“Згодна з рашэннем Карэліцкага райвыканкама, за высокія вынікі ў вучэбнай, навукова-даследчай, інтэлектуальнай, творчай дзейнасці, за спартыўныя дасягненні, грамадскую дзейнасць навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прысуджаецца стыпендыя Ігната Дамейкі. За апошнія тры гады такую стыпендыю атрымалі 6 навучэнцаў”, — расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці Ірына Валер’еўна АСТАШКЕВІЧ.
— Адной з найбольш важных падзей 2016 года стала ўрачыстае адкрыццё напярэдадні Дня настаўніка новай дашкольнай установы ў Міры, — заўважыла Ірына Валер’еўна. — Яслі-сад разлічаны на 130 месцаў. У ім функцыянуюць 7 груп, у тым ліку ясельная. Установа абсталявана басейнам, прасторнымі музычнай і спартыўнай заламі, медыцынскім пакоем і харчаблокам, аснашчана сучасным абсталяваннем.
Штогод больш за 70% выпускнікоў нашых школ паступаюць ва УВА. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па сямі вучэбных прадметах у раёне вышэйшыя за абласныя. Самыя значныя поспехі падчас ЦТ ужо другі год дэманструюць навучэнцы сярэдняй школы Міра — атрыманы 100-бальныя сертыфікаты па матэматыцы ў 2015 годзе і па беларускай мове ў 2016 годзе.
Па выніках рэспубліканскага этапу конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” дыпломам II ступені ўзнагароджана работа выхаванца ясляў-сада № 1 Карэліч Цімура Мамедава.
Ёсць у нас і значныя спартыўныя дасягненні. На рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі на прыз клуба “Залатая шайба” на працягу двух апошніх гадоў навучэнцы раёна заваёўвалі прызавыя месцы.
— Якія сучасныя тэхналогіі і методыкі прымяняюць педагогі раёна ў адукацыйным працэсе? У якой ступені выкарыстоўваюцца педагогамі інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі?
— У сістэме дашкольнай адукацыі актыўна прымяняюцца выхавальнікамі элементы тэхналогіі ТРВЗ-РТУ. Педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі аддаюць перавагу тэхналогіям крытычнага мыслення, праблемнага навучання, інтэрактыўным метадам навучання.
На сёння сертыфікат карыстальніка інфармацыйных тэхналогій маюць 85% педагагічных работнікаў. Установы адукацыі ў дастатковай колькасці забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай: у сярэднім па раёне на адзін камп’ютар прыходзіцца 6 навучэнцаў 5—11 класаў. У 57% вучэбных кабінетаў устаноўлены камп’ютары на працоўных месцах настаўніка, у 37% ёсць камп’ютары для работы навучэнцаў. Ва ўсіх школах падключаны высакахуткасны інтэрнэт. У бягучым навучальным годзе пачалася работа па ўкараненні ў адукацыйны працэс элементаў праекта “Электронная школа”. На сёння сэрвіс “Электронны дзённік/электронны журнал” апрабоўваецца ў палове ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна.
Каб захаваць дасягнутыя пазіцыі ў гэтым кірунку і ісці ў нагу з часам, неабходна пастаянна абнаўляць камп’ютарную тэхніку, што патрабуе значных фінансавых выдаткаў. На сёння першачарговая задача — замяніць камп’ютары ў кабінетах інфарматыкі дзвюх устаноў адукацыі раёна.
— Магчыма, вашы педагогі з’яўляюцца пераможцамі і ўдзельнікамі конкурсаў?
— За ўдзел у аглядзе-конкурсе прадметных кабінетаў (2014 год) дыплома ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама I ступені ўдастоены вопыт работы настаўніцы французскай мовы Жухавіцкай сярэдняй школы А.М.Янкоўскай. За ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Энергія і асяроддзе пражывання” (у намінацыі “Педагагічная распрацоўка “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў” (2015) дыпломам Міністэрства адукацыі III ступені адзначана намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада Міра С.В.Петрыман. Такі ж дыплом атрымала за ўдзел у конкурсе метадычных распрацовак для дашкольнай адукацыі “Прыступка ў будучыню” (2016) выхавальнік ДЦРД Карэліч І.М.Арцюх. У рамках ХVI Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў рамках святкавання Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі I і II ступеней матэрыялы з вопыту работы настаўнікаў сярэдняй школы Міра Т.І.Шаплыка, Н.В.Квач і А.С.Асташка.
— Як арганізавана профільнае навучанне ў вашым раёне?
— Ва ўстановах адукацыі раёна рэалізуюцца ўсе тры мадэлі арганізацыі профільнага навучання. У бягучым навучальным годзе колькасць устаноў адукацыі, на базе якіх ажыццяўляецца профільнае навучанне, павялічылася да 6. Ахоп такім навучаннем склаў 44,5% вучняў 10—11 класаў. Школьнікі раёна аддаюць перавагу матэматыцы, рускай і беларускай мовам, біялогіі і хіміі. На базе дзвюх устаноў адукацыі функцыянуюць класы педагагічнай накіраванасці.
— Раскажыце, якія цікавыя мерапрыемствы прапануюць дзецям у шосты школьны дзень, падчас канікул.
— Асноўныя напрамкі дзейнасці школ у суботу такія: фізкультурна-аздараўленчы, спартыўна-масавы, прафарыентацыйны. Даволі запатрабаванай з’яўляецца бацькоўская субота (чацвёртая субота месяца), у рамках якой бацькі ўдзельнічаюць у майстар-класах “Цуда-нітка”, “Робім мяккую цацку”, “Зімовыя пейзажы ў аб’ектыве фотакамеры”, а таксама ў пазнавальна-гульнявых праграмах “Усё пра нашы рукі”, спаборніцтвах па аэрахакеі, у гадзінах зносін “Ты і я, ды мы з табой” і інш. Летам у рамках праекта Гродзенскай вобласці “Культурная субота” праводзіліся канцэртна-забаўляльныя, пазнавальныя і танцавальныя праграмы.
Традыцыйна па запытах вучняў у шосты школьны дзень арганізоўваецца работа факультатываў, аб’яднанняў па інтарэсах і спартыўных секцый. Вучні і іх бацькі далучаюцца да раённых культурна-масавых мерапрыемстваў, экскурсій, творчых конкурсаў. Педагогі, спецыялісты сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў, класныя кіраўнікі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі такіх мерапрыемстваў, як маладзёжная трыбуна “Год навукі. Якім я яго бачу?”, прававая гадзіна “Праблема гандлю людзьмі”, круглы стол “Здароўе — гэта асабістая справа кожнага ці справа дзяржавы?”, інтэрактыўная гульня “Здароўе згубіш — новае не купіш” і інш.
Надзея ЦЕРАХАВА.