Загаварыць на мове Паднябеснай

Вывучэнне замежнай мовы — гэта ключ, які адчыняе для чалавека дзверы да новых ведаў, знаёмстваў і перспектыў. Асабліва сёння, калі глабалізацыя і інтэрнэт дораць новыя магчымасці. Традыцыйна попытам у школьнікаў і іх бацькоў карыстаюцца англійская і нямецкая мовы, французская і іспанская. Але, магчыма, у хуткім часе лідарам гэтага спіса стане кітайская мова.

Ужо сёння на кітайскай размаўляюць больш за 1,3 млрд чалавек, акрамя таго, Кітай хутка развіваецца і пашырае ўзаемадзеянне з рознымі краінамі, таму вывучэнне кітайскай мовы з кожным днём здаецца ўсё больш перспектыўным. Расце цікавасць да вывучэння мовы Паднябеснай і ў Беларусі — у школах адкрываюцца заняткі па інтарэсах, факультатывы. А на Міншчыне ўпершыню з’явіліся класы, дзе кітайская мова вывучаецца як асноўная замежная на ўроках.

З думкай пра перспектывы

Мінулы навучальны год для сярэдняй школы № 2 Смалявіч быў асаблівым — трэцякласнікі гэтай школы сталі першымі ў вобласці, хто вывучае на ўроках замежнай мовы не англійскую ці нямецкую, а кітайскую мову. Дагэтуль на Міншчыне ўжо існавалі розныя формы работы ў гэтым кірунку. Мінскім абласным ІРА праводзіцца сістэмная работа па папулярызацыі кітайскай мовы сярод педагогаў і бацькоў навучэнцаў. Як паведаміла Наталля Казіміраўна Радзевіч, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела замежных моў МАІРА, у мінулым навучальным годзе на Міншчыне больш за 600 дзяцей вывучалі кітайскую мову: на факультатыўных занятках — 394 навучэнцы ў 6 установах адукацыі, у аб’яднаннях па інтарэсах — 195 хлопчыкаў і дзяўчынак на базе 5 устаноў. Аднак вывучаць кітайскую мову як асноўную замежную першымі рашыліся менавіта ў Смалявічах.

Цікавасць да кітайскай мовы ў пэўнай мясцовасці звязана з эканамічным развіццём і сувязямі рэгіёна. Напрыклад, прадпрыемствы малочнай прамысловасці Валожынскага раёна супрацоўнічаюць з КНР і мясцовыя школьнікі не першы год вывучаюць кітайскую мову на міжшкольным факультатыве на базе гімназіі № 1 Валожына. Недалёка ад Барысава і Жодзіна знаходзіцца беларуска-кітайскае прадпрыемства “БелДжы”, таму ў Жодзіне на базе сярэдняй школы № 6 арганізаваны заняткі па кітайскай мове. У наступным навучальным годзе гэты спіс папоўняць установы адукацыі Барысава. Ёсць важкія прычыны для засваення кітайскай мовы ў Смалявіцкім раёне — тут будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”. А гэта вялікія перспектывы і магчымасці для раёна і яго жыхароў. У Смалявіцкай раённай гімназіі дзейнічаюць факультатывы і заняткі па інтарэсах па вывучэнні кітайскай мовы. У сярэдняй школе № 2 пайшлі яшчэ далей.

— Беручыся за гэтую справу, мы думалі на перспектыву. Індустрыяльнаму парку спатрэбіцца шмат спецыялістаў, і нашы навучэнцы, якія будуць ведаць кітайскую мову, будуць мець перавагу, — расказвае дырэктар школы Ігар Андрэевіч Юшкевіч. — Акрамя таго, гэта дапаможа затрымаць працоўныя кадры ў раёне, таму што сёння з-за блізкасці да сталіцы моладзь нярэдка з’язджае працаваць у Мінск.

Работа пачалася напрыканцы мінулага навучальнага года. Ідэю па ўвядзенні кітайскай мовы агучылі на сходзе з бацькамі другакласнікаў. Такую цудоўную на першы погляд прапанову бацькі сустрэлі з насцярожанасцю, некаторыя — з непаразуменнем. У тэорыі кожны разумеў і прызнаваў перспектыўнасць ідэі, але, калі даходзіла да справы і канкрэтна іх уласных дзяцей, рашучасць бацькоў знікала. Адміністрацыяй школы была праведзена вялікая тлумачальная і падрыхтоўчая работа. Знайшлі магчымасць вырашыць вострае пытанне: многія непакоіліся, што іх дзеці будуць пазбаўлены магчымасці вывучаць вельмі запатрабаваную сёння англійскую мову. Аднак непакоіліся дарэмна: усім жадаючым прадастаўлена магчымасць вывучаць англійскую на факультатыве.

Пасля сустрэч і абмеркаванняў бацькам далі час падумаць. Некаторы час яны маўчалі. Дырэктар школы прызнаецца, што ў нейкі момант здавалася, што нічога не атрымаецца, з’явілася адчуванне расчаравання. Але бацькі падумалі, узважылі ўсё — і многія згадзіліся.

І вось у верасні мінулага года 26 трэцякласнікаў разгарнулі на ўроках падручнікі па кітайскай мове. Былі падрыхтаваны да ўрокаў і праграма, і календарна-тэматычнае планаванне — усё неабходнае. Таксама 36 навучэнцаў з розных класаў вывучалі асновы кітайскай мовы на занятках па інтарэсах.

А яшчэ ў школе былі арганізаваны курсы для дарослых, якія хацелі вывучаць мову Паднябеснай.

Як Лі Хуаньхуань стала Тоняй

Лі Хуаньхуань у Смалявіцкай школе ўсе называлі Тоняй — валанцёры з Кітая нярэдка выбіраюць для сябе славянскія імёны, якія ім падабаюцца. Атрымаць носьбіта мовы ў якасці настаўніка школе ўдалося дзякуючы супрацоўніцтву з Інстытутам Канфуцыя ў МДЛУ. Дзяўчына скончыла ў Кітаі факультэт рускай мовы і літаратуры педагагічнага ўніверсітэта, які знаходзіцца ў горадзе Сыпін. Сваю прафесію яна выбрала без разваг.

— Мой дзядуля, бацькі, старэйшая сястра — усе педагогі, і я заўсёды хацела вучыць дзяцей, — расказвае Лі Хуаньхуань. — Каб мець магчымасць папрактыкавацца ў рускай мове, якую выбрала для вывучэння, я вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці валанцёра. Некаторыя студэнты з нашага ўніверсітэта ўжо былі ў Беларусі і расказвалі шмат добрага і цікавага пра краіну і людзей, якія тут жывуць. Але трапіць сюды было няпроста — трэба было прайсці праз вельмі складаны экзамен. І я вельмі рада была прыехаць у Беларусь.

Так у Смалявіцкай школе на пачатку года з’явілася незвычайная настаўніца. На новым месцы яе сустрэлі гасцінна і ўсяляк дапамагалі, каб госця адчувала сябе камфортна. У інтэрнаце Смалявіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя ёй прадаставілі блок, супрацоўнікі школы дапамаглі размясціцца, набыць усё неабходнае, вырашыць бытавыя пытанні. Дапамагалі і ў рабоце — вучылі правільна запаўняць журнал і іншыя дакументы.

Усе ў школе лічаць, што з валанцёрам ім вельмі пашанцавала, бо Лі Хуаньхуань вельмі старанная, адказная, шчырая, неабыякавая і цікаўная. Яна імкнецца не толькі вучыць, але і вучыцца. Каб удасканальваць свае веды, яна папрасіла дазволу па магчымасці разам са старшакласнікамі наведваць урокі рускай і англійскай мовы.

— Руская мова вельмі складаная для вывучэння. Асабліва складаная граматыка. Засвоіць усё мне было няпроста, — расказвае Лі Хуаньхуань. — Я разумею, што дзецям таксама няпроста вывучаць кітайскую мову. Але мае вучні — малайцы. Яны добра спраўляюцца. Яны ўжо могуць расказаць пра сябе: як іх завуць, свой узрост, апісаць знешнасць. Гэта першыя крокі. Упэўнена, у іх усё атрымаецца.

Спачатку для госці з Кітая ўсё было незнаёмым і няпростым у чужой краіне, але дзяўчына хутка да ўсяго прывыкла і ўжо праз некалькі месяцаў шчыра прызналася, што хацела б застацца яшчэ на адзін год. Звычайна валанцёры з Кітая накіроўваюцца ў Беларусь на год, на наступны замяняючыся іншым валанцёрам. Але з Лі Хуаньхуань не хочуць развітвацца ні дзеці, ні калегі, таму адміністрацыя ўжо зараз звярнулася да кітайскага боку, каб прадоўжыць супрацоўніцтва менавіта з ёй.

Кітайская мова? Лёгка!

— Ні хао! Во цзяо Соня! — бойка вітаецца і прадстаўляецца па-кітайску Соня Фамічонак, адна з тых вучняў, якія пачалі вывучаць кітайскую мову. Зразумела, пытаюся ў дзяўчынкі і яе аднакласнікаў, ці складаная гэтая справа. У адказ чую дружнае “Не!”.

— Кітайская мова — легкатня! — па-дзіцячы шчыра дадае Дзяніс Гушчанскі. — Англійскую вучыць больш складана.

На працягу года навучэнцы з задавальненнем наведвалі заняткі кітайскай мовы. І многія нават летам не адмовіліся іх прадоўжыць: у школьным аздараўленчым лагеры дзейнічала лінгвістычная група, у якой з дзецьмі займалася Лі Хуаньхуань. На наступны год у сярэдняй школе № 2 Смалявіч ужо набрана група, якая таксама пачне вывучаць кітайскую мову на ўроках.

Дзеці пакуль не думаюць аб карыснасці сваіх заняткаў і проста вывучаюць новае, цікавае і незвычайнае, але дарослыя ўжо радуюцца перспектывам, якія перад імі раскрываюцца.

— Мы пакуль толькі ў пачатку шляху, — гаворыць дырэктар школы Ігар Андрэевіч Юшкевіч, — але гатовы дзейнічаць далей і развівацца, каб была карысць нашым дзецям, нашаму раёну і наогул нашай краіне.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.