Захапляе робататэхнікай

Працоўны стаж педагога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Яўгена Смірнова невялікі. Ён — малады спецыяліст. Настаўнічае ўсяго трэці год, аднак за гэты час змог дасягнуць вялікіх поспехаў. У асноўным — у рабоце з адоранымі навучэнцамі.

Яўген Андрэевіч кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Робататэхніка”. У 2017 годзе, калі гурток толькі адкрываўся, на заняткі туды прыходзілі 24 навучэнцы. Аднак за некалькі гадоў, дзякуючы намаганням Я.А.Смірнова, папулярнасць аб’яднання сярод бабруйскіх школьнікаў істотна ўзрасла. Сёння яго наведваюць 65 хлопчыкаў і дзяўчынак. Прычым як сямігадовыя малышы, так і падлеткі. Навучэнцаў прыйшлося падзяліць на дзве ўзроставыя групы.

— Галоўным у сваёй рабоце бачу развіццё і ўтрыманне цікавасці дзяцей. Я імкнуся да кожнага вучня знайсці падыход. Для розных узроставых груп забяспечваю розную нагрузку і тэматыку заняткаў. Малышы займаюцца са спрошчаным канструктарам і праграмамі, старэйшыя вучні ўжо вывучаюць мову праграмавання і працуюць з больш складанымі канструкцыямі, — расказаў Яўген Андрэевіч.

Каб захапіць вучняў робататэхнікай і праграмаваннем, на занятках Я.А.Смірноў прымяняе розныя адукацыйныя методыкі. Ён паспяхова выкарыстоўвае тэхналогію праблемнага навучання, развівае ў дзяцей тэхнічнае і лагічнае мысленне, фарміруе імкненне да самастойнага атрымання новых ведаў, актыўна ўкараняе ў вучэбны працэс праектную і даследчую дзейнасць.

— Яўген Андрэевіч — таленавіты, сучасны педагог. Калі толькі браўся за работу, то хваляваўся, перажываў з прычыны правільнай арганізацыі заняткаў, пошуку падыходу да дзяцей. Але, дзякуючы ўласцівай яму працавітасці, у яго ўсё атрымалася. Сёння гэты малады педагог валодае тэхналогіяй групавой і індывідуальнай работы, рознымі гульнявымі і інтэрактыўнымі тэхналогіямі. Выкарыстанне інавацыйных форм арганізацыі вучэбна-выхаваўчай дзейнасці спрыяе запатрабаванасці яго адукацыйных паслуг, дасягненню высокіх вынікаў у навучанні дзяцей, — адзначыла загадчык аддзела тэхнічнай творчасці цэнтра Т.А.Кізатава.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Яўген Андрэевіч асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце з адоранымі дзецьмі. Ён мэтанакіравана выкарыстоўвае розныя метады матывацыі і стымулявання вучняў да заняткаў, аказвае навучэнцам дапамогу ў прафесійным самавызначэнні.

— Самае важнае ў рабоце з адоранымі навучэнцамі — быць уважлівым і чулым, умець наладзіць кантакт, зразумець, ад чаго ў дзяцей гараць вочы, і падтрымаць гэтую цікавасць, — падкрэсліў Я.А.Смірноў.

Прымяненне такога падыходу прыносіць вынікі. Навучэнцы Яўгена Андрэевіча з’яўляюцца пастаяннымі пераможцамі розных аглядаў і конкурсаў тэхнічнай творчасці. Яны неаднаразова перамагалі ў гарадскім, абласным і рэспубліканскім этапах агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей”. Больш за тое, сёлета на рэспубліканскім этапе гэтага агляду-конкурсу работа вучняў Я.А.Смірнова адзначана спецыяльнай граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях за “Лепшы інавацыйны падыход”. З работай “Вучэбны трэнажор “Юны ратавальнік” вучні атрымалі перамогу і ў заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. У абласным этапе сёлетняга рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus вучні Яўгена Андрэевіча занялі 2-е месца.

Акрамя гэтага, навучэнцы аб’яднання былі ўзнагаро­джаны прызавымі дыпломамі адкрытых спаборніцтваў па мабільнай робататэхніцы RoboTechGames, абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Hi-Tech. Творчасць вучняў Я.А.Смірнова ацанілі перамогай на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”, абласным этапе фестывалю-конкурсу творчасці дзяцей і мола­дзі “Вянок славы”. Пры ўсебаковай падтрымцы свайго педагога навучэнцы прымалі ­ўдзел у Кубку па адукацыйнай робататэхніцы, арганізаваным асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”. Вынік — у чацвёртым, заключным, этапе яны сталі абсалютнымі пераможцамі.

Плённая дзейнасць Я.А.Смірнова ўжо не раз была адзначана ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад. Тое, што яго праца не застаецца незаўважанай, яшчэ больш матывуе маладога педагога да прафесійнага росту. Ён увесь час выступае з канструктыўнымі ідэямі па паляпшэнні вучэбнага працэсу, ініцыіруе адкрыццё новых напрамкаў аб’яднанняў па інтарэсах з IT-ухілам. Усе інавацыі Яўген Андрэевіч укараняе для паляпшэння ўмоў развіцця здольнасцей сваіх навучэнцаў. Лепшая ўзнагарода для яго — бачыць, як расце і мацнее талент кожнага вучня.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.