“Задзейнічаем усе формы работы з дзецьмі, каб усебакова развіваць іх”

- 14:23Суразмоўца

Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат была адкрыта 15 гадоў назад у Лескавічах з мэтай навучання здольных, высокаматываваных дзяцей з сельскай мясцовасці. Нягледзячы на аддаленасць ад горада, гімназія прываблівае вучняў і іх бацькоў. Пра тое, як калектыву ўстановы ўдаецца падтрымліваць свой статус і забяспечваць якасць адукацыі, мы размаўляем з дырэктарам гімназіі Ларысай Уладзіміраўнай Маладзечкінай.

— Лескавічы — невялікая вёска, размешчаная на беразе прыгожага возера, гледзячы на якое разумееш, чаму гэтае месца ў пачатку ХХ стагоддзя аблюбавалі прадстаўнікі дваранскага роду Хлюдзінскіх, — расказала Ларыса Ула­дзіміраўна. — Да нашага часу тут захаваліся руіны іх сядзібнага дома, які нагадвае ўмацаваны сярэдневяковы замак. Славутасцю вёскі таксама з’яўляецца царква Святога Сергія Раданежскага, пабудаваная ў канцы XIX стагоддзя з цэглы і бутавага каменю. Захаваўся дом брамніка, дзе сёння пражывае наша медсястра са сваёй сям’ёй. На месцы гімназіі ў савецкія часы і да 2005 года знаходзілася санаторная школа-інтэрнат. У будынках былой школы размясціліся спальны і вучэбны карпусы гімназіі. Тэрыторыя ўстановы займае больш за 5 га, столькі ж зямлі нам выдзелілі для вядзення падсобнай гаспадаркі.

— Чым прываблівае дзяцей навучанне ў гімназіі? Ці складана да вас паступіць?

— У гімназіі вучыцца 120 дзяцей 5—11 класаў. Ажыццяўляецца падвоз ва ўстанову аўтобусамі аддзела адукацыі з Шуміліна. Калі гаварыць пра пяцікласнікаў, то на іх матывацыю паступаць да нас у большай ступені ўплыва­юць бацькі. Напрыклад, для іх важны паказчык паступлення нашых выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Больш за 90 працэнтаў праходзяць на бюджэтную форму навучання. Бацькоў таксама прывабліваюць адукацыйнае асяроддзе ўстановы, наша работа, накіраваная на вынік, на асобаснае развіццё кожнага дзіцяці. Аб дасягненнях сваіх дзяцей яны могуць даведацца з партфоліа, якое складаецца на кожнага вучня. Бацькі таксама зацікаўлены ў тым, каб для іх дзяцей праводзіліся дадатковыя заняткі па падрыхтоўцы да выпускных іспытаў, ЦТ, алімпіяд і конкурсаў, каб працавалі аб’яднанні па інтарэсах. Мы задзейнічаем усе формы работы з дзецьмі, каб усебакова развіваць іх. На працягу навучальнага года каля 50 вучняў бясплатна пражываюць у добраўпарадкаваным інтэрнаце пры гімназіі, атрымліваюць бясплатнае чатырохразовае харчаванне. Некаторыя дзеці застаюцца тут на выхадныя. Кожны год на нашай базе прахо­дзяць дзве змены аздараўленчага лагера “Пунсовы ветразь”, а таксама ў жніўні ладзіцца валанцёрскі 9-дзённы лагер “Навукаград” для ўдзельнікаў алімпіяд і даследчых конкурсаў, дзе з імі займаюцца педагогі.

Для залічэння ў 5—9 класы гімназіі дастаткова падаць дакументы на свабодныя месцы. Вучэбныя памяшканні дазваляюць прыняць у адзін клас максімум 18 чалавек. Летась да нас пажадала прыйсці больш дзяцей, чым мы планавалі набраць, таму райвыканкам прыняў рашэнне адкрыць два 5 класы. У 10 клас нашы гімназісты ідуць без уступных выпрабаванняў, а выпускнікі іншых устаноў адукацыі здаюць экзамены па профільных прадметах, якія выбіраюць для вывучэння на павышаным узроўні.

— Якая важная ўмова развіцця вашай установы? У чым спецыфіка сельскай гімназіі?

— Для развіцця любой установы адукацыі неабходна пастаянна ўмацоўваць яе вучэбна-матэрыяльную базу і рэалізоўваць інавацыйную дзейнасць. Наш педагагічны калектыў працуе зладжана, прафесійна і творча. Яго мэта — даць дзецям дастойную адукацыю, каб яны паказвалі высокія вынікі ў вучобе і ўсебакова развіваліся. Мая задача як кіраўніка — згуртаванне калектыву, выбудоўванне сістэмы штодзённай выніковай работы. Моцны калектыў у гімназіі сфарміраваўся ў першыя гады яе дзейнасці і з часам папоўніўся маладымі спецыялістамі.

Наша сельская гімназія мае сваю спецыфіку, што адрознівае яе ад аналагічных гарадскіх устаноў. У нас, напрыклад, вывучэнне прадметаў ажыццяўляецца на павышаным узроўні з 8 класа. На гэта прадугледжаны гадзіны ў вучэбным плане. Ва ўстанове функцыянуюць не класы, а групы хіміка-біялагічнага, фізіка-матэматычнага, філалагічнага профіляў. У 8 класе дзеці мо­гуць выбраць любы прадмет для вывучэння на павышаным узроўні і працягнуць яго выву­чаць у 9—11 класах. У 10—11 класах дзейнічаюць групы педагагічнай і аграрнай накіраванасці, дзе дзеці факультатыўна (2 гадзіны на тыдзень) вывучаюць “Уводзіны ў педагагічную спецыяльнасць” і “Уводзіны ў аграрныя спецыяльнасці”. У комплексе такія адукацыйныя магчымасці сёння ёсць не ў кожнай гарадской установе. Нашы вучні часта бываюць у БДПУ імя Максіма Танка, удзельнічаюць ва ўніверсітэцкіх конкурсах. Выпускніца педагагічнай групы Ліза Трафімава ў будучыні стане нашай супрацоўніцай. У мінулым навучальным го­дзе гэтая група функцыянавала як пазашкольны факультатыў па суботах, у гімназію на заняткі прыязджалі дзеці з сярэдняй школы № 1 Шуміліна і Обальскай сярэдняй школы. Выпуск аграрнай групы сёлета адбыўся ўпершыню. Маладыя людзі паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на эканамічныя, інжынерныя і медыцынскія спецыяльнасці.

— Ці задаволены вы якасцю падрыхтоўкі гімназістаў?

— Не менш за 60 працэнтаў нашых вучняў вучацца на 7—10 балаў, прычым 7 — гэта найменшы бал. Першапачаткова мы ставілі перад сабой такую мэту. Кожны год сярод нашых выпускнікоў ёсць залатыя медалісты. Аб якасці адукацыі сведчаць таксама поспехі вучняў у алімпіядным і конкурсным руху. Яркая зорачка — дзесяцікласніца Вольга Сянькова. Сёлета яна выйшла на заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. У сувязі з пандэміяй выніковыя спаборніцтвы для 10 класаў не праводзіліся. У наступным годзе Вольга будзе ўдзельні­чаць у іх, абыходзячы папярэднія этапы. Яе падрыхтавала Вольга Мікалаеўна Бяляева, якая працуе ў гімназіі з моманту яе адкрыцця ў 2005 годзе, двойчы ўдзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года”, даходзіла да абласнога этапу. Сёння па запыце Віцебскага ІРА педагог удзельнічае ў стварэнні медыятэкі. Яна здымае свае відэаўрокі, якія будуць выкарыстоўвацца педагогамі з мэтай арганізацыі дыстанцыйнага навучання па прадмеце.

Намеснік дырэктара па вучэбнай і вучэбна-метадычнай рабоце, настаўніца хіміі і біялогіі, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Шумілінскага рэгіёна “ЭкаБум”, грамадскі эколаг Ірына Уладзіміраўна Кулікова курыруе ў гімназіі даследчую дзей­насць. Яна ўдзельнічала ў рэалізацыі праекта ЕС “Паляпшэнне веласіпеднай інфраструктуры ў Шумілінскім раёне”. Цяпер займаецца праектам “Новае жыццё двара “Прамень” па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі ў адным з дамоў у Шуміліне. У гэтым годзе Ірына Уладзіміраўна па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшага грамадскага эколага прызнана адным з лепшых эколагаў Віцебскай вобласці.

Вучні Таццяны Васільеўны Дарафеевай, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства, паказваюць высокія вынікі ў даследчай дзейнасці. Неаднаразова яны перамагалі на Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, займаюць прызавыя месцы на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”. Максім Бурлакоў, вучань 10 класа, пад яе кіраўніцтвам напісаў даследчую работу аб маёнтку Хлюдзінскіх і атрымаў дыплом І ступені на Міжнародным навукова-даследчым конкурсе “Сучасныя дасягненні маладзёжнай навукі—2019”. Сёлета Максім заняў 2-е месца на абласным этапе VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года—2020”. Па выніках удзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу яго сацыяльна значны праект “Велаквест “Па слядах Вялікай Перамогі” быў адзначаны дыпломам І ступені Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Максім таксама заняў 3-е месца ў абласным фестывалі мабільнага кіно “24 кадры Перамогі” ў намінацыі “Дзеці вайны”. Да конкурсаў юнак рыхтаваўся разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Верай Мікалаеўнай Якубёнак, пад кіраўніцтвам якой кожны клас гімназіі рэалізуе цікавыя праекты: 5, 6 класы — “Вучымся жыць у міры і згодзе”, 7 клас — “Мы самі”, 8 клас — “Асновы гендарных ведаў”, 9 клас — “Мая Шуміліншчына”, 10 і 11 класы — “Падрыхтоўка вучняў да сямейнага жыцця”.

У гімназіі дзейнічае рэсурсны цэнтр па беларускай мове і літаратуры, якім кіруюць настаўнік-прадметнік Алена Уладзіміраўна Васілеўская і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Надзея Аляксандраўна Каротчанка. Педагогі назапасілі адпаведны метадычны матэрыял, ЭСН па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд. У 2018 годзе на абласной алімпія­дзе па беларускай мове прызавыя месцы занялі гімназісткі Лена Валікава і Каця Гарохава, якая ўдзельнічала ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

— Якія інавацыйныя праекты вы рэалізоўваеце?

— Рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродак дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі” курыруе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ігар Іванавіч Аляксееў. У Віцебскай вобласці ў гэтым праекце ўдзельнічае таксама сярэдняя школа № 40 Віцебска.

Многія ведаюць аб інтэграваным падыхо­дзе ў адукацыі і міжпрадметных сувязях, калі для вырашэння пэўнай праблемы або практычнай задачы выкарыстоўваюцца веды з розных сфер — матэматыкі, фізікі, мастацтва, ІТ. Такі падыход прымяняецца ў STEAM-адукацыі. Дзіцяці неабходна паказаць, што наш свет — гэта адзінае цэлае і, каб стаць паспяховым у ім, патрэбны разнастайныя веды. У гімназіі дзейнічаюць школа інжынірынгу і робататэхнікі, у рамках якой працуюць аб’яднанні па інтарэсах — “Асновы робататэхнікі”, якое вяду я, і “Спаборніцкая робататэхніка”. Дзякуючы супрацоўніцтву з асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні” і кансультанту АПА Анжаліцы Анатольеўне Мешчараковай, якая курыруе наш інавацыйны праект, я скончыла курсы ў БДПУ імя Максіма Танка па вывучэнні асноў робататэхнікі. Ва ўстанову закуплена адпаведнае абсталяванне для заняткаў — наборы Wedo 2.0 і EV3 для малодшых і старшых школьнікаў. У рамках другаснай занятасці моладзі гімназісты вырабілі палі, па якіх робаты рухаюцца, а значыць, можна праводзіць спаборніцтвы. У рамках STEAM-праекта настаўніца нямецкай мовы Святлана Вітальеўна Лазука і настаўніца хіміі і інфарматыкі Ірына Іванаўна Кручкова прайшлі курсавую падрыхтоўку і вядуць заняткі гуртка Caliope mini ў супрацоўніцтве з Інстытутам імя Гётэ. Сёння практычна ў кожным вучэбным кабінеце гімназіі ёсць камп’ютар, укамплектаваны сучасным абсталяваннем камп’ютарны клас, кабінет фізікі. У гімназіі ёсць два мультыборды, мультымедыйныя праектары, дзве інтэрактыўныя дошкі, 19 планшэтаў. У кожнага настаўніка замежнай мовы ёсць ноўтбук з калонкамі. Абсталяваны пункты доступу ў інтэрнэт у вучэбным і спальным карпусах гімназіі, дзейнічае лакальная камп’ютарная сетка.

— Як вы папаўняеце пазабюджэтны рахунак гімназіі?

— Падсобная гаспадарка — добрая магчымасць папоўніць пазабюджэтны рахунак гімназіі. Невялікія плошчы аддадзены пад агародныя культуры, ёсць дзве цяпліцы, адну з іх уручную збіралі з полікарбанату дзеці ў рамках другаснай занятасці. Ёсць трусы, конь, парася, пчолы. Дзеці працуюць на тэрыторыі ў вольны час па жаданні, а таксама ў рамках заняткаў па працоўным навучанні і грамадска карыснай працы. Уласную прадукцыю мы выкарыстоўваем на сваім харчаблоку, а таксама прадаём на кірмашах і сваім работнікам. Калі ў 2011 годзе я ўзначаліла гімназію, пазабю­джэтная дзейнасць тут была слаба развітая. Зараз па гэтым пытанні мы лідары ў раёне сярод школ. На платнай аснове мы здаём у арэнду інтэрнат, дзе размяшчаем спартсменаў, якія прыязджаюць на спаборніцтвы ў мясцовую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. У рамках другаснай занятасці моладзі гімназісты вырабляюць стэнды, сувенірную прадукцыю, шыюць пасцельную бялізну, шторы, пакрывалы, працуюць па добраўпарадкаванні тэрыторыі гімназіі. З развіццём платных адукацыйных паслуг у сельскай мясцовасці складаней. У гімназіі платна функцыянуе група па вывучэнні другой замежнай мовы. Іншыя дадатковыя адукацыйныя паслугі дзецям прадастаўляюцца бясплатна. У мінулым го­дзе свой пазабюджэтны рахунак мы папоўнілі больш чым на 6000 рублёў. Для нас гэта добры паказчык, калі ўлічыць, што грошы атрыманы не за аказанне адукацыйных паслуг, а дзякуючы іншым відам дзейнасці.

— Магчыма, у вас ёсць шэфы ці спонсары?

— Чацвёрты год мы супрацоўнічаем з Мінскім трактарным заводам. Не раз бывалі на экскурсіях на прадпрыемстве. Прадстаўнікі завода таксама прыязджалі да нас з падарункамі. Ідэя наладзіць супрацоўніцтва з МТЗ прыйшла да мяне ў той момант, калі я як дэпутат раённага Савета дэпутатаў прысутнічала на V Усебеларускім народным сходзе, дзе пачула выступленне дырэктара завода, з якога, у прыватнасці, даведалася, што кожны дзясяты акучвальны трактар у свеце — “Беларус”. Падумала, можа, і для нашых 10 гектараў зной­дзецца адзін маленькі трактар. Са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Мікалаеўнай Новікавай мы напісалі ліст на імя дырэктара завода з адпаведным запытам. Праз два тыдні нам далі станоўчы адказ. У першы год супрацоўніцтва нам падарылі невялікі трактар “Беларус 320.4 М”, які мы выкарыстоўваем для апрацоўкі зямлі, грузаперавозак. Трактарам кіруе трактарыст, ён жа рабочы па абслугоўванні будынкаў і збудаванняў. На другі год супрацоўніцтва МТЗ падарыў нам мультыборд, на трэці — 19 планшэтаў (18 для дзяцей і ­адзін для педагога) — так званы мабільны клас. Зараз мы чакаем тэхналагічнае абсталяванне (слясарныя наборы) для правядзення ўрокаў працы ў хлопчыкаў. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ігар Іванавіч Аляксееў — настаўнік тэхнічнай працы, пераканаў мяне, што нам неабходна набыць лазерны гравіравальны станок. Гэтае пытанне зараз прапрацоўваем са спонсарамі. Калі ў нас з’явіцца гэты станок, мы зможам гаварыць пра высокі ўзровень выкладання працоўнага навучання, пра магчымасць вывучаць асновы 3D-мадэлявання, якасна вырабляць разнастайныя рэчы, працаваць з каменем, шклом, дрэвам, скурай. Да першага верасня таксама плануем купіць 3D-прынтар. Будзем ствараць своеасаблівы бізнес-інкубатар. На занятках хлопчыкі змогуць выконваць работы пад заказ, будуць вучыцца зарабляць свае першыя грошы. Ёсць задума па арганізацыі STEAM-цэнтра. Абслуговую працу ў дзяўчынак выкладае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вера Мікалаеўна Якубёнак. Дзякуючы ёй і нашым вучаніцам, сёлета мы цалкам забяспечылі сябе медыцынскімі маскамі. Шыюць нашы гімназісткі і рабочыя рукавіцы, якія мы перадаём у якасці падарунка работнікам МТЗ.

Лічу, што галоўная мэта работы нашага калектыву — выхаванне сапраўдных грама­дзян нашай краіны, адукаваных, упэўненых у сабе, самадастатковых і канкурэнтаздольных людзей, якія не разгубяцца сярод выпускнікоў іншых гімназій і школ і зоймуць сваё дастойнае месца пад сонцам у нашай цудоўнай мірнай краіне.

Надзея ЦЕРАХАВА.