На ўроках настаўніка фізічнай культуры і здароўя Лапаціцкай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Андрэя Шукайлава ніколі няма незацікаўленых вучняў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
А ўсё таму, што Андрэй Мікалаевіч дапамагае дзецям палюбіць заняткі спортам:
— Сам з дзяцінства іду са спортам па жыцці. Рос у вёсцы, любіў спартыўныя гульні на свежым паветры. Летам праводзілі дні за футбольнымі дваровымі баталіямі, зімой хадзілі на лыжах, гулялі ў хакей з самаробнымі клюшкамі. Ужо ў сталым узросце мяне прывабіла педагогіка. На гэта паўплывала мама, яна настаўніца пачатковых класаў. Пры выбары педагагічнага профілю сумненняў нават не ўзнікала, бо ведаў дакладна: выкладаць буду менавіта фізкультуру.
Юнацкае памкненне Андрэй Мікалаевіч рэалізаваў у цяперашнім МДУ імя А.А.Куляшова. Маладым педагогам вярнуўся на малую радзіму. Спачатку працаваў у Рабавіцкай базавай школе, пасля накіраваўся ў Лапацічы, дзе ўжо амаль дваццаць гадоў далучае да спорту мясцовых хлопцаў і дзяўчат.
— Раней у вучняў было больш цікавасці да фізкультуры. Сёння ж яны занадта апантаныя гаджэтамі. Каб зацікавіць іх, шукаю да кожнага навучэнца індывідуальны падыход. Мэтанакіравана працую ў звязцы з бацькамі. Імкнуся быць наглядным прыкладам, бо ўпэўнены, што захопленасць дзяцей прадметам цалкам у руках педагога. Лепшы стымул для вучняў — гэта энергія і неабыякавасць настаўніка, — адзначыў Андрэй Шукайлаў.
На сваіх уроках Андрэй Мікалаевіч шырока выкарыстоўвае метад спаборніцтваў і гульнявыя тэхналогіі. Вельмі важным ён лічыць і здароўезберажэнне дзяцей.
— Заўсёды ўлічваю фізіялагічныя асаблівасці навучэнцаў, матывую іх клапаціцца пра здароўе сродкамі фізічнай культуры. Пры вывучэнні таго або іншага практыкавання падрабязна расказваю, як яно ўплывае на развіццё арганізма, як можна выкарыстоўваць атрыманыя навыкі ў штодзённым жыцці, — паведаміў Андрэй Шукайлаў.
Заўзятасць Андрэя Шукайлава адпаведным чынам уплывае на дзяцей. Для шматлікіх вучняў Лапаціцкай школы фізкультура — любімы прадмет.
Навучэнцы добра засвойваюць вучэбную праграму і паспяхова выступаюць на розных спартыўных стартах.
— Наша ўстанова ў лідарах на раённай круглагадовай спартакіядзе сярод школьнікаў. Праяўляюць сябе дзеці і ў іншых турнірах: ёсць узнагароды ў спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, “Снежны снайпер”. Пераможным выступленням спрыяе належная спартыўная база. У нас сучасная спартзала з бяспечным пакрыццём, неабходная колькасць інвентару, стадыён і камбінаваная вулічная спартыўная пляцоўка. Займацца ў такіх умовах — адно задавальненне, — заўважыў Андрэй Шукайлаў.
Андрэй Мікалаевіч выкладае навучэнцам і дапрызыўную падрыхтоўку, з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні:
— Гэтую дзейнасць лічу вельмі значнай, бо цяперашняе маладое пакаленне адказнае за будучыню Беларусі. Патрыятычныя пачуцці фармірую праз розныя мерапрыемствы. Разам з дзецьмі ладзім тэматычныя гутаркі, рэгулярна выязджаем на экскурсіі. Упор раблю на далучэнне вучняў да захавання памяці аб подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы вядзём шэфства над ветэранамі, вывучаем гісторыю, добраўпарадкоўваем воінскія мемарыялы.
Плённая праца Андрэя Мікалаевіча прыносіць вынікі. Школу навучэнцы пакідаюць свядомымі маладымі людзьмі з устойлівымі патрыятычнымі і грамадзянскімі перакананнямі.
— Ганаруся сваімі выпускнікамі, бо ўсе яны адбыліся як прафесіяналы, жывуць і працуюць на карысць дзяржавы. Асабліва прыемна, што некаторыя вучні сталі настаўнікамі, — падкрэсліў педагог. — Радуюся і таму, што настаўніцкім шляхам пайшла мая дачка. Педагогіка перарастае ў сямейную справу.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара