Захапляе творчасцю

- 10:31Людзі адукацыі

“Каб зацікавіць навучэнцаў будучай прафесіяй, педагогу трэба самому валодаць ёй на высокім узроўні. Аўтарытэт у любой дзейнасці зарабляецца ўласным прыкладам”, — лічыць выкладчыца спецыяльных дысцыплін аддзялення цырульніцкага мастацтва і дэкаратыўнай касметыкі Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Марына Аляксандраўна Булдык.

На працягу 18 гадоў педагог дзеліцца з выхаванцамі сакрэтамі прафесійнага майстэрства і натхняе на творчыя пошукі. І атрымліваецца гэта ў яе вельмі добра. А інакш і быць не можа, калі захапленне супадае з работай.

Марына Аляксандраўна з сям’і ваенных. У дзяцінстве шмат разоў пераязджала з месца на месца, змяніла не адну школу. У адной з іх былі арганізаваны курсы цырульніцкага мастацтва. Цікаўная сямікласніца запісалася на іх і захапілася. Займалася два гады. А пасля заканчэння школы паступіла ў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж на аддзяленне цырульніцкага мастацтва, каб развіць захапленне ў прафесійную дзейнасць. Але на гэтым дзяўчына, дыпламаваны цырульнік-мадэльер і майстар вытворчага навучання, не спынілася. Пасля каледжа яна прадоўжыла адукацыю на факультэце сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

“Працаваць у сістэме адукацыі не планавала, — прызнаецца М.А.Булдык. — Усё атрымалася выпадкова. Але пра гэта зусім не шкадую. У педагагічнай дзейнасці чэрпаю натхненне і сілы для далейшага прафесійнага развіцця. Выкладчыцкая работа прыцягвае тым, што дазваляе вучыць свайму майстэрству іншых, захапляць творчасцю, бачыць поспехі выхаванцаў. Асабліва радуе, калі яны ў прафесійным плане пераўзыходзяць педагога”.

Пад кіраўніцтвам Марыны Аляксандраўны дзяўчаты асвойваюць мадэляванне і мастацкае афармленне прычосак, тэхналогію пасціжорнай справы і конкурснае мадэляванне. “Цырульніцкае мастацтва — творчая прафесія, якая пастаянна развіваецца, — заўважае М.А.Булдык. — Гэта прымушае ўвесь час вучыцца чамусьці новаму. Работа з моладдзю не толькі дае энергію, але і дазваляе заўсёды знаходзіцца ў прафесійным тонусе”.

На працягу многіх гадоў каманда каледжа ўтрымлівае лідарства ў конкурсах цырульніцкага майстэрства рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднага. Выхаванцы Марыны Аляксандраўны заўсёды атрымліваюць на іх узнагароды. Па выніках мінулага навучальнага года на рахунку навучэнцаў — 49 дыпломаў. Так, Алеся Назарава паказала высокія вынікі на Сусветным чэмпіянаце WorldSkills-2015. Сёння выкладчыца займаецца з -Надзеяй Кашцялян, якая ўжо заняла 1-е месца ў сёлетнім Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills, 2-е месца — у конкурсе WorldSkills Russia і 2-месца ў конкурсе WorldSkills China. Наперадзе — Міжнародны чэмпіянат WorldSkills у Абу-Дабі.

Доўгі час М.А.Булдык разам з навучэнцамі (у рангу майстра) выступала на розных конкурсах. Па словах педагога, гэта дапамагае не толькі ўдасканальваць уласнае майстэрства, але і матываваць выхаванцаў, павышаць іх цікавасць да цырульніцкай справы і творчасці. Сёння Марына Аляксандраўна з’яўляецца трэнерам каманды каледжа, вобласці і Беларусі па падрыхтоўцы навучэнцаў да конкурсаў цырульніцкага мастацтва, рэспубліканскім суддзёй такіх спаборніцтваў і экспертам Міжнароднага конкурсу WorldSkills.

“З захопленымі навучэнцамі займаюся дадаткова, — гаворыць М.А.Булдык. — Іх няшмат — адзін-два. Але гэтага дастаткова. Навучэнцам падабаецца бачыць уласны прафесійны рост ад конкурсу да конкурсу і набываць упэўненасць у сабе, што абавязкова дапаможа ім затым у рабоце. Калі чалавек настойліва працуе, то з яго, як правіла, атрымліваецца добры спецыяліст, а калі ў чалавека ёсць яшчэ талент і вялікае жаданне, то ён са-праўдны прафесіянал”.

Марына Аляксандраўна любіць сваіх выхаванцаў і работу, не спыняецца да дасягнутым і знаходзіцца ў бясконцым творчым пошуку. А інакш і быць не можа. Прафесія абавязвае. І не толькі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.