У рамках рэалізацыі плана сумесных мерапрыемстваў асацыяцыі “БАМАП” і Міністэрства адукацыі па ўдасканаленні падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў ва ўстановах адукацыі на найбліжэйшыя гады быў праведзены круглы стол з удзелам прадстаўнікоў адукацыйнай галіны: супрацоўнікаў галіновага міністэрства, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, кіраўнікоў навучальных устаноў, прадстаўнікоў транспартнай галіны: работнікаў асацыяцыі “БАМАП”, кіраўнікоў транспартных арганізацый. У размове прыняў удзел намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу А.І.Сягоднік.
“Адзін пояс — адзін шлях”
Апошнія гады наглядным прыкладам узаемадзеяння рэальнага сектара эканомікі і прафесійнай адукацыі, сістэмнай зацікаўленай работы, калі заказчык першы ініцыіруе падрыхтоўку кадраў і прадастаўляе неабходныя рэсурсы для навучальных устаноў, з’яўляецца цесная і ўжо непарыўная сувязь паміж асацыяцыяй “БАМАП” і ўстановамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны. Штогод абодва бакі падводзяць вынікі сваёй сумеснай дзейнасці на працягу навучальнага года і вызначаюць новыя кірункі ўдасканалення падрыхтоўкі кадраў для транспартнай галіны.
Як правіла, вядзецца абмеркаванне некалькіх асноўных пытанняў: арганізацыя і правядзенне вучэбнага працэсу і абнаўленне яго зместу з улікам запатрабаванняў рынку працы, абнаўленне вучэбна-матэрыяльнай базы навучальных устаноў, павышэнне кваліфікацыі педагагоў, арганізацыя вучэбнай практыкі і працаўладкаванне выпускнікоў.
Хаця падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў вядзецца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўжо шмат гадоў, праблема недахопу кадраў у транспартнай галіне па-ранейшаму застаецца актуальнай. Па словах М.І.Баравога, старшыні асацыяцыі “БАМАП”, кадравая палітыка ў транспартнай галіне патрабуе павелічэння колькасці вадзіцеляў міжнародных перавозак з улікам развіцця гэтай сферы. Важнасць транспартнай галіны і яе развіццё ў святле пастаўленых прэзідэнтам краіны задач, інавацыйны падыход патрабуюць рэалізацыі новых напрамкаў у падрыхтоўцы кадраў для транспартнай галіны: як вадзіцеляў, так і кіраўнікоў транспартных арганізацый і пунктаў абслугоўвання аўтамабіляў. Сёння вялікія задачы на перавозку грузаў, транспартную лагістыку ўскладае кожная краіна. Пры гэтым узнікае канкурэнцыя, хто з краін засвоіць найбольшыя аб’ёмы перавозак, у тым ліку міжнародных. Таму немагчыма заставацца ў баку ад гэтых працэсаў і нашай краіне. Трэба шукаць сваё месца, займаць сваю паўнавартасную нішу на рынку транспартных паслуг і ўтрымацца ў ёй. На развіццё транспартнай галіны, павелічэнне парка цяжкагрузных аўтамабіляў і колькасці вадзіцеляў уплываюць новыя праекты, якія сёння рэалізоўваюцца нашай краінай на міжнародным узроўні. Прыкладам гэтага стала нядаўняя сустрэча нашага прэзідэнта з кіраўніцтвам Кітайскай Народнай Рэспублікі, каб абмеркаваць канцэпцыю мегапраекта “Адзін пояс — адзін шлях”. Гэты праект накіраваны на аб’яднанне намаганняў дзвюх краін у пытанні стварэння і выкарыстання транспартных камунікацый, марскіх і аўтадарожных шляхоў, якія будуць накіраваны на арганізацыю гандлю паміж краінамі. Інвестыцыі па розных ацэнках могуць дасягаць 3 млрд долараў. Каля 10% гандлёвага абароту, які будзе існаваць у рамках гэтага праекта, будзе праходзіць праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Жамчужынай праекта “Адзін пояс — адзін шлях” з’яўляецца стварэнне індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, які будзе размяшчацца паблізу Мінска. Гэты праект з’яўляецца прыкладам укаранення нанатэхналогій, інавацыйных падыходаў, у тым ліку ў транспартнай галіне, што абавязвае сістэму прафесійнай адукацыі і заказчыкаў кадраў паставіцца да падрыхтоўкі кадраў з вялікай адказнасцю і рыхтаваць такія кадры для транспартнай сферы, каб яны цалкам адпавядалі сённяшнім запытам нашай эканомікі.
Аўтамабіль, які кантралюе… вадзіцеля
— З улікам таго, што сёння імкліва мяняецца аўтамабільная тэхніка для міжнародных перавозак і на трасу выходзяць нават такія аўтамабілі, якія здольны тэсціраваць работу вадзіцеля за рулём, то і падрыхтоўка будучых вадзіцеляў павінна быць адпаведная, — заявіў М.І.Баравы. — Бясспрэчна, сёння яна павінна насіць апераджальны, інавацыйны характар, каб імкліва, адэкватна рэагаваць на сучасныя запыты транспартнай сферы.
Адным з асноўных дакументаў, які рэгулюе ўзаемадзеянне паміж навучальнымі ўстановамі і работадаўцамі, з’яўляецца План сумесных мерапрыемстваў — асацыяцыі “БА МАП” і Міністэрства адукацыі па ўдасканаленні падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў ва ўстановах адукацыі.
А.М.Мацюшонак, намеснік начальніка ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі, паведаміў, што гэта чарговы план сумесных дзеянняў, які рэалізоўваецца з мэтай удасканалення падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў. План носіць комплексны характар і ўключае ўзаемазвязаныя пытанні, якія тычацца зместавага насычэння адукацыйнага працэсу, узаемасувязі з заказчыкамі кадраў, прафарыентацыйнай работы, навукова-метадычнага забеспячэння падрыхтоўкі кадраў, стварэння ўмоў для вытворчай практыкі, стажыровак выкладчыкаў, працаўладкавання выпускнікоў. Пастаянна вядзецца работа па ўдакладненні колькасці кадраў, неабходных для транспартнай галіны. Усе навучальныя ўстановы заключылі дамоўленасці з заказчыкамі кадраў аб сумесных дзеяннях. Праводзіцца работа па павелічэнні колькасці базавых арганізацый. З мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў перапрацавана і зацверджана новая вучэбна-праграмная дакументацыя, выдадзены вучэбны дапаможнік “Устройства і эксплуатацыя аўтамабіляў для міжнародных перавозак”. Базавыя прадпрыемствы забяспечваюць месцы для практыкі навучэнцаў, у выніковай атэстацыі прымаюць удзел кваліфікаваныя спецыялісты транспартных прадпрыемстваў, пастаянна аказваецца спонсарская дапамога ўстановам адукацыі для развіцця вучэбна-матэрыяльнай базы. Навучальным установам базавікі перадаюць вузлы і механізмы аўтамабільнай тэхнікі, вучэбную і дапаможную літаратуру. У Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “БАМАП-ВЕДЫ” для выкладчыкаў спецдысцыплін устаноў прафесійнай адукацыі рэгулярна арганізоўваюцца практыка-арыентаваныя вучэбныя курсы. Вельмі актуальнымі сёння з’яўляюцца арганізацыя і правядзенне прафарыентацыйнай работы, якая не можа абысціся без удзелу транспартнікаў.
Патрабуе Хартыя якасці
Усе гэтыя захады накіраваны на развіццё кадравага патэнцыялу транспартнай сферы, павышэнне якасці падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў як асабліва важных патрабаванняў Хартыі якасці Міжнародных аўтамабільных грузавых перавозак у сістэме шматбаковай Квоты ЕКМТ. Сёння Хартыя якасці вызначае еўрапейскія патрабаванні да падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў, накіраваныя на гарантаванне ў першую чаргу бяспекі руху і здароўя вадзіцеля, а таксама на экалагічнасць перавозак, выкананне міжнародных норм у рэжыме працы і адпачынку.
— Наша арганізацыя працуе на рынку транспартных паслуг ужо больш за 20 гадоў, — паведаміў С.К.Вярцінскі, дырэктар Пастаўскай транспартнай арганізацыі.— За гэты час істотна змяніўся парк нашай арганізацыі, мы набылі сучасныя аўтацягнікі, змяніліся маршруты перавозкі грузаў. Безумоўна, усе гэтыя змяненні патрабуюць перамен і ў падрыхтоўцы вадзіцеляў цяжкагрузных аўтамабіляў. Калі раней мы больш увагі звярталі на тэхнічны складнік навучання, каб вадзіцель дасканала ведаў устройства аўтамабіля і мог яго, калі спатрэбіцца, сам адрамантаваць, то сёння сучасны вадзіцель толькі кіруе аўтамабілем, а займаюцца рамонтам, дыягнастуюць электроннае начынне аўтамабіля механікі сэрвісных цэнтраў.Задача самога вадзіцеля — правільная эксплуатацыя аўтамабіля, якая ўключае эканомны расход паліва, бяспеку на дарозе, зберажэнне шын, уменне працаваць з дакументамі, суправаджаючымі груз, веданне Мытнай канвенцыі аб міжнароднай перавозцы грузаў з прымяненнем кніжкі МДП, шэрага іншых дакументаў. І, безумоўна, немагчыма ўявіць вадзіцеля-міжнародніка без ведання замежнай мовы.
— Вельмі важна пры навучанні будучых вадзіцеляў звяртаць увагу не толькі на іх прафесійны ўзровень, — зазначыў С.К.Вярцінскі. — Паралельна з гэтым трэба выхоўваць у маладых людзей такія якасці, як беражлівасць, адказнасць, грамадзянская пазіцыя.
— Усе пытанні падрыхтоўкі кадраў мы пастаянна абмяркоўваем з нашым базавым прадпрыемствам, — адзначыў дырэктар Пастаўскага дзяржаўнага каледжа М.М.Лысёнак. — Мы сумесна ўзгадняем вучэбныя планы і праграмы, праводзім экскурсіі на прадпрыемства, знаёмім навучэнцаў і педагогаў з вытворчай базай транспартнай арганізацыі, уладкоўваем на практыку нашых навучэнцаў.
Вельмі важнай у падрыхтоўцы кадраў з’яўляецца прафесійная падрыхтаванасць педагагічных работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў. К.А.Княжэвіч, выкладчык абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя Дзяржынска, паведаміла, што каштоўнасць курсаў, якія праводзяцца на базе цэнтра “БАМАП-ВЕДЫ”, вызначаецца тым, што гэтыя курсы накіраваны на набыццё педагогамі вопыту практычнай дзейнасці, звязанай з вывучэннем дакументацыі непасрэдна на мытных пунктах, устройства і эксплуатацыі аўтамабіляў на станцыях тэхнічнага абслугоўвання і ў дылерскіх цэнтрах. У сваю чаргу цэнтр “БАМАП-ВЕДЫ” забяспечвае педагогаў, якія прыязджаюць на курсы, камплектам вучэбна-метадычнай літаратуры, нагляднымі матэрыяламі, відэапрэзента-цыямі. Тэматыка курсаў фарміруецца з улікам жаданняў саміх выкладчыкаў згодна з найбольш складанымі і спецыфічнымі тэмамі.
У працяг размовы пра павышэнне кваліфікацыі педагогаў М.В.Ільін, прарэктар РІПА, засяродзіў увагу на тым, што цэнтр “БА МАП -ВЕДЫ” павінен задаваць тон у падрыхтоўцы кадраў для транспартнай галіны, працаваць на апярэджанне, а гэта значыць, надаваць павышэнню кваліфікацыі выкладчыкаў спецдысцыплін новыя, сучасныя рысы, прыўносіць больш эфектыўныя формы работы, скіроўвацца на засваенне ведаў непасрэдна на практыцы. У сваю чаргу педагогі, якія прайшлі вучэбныя курсы, павінны данесці атрыманы багаж ведаў да ўсяго калектыву навучальнай установы, зрабіць яго дасягненнем сваіх калег. Для гэтага можна выкарыстоўваць прэзентацыі, майстар-класы, адкрытыя ўрокі і семінары.
А.М.Пятрова, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА, расказала пра абнаўленне структуры спецыяльнасцей і кваліфікацый прафесійнай адукацыі ў адпаведнасці з новым Агульнадзяржаўным класіфікатарам відаў эканамічнай дзейнасці. Гэта тычыцца і спецыяльнасці вадзіцеля-міжнародніка, у склад якой дададзены новыя кваліфікацыі манціроўшчыка шын, шынапнеўматычных муфт і кузаўшчыка. Згодна з гэтым, пашыраюцца магчымасці інтэграцыі кваліфікацый тых спецыяльнасцей, у якіх супадае прафесійны кампанент. Абнаўленне структуры спецыяльнасці вадзіцеля-міжнародніка праводзіцца разам з НДІ транстэхнікі і цэнтрам “БАМАП-ВЕДЫ”.
“Прафесія даўжынёй у жыццё”
Т.І.Голуб працуе выкладчыкам спецпрадметаў Уздзенскага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і з’яўляецца кіраўніком творчай групы ліцэя па навукова-метадычным забеспячэнні прафесійна-тэхнічнай адукацыі па кваліфікацыі “вадзіцель аўтамабіля (міжнародныя перавозкі)”.
— Для нашага ліцэя, як і для любой іншай навучальнай установы, найважнейшым напрамкам дзейнасці з’яўляецца прафарыентацыйная работа, якая вядзецца ў цесным кантакце з базавымі арганізацыямі, — адзначыла Таццяна Іванаўна. — Пастаяннае пашырэнне арсенала сродкаў і метадаў, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, дазваляе сфарміраваць цэлы прафарыентацыйны комплекс, прысвечаны прафесіі вадзіцеля-міжнародніка. У яго ўваходзяць прэзентацыйны відэаролік “Прафесія даўжынёй у жыццё”, партфоліа “Усе грані адной прафесіі”, выступленні перад моладдзю прафесійных вадзіцеляў-міжнароднікаў, інфармацыйныя матэрыялы для СМІ, сайта ліцэя, буклеты, лістоўкі, выступленні агітбрыгады. Сутнасць работы, якая праводзіцца, не зводзіцца толькі да таго, каб зацікавіць і прыцягнуць навучэнцаў. Не менш важная задача — сфарміраваць праўдзівае ўяўленне аб рабоце вадзіцеляў цяжкагрузных аўтамабіляў, каб пазбегнуць прыходу ў прафесію выпадковых людзей.
Аб гэтым гаварыў і В.П.Ложачнік, выканаўчы дырэктар ААТ “Оствесттранскар”. Ён нагадаў, што сёння набор навучэнцаў на вадзіцеля-міжнародніка вядзецца на аснове сярэдняга бала пасведчання аб адукацыі за 9 класаў. А гэта недасканалы спосаб адабраць на прафесію менавіта матываваных падлеткаў, якія мараць працаваць вадзіцелямі-міжнароднікамі. А гэтая мэтанакіраванасць тут вельмі дарэчы, таму што за руль цяжкагрузнага аўтамабіля малады чалавек сядзе толькі пасля 21 года. На думку Вячаслава Пятровіча, было б мэтазгодным увесці тэсціраванне абітурыентаў пры паступленні.
Акрамя таго, з боку кіраўніцтва навучальных устаноў, якія рыхтуюць кадры для транспартнай галіны, гучалі прапановы, каб асацыяцыя “БАМАП” аказвала садзейнічанне ў працаўладкаванні ў транспартныя арганізацыі тых выпускнікоў, якія пасля навучання атрымалі кваліфікацыі па абслугоўванні аўтамабіля, што паспрыяла б прафесійнаму росту маладых людзей і далейшаму засваенню прафесіі вадзіцеля-міжнародніка.
Як паведаміла Т.І.Голуб, удасканаленне падрыхтоўкі кадраў для транспартнай галіны адбываецца на ўзроўні ўстановы адукацыі праз сістэму метадычнай работы педагагічнага кабінета ліцэя і метадычных камісій. Асобнае месца займае індывідуальная самаадукацыя педагогаў. У ліцэі распрацавана і зацверджана праграма, скіраваная на распрацоўку і ўкараненне ў адукацыйны працэс вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах “Эксплуатацыя транспартных сродкаў”, “Арганізацыя міжнародных перавозак грузаў”, “Асновы мытнага заканадаўства”, “Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы”, “Замежная мова ў прафесіі”.
Фарміруецца ВМК у электронным выглядзе як у найбольш зручным у выкарыстанні, дзякуючы якому можна аператыўна ўносіць змяненні ў змест.
Як адзначыла Таццяна Іванаўна, асобным праектам з’яўляецца стварэнне інфармацыйна-даведачнага праграмнага сродку вучэбнага прызначэння “Кніжка МДП”, бо гэтая тэма разглядаецца і ў ходзе вывучэння “Асноў мытнага заканадаўства” і на ўроках па “Арганізацыі міжнародных перавозак грузаў”. Валоданне навыкамі прымянення кніжкі МДП — адна з ключавых кампетэнцый, якую неабходна сфарміраваць у будучага вадзіцеля-міжнародніка.
У ходзе сустрэчы кампетэнтнае журы пад старшынствам рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В.М.Галубоўскага падвяло вынікі конкурсу на лепшы відэаўрок па тэме “Увядзенне ў прафесію”, на лепшыя інавацыйныя вучэбныя заняткі пры падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў сярод выкладчыкаў устаноў прафесійнай адукацыі, а таксама вызначыла пераможцаў у намінацыях “Лепшая ўстанова адукацыі”, “Лепшы выкладчык”, “Лепшая базавая арганізацыя”. Пераможцы атрымалі дыпломы асацыяцыі “БАМАП” і каштоўныя падарункі.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.