Захапленне, якое не дае сядзець на месцы

- 12:50Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

У Нацыянальным парку “Белавежская пушча” завяршыўся злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў”. Восем незабыўных дзён застануцца ў памяці 70 старшакласнікаў са школ, ліцэяў і гімназій з усіх рэгіёнаў Беларусі і з 16 рэгіёнаў Расіі. Гэта ўжо пяты па ліку злёт, які праводзіўся па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Непасрэдным арганізатарам злёту выступіла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Экалогія ў шырокім разуменні

Для таго каб трапіць у Белавежскую пушчу ў рангу даследчыкаў, хлопцам і дзяўчатам трэба было спачатку стаць пераможцамі біёлага-экалагічных конкурсаў, алімпіяд, рэгіянальных, абласных, федэральных і рэспубліканскіх злётаў. І менавіта з іх ліку вызначаўся лепшы эколаг у індывідуальным заліку падчас тэарэтычнага і практычнага тураў, а таксама выніковай экспедыцыі. Тэарэтычны тур паказаў, наколькі ўдзельнік арыентуецца ў пытаннях агульнай біялогіі і экалогіі. Практычны тур складаўся з работы палявых лабараторый па гідрабіялогіі, батаніцы, глебазнаўстве, арніталогіі і энтамалогіі, індывідуальнага заліку кожнага ўдзельніка каманды і абароны выкананых экалагічных даследаванняў у палявых лабараторыях па гэтых кірунках.
А вось выніковая экспедыцыя стала новаўвядзеннем гэтага года. Як патлумачыла Лідзія Паўлаўна Каліноўская, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, у ёй атрымалі права прыняць удзел тыя, хто паказаў лепшыя веды ў тэорыі, — такіх аказалася 26 чалавек. Экспедыцыя — гэта праходжанне палявых лабараторый-станцый, на кожнай з якіх члены журы, у лік якіх увайшлі 11 лепшых вучоных-эколагаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, задавалі ўдзельнікам пытанні па тых напрамках, па якіх яны не спецыялізуюцца. Напрыклад, для гідрабіёлагаў былі падрыхтаваны пытанні па батаніцы, арніталогіі, энтамалогіі, глебазнаўстве, для батанікаў — па ўсіх кірунках, акрамя батанікі.
“Да гэтага мы высвятлялі ўзровень падрыхтаванасці ўдзельнікаў злётаў толькі па профільным напрамку, — гаворыць Лідзія Паўлаўна. — Наш злёт называецца “Злёт юных эколагаў”, і таму сёлета мы ўпершыню вырашылі праверыць іх дасведчанасць у экалогіі ўвогуле. І мы не памыліліся. Такі падыход вызначае сапраўды лепшага эколага. Праўда, удзельнікам прыйшлося нялёгка: тэарэтычны тур, субяседаванне, абарона свайго вузкага кірунку, заняткі па гэтым напрамку на працягу чатырох дзён, здача заліку, індывідуальная экспедыцыя, субяседаванне па практычных пытаннях прама ў палях — такія выпрабаванні непараўнальныя ні з адной прадметнай алімпіядай”.
“Тое, што навучэнцы праходзілі па тых станцыях, да якіх не мелі прамога дачынення, гаворыць аб тым, што яны ўсебакова падрыхтаваныя, — адзначае Аркадзь Мікалаевіч Скуратовіч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. — Нядаўна я быў на адным мерапрыемстве з вучонымі з ЗША, і мяне ўразіла, наколькі вузкую спецыялізацыю яны маюць і ад яе не адыходзяць ні на крок. Вось даследуе вучоны сосны — пра іх ён ведае ўсё вельмі дасканала, але ні слова не скажа пра бярозу. А нашы дзеці — іншая справа. І калі яны цікавяцца экалогіяй, біялогіяй, сёння стараюцца ахапіць як мага больш, то пазней ім будзе прасцей вызначыцца прафесійна. Як паказвае мой вопыт, удзельнікі такога кшалту злётаў становяцца студэнтамі тых навучальных устаноў, спецыяльнасць якіх так ці інакш звязана з экалогіяй ці біялогіяй”.

Доўга спаць у пушчы — гэта недарэчна

Як адзначаюць юныя ўдзельнікі злёту, сюды варта ехаць з любой кропкі зямлі не толькі дзеля самога спаборніцтва за перамогу, а і для таго, каб убачыць веліч самой пушчы, атрымаць магчымасць на некалькі дзён змяніць лясныя сцежкі ў сябе ў рэгіёнах на некранутыя чалавекам гушчары пушчы і нават правесці тут свае даследаванні.
Праграмай злёту быў прадугледжаны пачатак дня ў восем гадзін. Але для сапраўднага эколага — гэта ўжо самы разгар дня, і частку юных даследчыкаў ужо не знайсці ў гасцініцах. Напрыклад, штораніцы каля пяці гадзін арнітолагі, захапіўшы свае нататнікі і і біноклі, адпраўляліся ў пушчу, каб убачыць тых яе насельнікаў, якіх яны наўрад ці ўбачаць на свае вочы ў іншых лясах. Арнітолаг Іван Анішкевіч, навучэнец гімназіі № 3 Барысава, гаворыць: “Арніталогія — гэта тое захапленне, якое не дае сядзець на месцы. Ужо ўначы скрозь сон я праз адчыненае акно чую птушак і сам сабе адзначаю, хто гэта. Прыехаць сюды і доўга спаць — гэта недарэчна. Тым больш што раніцай, калі яшчэ не так пячэ сонца, куды больш шансаў убачыць птушак, папоўніць уласную фотакалекцыю, паназіраць за імі”.
Унікальнасць самога месца правядзення злёту, яго фармат адзначыў і Анатоль Тарасавіч Федарук, прафесар кафедры агульнай біялогіі і батанікі БДПУ імя Максіма Танка, доктар біялагічных навук: “У цэлым для дзяцей гэта рэдкая школа. Наўрад ці хто з маіх калег у школьныя гады мог разлічваць на 8 дзён поўнага забеспячэння ўсім, пачынаючы ад абсталявання і адзення і заканчваючы накамарнікамі, не кажучы ўжо пра супрацоўніцтва са спецыялістамі вузкага профілю. На жаль, сёння ўжо не так адчуваецца павага да вопыту настаўніка, але тут я гэта зноў убачыў. Дзеці кажуць пра тое, што ім не хапіла часу на працу з выкладчыкамі, вучонымі, а ўсё таму, што яны вельмі цікаўныя, іх пытанням няма межаў. А чаго варта, што гэтая сустрэча праходзіць у такім унікальным куточку Еўропы, адзіным месцы росту многіх раслін! Напрыклад, драўнінная ліяна, якой нідзе больш не сустрэнеш у нашых лясах, тут падымаецца на вышыню 5—7 метраў, цвіце і нават пладаносіць”.
“У нас лясы пераважна насаджаныя, а роўныя іх радкі не могуць уражваць, — гаворыць Дар’я Папова, дзесяцікласніца з сярэдняй школы № 27 г.Стары Аскол. — Я вельмі шмат чытала пра прыроду Беларусі, пераглядзела тысячы фотаздымкаў у інтэрнэце, але калі ты сама ідзеш па Белавежскай пушчы, бачыш векавыя дрэвы, зараснікі папаратніку, чуеш птушыныя спевы — свае ўражанні складана апісаць словамі”.

У гурце аднадумцаў

Насычанымі былі дні і ў энтамолагаў. Кожны з іх павёз дадому калекцыю насякомых, якія дакладна здзівяць і аднакласнікаў, і педагогаў.
Сярод іх і Ганна Ярмашук, навучэнка Майскай гімназіі (Белгародская вобласць, Расія). “Я жыву ў лесастэпавай зоне, і лясы ў нас пераважна лісцевыя, дзе насякомыя, характэрныя для хваёвых лясоў, сустракаюцца вельмі рэдка. Тут жа іх мноства, — дзеліцца дзяўчына. — Напрыклад, дагэтуль мне ні разу не ўдавалася сустрэць жужаля. А тут у закінутым садзе мы сустрэлі розныя віды, прычым вельмі буйныя экзэмпляры, і нават зусім рэдкасць — жужаляў вострагаловых. Я вучуся ў класе эколага-біялагічнага профілю, і мы часта з аднакласнікамі праводзім даследаванні на аснове калекцый. Апошняя наша работа была прысвечана вывучэнню фаўны паўжарсткакрылых на тэрыторыі Белгародскай вобласці. Цяпер, калі я прывязу гэтую калекцыю, мы зможам параўнаць нашу фаўну з фаўнай Белавежскай пушчы, паглядзець, як клімат, біятоп, ландшафт уплываюць на разнастайнасць відаў. У мяне ўжо зараз мноства задум”.
У дамашняй калекцыі Барыса Гаўрылава, навучэнца 10 класа гімназіі № 2 Вялікага Ноўгарада, ужо больш за 70 відаў: “Я жыву на поўначы, і ў нас непараўнальна бедная фаўна па некаторых групах насякомых. Напрыклад, усе віды бронзаўкі ў сваёй мясцовасці я сабраў, а ў Беларусі мне ўдалося яшчэ знайсці брознаўку залацістую, мармуровую і металічную. Але нават не ў гэтым найбольшая ўдача. На жаль, у мяне няма сяброў, аднакласнікаў, якія б раздзялялі маё захапленне, а тут сабралася столькі людзей, таксама апантаных энтамалогіяй! Я ўпэўнены, што мы будзем падтрымліваць кантакты. Калі адчуваеш падтрымку аднадумцаў, намнога цікавей займацца гэтай справай”.

Сумяшчаем прыемнае з карысным

Праца эколага, асабліва ва ўмовах спякоты, вельмі складаная. Каб юныя эколагі мелі час для адпачынку, арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму: творчыя вечары “Ветлiвая Беларусь”, “Дзве сястры — Беларусь і Расія”, “Мая любоў — Белавежская пушча”, інтэлектуальны рынг “Экаэрудыт”, экадыскатэка, адукацыйныя экскурсіі па Белавежскай пушчы і музеі прыроды, у мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой”, экскурсійны тур “Пружаны — Ружаны — Косава”, гасцяванне ў памесці Дзеда Мароза і інш.
Калі назіраеш за ўдзельнікамі злёту нават падчас экскурсій, адразу бачыш іх экалагічную схільнасць. Скажам, у музеі-сядзібе “Пружанскі палац”, помніку архітэктуры, у кутку групка арнітолагаў горача абмяркоўвае колер апярэння, даўжыню хваста перапёлачніка, які прымасціўся на суку пад столлю, — звычайны наведвальнік наўрад ці заўважыў бы гэтую птушку тут. Падчас экскурсіі па Белавежскай пушчы, не дайшоўшы да дуба-патрыярха — яе славутасці, многія з эколагаў ужо разышліся па лесе: нехта збірае насякомых, нехта фатаграфуе рэдкі від папаратніку, нехта ўключыў відэа ці дыктафон, каб запісаць гукі птушак. І экскурсаводы не крыўдзіліся: нельга “выключыць” у эколагаў іх прыроднае жаданне адкрываць новае.

З чаго пачынаецца перамога?

Пераможцамі злёту сталі прадстаўнікі абедзвюх краін. Ад Беларусі — Арцём Пацяюк, адзінаццацікласнік Дарапееўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, а ад Расіі — Барыс Гаўрылаў, навучэнец 10 класа гімназіі № 2 Вялікага Ноўгарада. Яны атрымалі спецыяльныя прызы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы — ноўтбукі.
Барыс Гаўрылаў займаецца экалогіяй з 6 класа, прыкладна з гэтага часу прымаў удзел у злётах, праграма якіх уключала больш адукацыйных заняткаў. За яго плячыма — Усерасійская алімпіяда школьнікаў па біялогіі, на якой ён стаў прызёрам, мноства экспедыцый, напрыклад, у Кеназерскі нацыянальны парк (Архангельская вобласць), удзел у злёце, які праходзіў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, два разы быў у экспедыцыі на востраве Валаам, што ў Карэліі, і іншых. Хлопец ужо вызначыўся, што яго спецыялізацыя будзе звязана з экалогіяй, а чым канкрэтна зоймецца — класічнай біялогій ці геннай інжынерыяй, — ён вырашыць на працягу наступных двух гадоў.
Наш суайчыннік Арцём Пацяюк не можа пахваліцца такім багатым вопытам у экалагічным кірунку, але тым не менш члены журы заўважылі яго адразу, яшчэ падчас тэарэтычнага тура, у якім ён атрымаў самы высокі вынік. Адчувалі ў Арцёму сур’ёзнага саперніка, нягледзячы на яго прыродную сціпласць і неверагоднае абаянне і таварыскасць, і ўдзельнікі злёту. Гэта сапраўдны самародак. Даследчай дзейнасцю экалагічнага напрамку ён займаўся і раней, у прыватнасці, даследаваў ураджайнасць бульбы, а арніталогіяй захапіўся толькі некалькі месяцаў назад, хаця птушак Арцём любіць слухаць з дзяцінства. І гэтую любоў яму прывіваў бацька Леанід Васільевіч — настаўнік біялогіі.
“У нашай вёсцы Дарапеевічы, на жаль, няма магчымасці наведваць клубы ці аб’яднанні па інтарэсах па арніталогіі, але я шмат чытаю, прычым найчасцей гэта кнігі па агульнай біялогіі, экалогіі. Спазнаваць прыроду можна толькі ў цэлым, — перакананы Арцём. — Але сапраўдная асалода для мяне — выходзіць у лес паслухаць птушак. Калі ўзяць, скажам, гідрабіёлагаў, то яны сабралі матэрыял і сядзяць на адным месцы, даследуюць яго. Мы, арнітолагі, падчас злёту праходзілі ў дзень па пяць кіламетраў, бачылі розныя лясы, балоты. Мы заходзілі ў такія месцы, што нам прыходзілася адтуль літаральна выцягваць адно аднаго. Але гэта таго варта. Нам удалося ўбачыць тут чырванакніжнікаў, якіх я ніколі не бачыў у сябе на радзіме: калі чорнага дзятла ці белую чаплю і ў нас можна сустрэць, то ўбачыць беласпіннага дзятла, сокала-пустальгу, падворліка было рэдкай удачай. Толькі для таго, каб убачыць іх на свае вочы, можна было сюды прыехаць. І я буду ганарыцца тым, што нам удалося папрацаваць з вучонымі, якія нашаму пакуль што проста захапленню прысвяцілі сваё жыццё”.
Сёння Арцём сур’ёзна захоплены арніталогіяй, і наўрад ці гэтае захапленне калісьці пройдзе, але прафесійна ён марыць займацца медыцынай. Аднак тое, што ўжо сёння яго можна назваць сапраўдным эколагам, яскрава даказала і галоўная яго перамога на гэтым злёце: Арцём стаў абсалютным пераможцам у індывідуальным заліку і ў якасці прыза павёз дадому тэлевізар.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.