Задзейнічаць патэнцыял міжрэгіянальнага супрацоўніцтва

Беларусь зацікаўлена ў стварэнні новых сумесных прадпрыемстваў з Казахстанам, заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Казахстана на чале са старшынёй сената Касым-Жамартам Такаевым.

На думку Міхаіла Мясніковіча, тых сумесных зборачных вытворчасцей, якія функцыянуюць у Казахстане, недастаткова. “Можа, нам неабходны нейкія ўзаемныя меры дзяржаўнай падтрымкі, пэўныя прэферэнцыі, каб аказаць падтрымку на першым этапе”, — сказаў старшыня Савета Рэспублікі. Ён дадаў, што гэтае пытанне неабходна прапрацаваць.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што Беларусь і Казахстан павінны ў 2020 годзе выйсці на тавараабарот у памеры мінімум $1 млрд. Для дасягнення гэтай мэты трэба задзейнічаць патэнцыял міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Міхаіл Мясніковіч таксама звярнуў увагу, што ў рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс і ад зін шлях” — магутнага, глабальнага праекта — Казахстан адыгрывае ключавую ролю. “У гэтым плане мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб у пэўнай ступені прапрацоўваць паўночную ветку”, — сказаў ён.

Бакі абмеркавалі пытанне парламенцкага вымярэння ў ЕАЭС. “Можа, ёсць сэнс падумаць аб увядзенні ў дагавор і парламенцкага вымярэння, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі. — Нам трэба вельмі сур’ёзна працаваць над фарміраваннем адпаведнай нарматыўнай прававой базы, уніфікаваць і гарманізаваць заканадаўства, каб пазбегнуць розных бар’ераў і перашкод”.

Паводле слоў Касым-Жамарта Такаева, супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана з’яўляецца мадэллю для шэрага краін. “У нас няма агульнай граніцы, тым не менш гандаль выбудоўваецца даволі паспяхова. Я падтрымліваю задачу адносна дасягнення аб’ёму гандлю ў памеры $1 млрд, — сказаў ён. — Адзначаем рост экспарту беларускіх тавараў на казахстанскі рынак, лічым, што гэта станоўчая з’ява”.

Старшыня сената парламента дадаў, што прадукцыя машынабудаўнічай індустрыі, лёгкай прамысловасці, мэбля з Беларусі карыстаюцца вялікім попытам сярод казахстанскіх спажыўцоў. Разам з тым, на яго думку, магчымасці гандлю гэтым не вычэрпваюцца. Трэба знаходзіць новыя шляхі супрацоўніцтва.

Бакі таксама выказалі ўзаемную ўдзячнасць за ўвагу да этнічных беларусаў і казахстанцаў, якія пражываюць і працуюць на тэрыторыях Казахстана і Беларусі.