выбарчай кампаніяй ніводная назіральная місія не прадстаўляла. Усе яны, у прыватнасці назіральнікі АБСЕ, плануюць гэта зрабіць у сярэдзіне верасня. Пры гэтым з іх боку не мяркуецца даваць нейкія свае ацэнкі выбараў. Яны будуць прадстаўляць толькі тыя аб’ектыўныя факты, якія маюць значэнне перш-наперш для тых, хто гэтыя місіі сфарміраваў.
Адносна нацыянальных назіральнікаў, то іх акрэдытавана ў краіне 4195 чалавек. Пры гэтым самая значная частка — 935 чалавек — гэта прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Перш-наперш найбольш прадстаўнічымі з іх з’яўляюцца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, “Белая Русь”, БРСМ, Беларускі саюз ветэранаў. Што тычыцца палітычных партый, то іх прадстаўнікоў сярод назіральнікаў 185 чалавек, прычым самая вялікая колькасць назіральнікаў прадстаўлена Камуністычнай партыяй Беларусі.
Пры тым, што пастаянным месцам пражывання міжнародных назіральнікаў з’яўляецца Мінск, яны раз’язджаюцца па ўсёй краіне, дзе ў рэгіёнах наведваюць абласныя і раённыя цэнтры, буйныя гарады Беларусі. Іх цікавіць, як у навучальных установах вядзецца работа па арганізацыі правядзення выбараў, як будуць абсталяваны выбарчыя ўчасткі, як складаюцца выбарчыя камісіі. Акрамя таго, міжнародныя назіральнікі выказалі жаданне сустрэцца з кіраўніцтвам рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый, у тым ліку з Беларускім саюзам жанчын, з кіраўнікамі навучальных устаноў. Назіральнікі будуць адсочваць публікацыі ў нашых СМІ, правядзенне тэледэбатаў на Беларускім тэлебачанні.
У хуткім часе да нас прыедзе дэлегацыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Прыняць гэтую дэлегацыю — гэта наша добрая воля, бо Беларусь не з’яўляецца членам гэтай арганізацыі. Але з улікам яе цікавасці да выбарчай кампаніі прынята рашэнне зарэгістраваць яе назіральнікаў. Хачу адзначыць, што мы павінны праявіць максімальную адкрытасць у прадастаўленні інфармацыі міжнародным назіральнікам.

Лідзія Міхайлаўна, ці сфарміраваны ўжо ўчастковыя камісіі? Хто ў іх складзе?
— Ужо створана 6080 участковых камісій. Пры іх фарміраванні перш-наперш улічваліся такія крытэрыі, як вопыт удзелу члена камісіі ў папярэдніх выбарчых кампаніях, актыўная грамадзянская пазіцыя, аўтарытэт у працоўных калектывах і па месцы жыхарства. Традыцыйна ў склад участковых камісій увайшла большасць нашых жанчын — яны складаюць 71,5% ад агульнай колькасці членаў камісіі. Грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў складаюць 8,7%. Амаль палова складу ўчастковых камісій — гэта прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку 4,4% — ад палітычных партый. Найбольшую колькасць членаў участковых камісій прадстаўляюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, “Белая Русь”, Беларускі саюз жанчын. У прафесійным плане большасць складаюць нашы педагогі, і гэта зразумела. Большая частка ўчастковых камісій сфарміравана ў навучальных установах, і што самае важнае — нашы педагогі з’яўляюцца самымі галоўнымі ідэолагамі і палітычна свядомымі грамадзянамі нашай краіны.
На дадзены момант найбольш задзейнічаны ў выбарчай кампаніі старшыні ўчастковых камісій. Найпершая іх задача — да 25 верасня скласці дакладныя спісы выбаршчыкаў і прыняць усе неабходныя захады, накіраваныя на абсталяванне выбарчага ўчастка.

— Як вы ацэньваеце ўзровень актыўнасці ў выбарчай кампаніі нашай моладзі?
— Трэба сказаць, што моладзь, на жаль, не вызначаецца асаблівай палітычнай актыўнасцю, і ў выбарчых кампаніях яна, як правіла, удзельнічае дрэнна. Гэта характэрна і для іншых краін. Напэўна, гэта звязана з тым, што маладыя людзі не заўсёды цалкам разумеюць важнасць гэтага працэсу, не зусім палітычна свядомыя і больш заняты сваім асабістым жыццём. Пацвярджэннем гэтага стала змяншэнне колькасці моладзі да 30 гадоў у складзе дэпутацкага корпуса мясцовых саветаў, у складзе выбарчых камісій. Але тым не менш моладзь была і застаецца адной з асноўных частак нашага грамадства, гэта сапраўды вялікі пласт выбаршчыкаў, і ад таго, як маладыя людзі будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі, як будуць праяўляць сваю зацікаўленасць гэтым працэсам, і будзе залежаць наша будучыня.
Сёння я пазітыўна ацаніла б у гэтым дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, іншых маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Але ж у большасці выпадкаў у гэтым працэсе больш задзейнічаны функцыянеры, а наколькі ахоплена звычайная моладзь, цяжка сказаць. Каб павысіць актыўнасць нашай моладзі, у першую чаргу наша Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва навучальных устаноў павінна задаць гэтаму тон, больш цесна ўзаемадзейнічаць з моладдзю, асабліва са студэнцтвам. Вельмі важна пры гэтым не прымяняць нейкія меры пакарання, а весці актыўную растлумачальную работу. Увогуле, выхоўваць палітычны дух маладых людзей, іх грамадзянскую пазіцыю трэба з маленства, на працягу ўсяго іх жыцця — тады гэтыя рысы трывала замацуюцца ў характары нашай моладзі.
Адзначу моманты, якія тычацца галасавання студэнцкай моладзі. Як вядома, падставай для ўключэння ў спіс выбаршчыкаў з’яўляюцца даныя пастаяннай альбо часовай рэгістрацыі грамадзяніна па месцы пражывання. Улічваючы тое, што студэнты зарэгістраваны па адміністрацыйных карпусах навучальных устаноў, яны павінны прагаласаваць па месцы вучобы. Для маладых людзей будзе немагчымым удзельнічаць у выбарах па месцы жыхарства сваіх бацькоў у іншым населеным пункце, таму што ў спісах выбаршчыкаў іх там не будзе. Прытым што студэнты, як правіла, на выхадныя дні ад’язджаюць да сваіх бацькоў, мэтазгодна далучыць іх да працэдуры датэрміновага галасавання напярэдадні выхадных дзён. Для гэтага кіраўніцтва навучальных устаноў павінна правесці неабходную работу і дакладна вызначыць, дзе і як будуць галасаваць іх студэнты.

Інтэрв’ю ўзяла
Ала КЛЮЙКО.