Захаваем прыроду — зберажом сябе

Педагогі-наватары ясляў-сада № 2 “Сонейка” Касцюковіч рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці выхаванцаў у рамках арганізацыі дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. Інавацыйная дзейнасць ва ўстанове накіравана на фарміраванне грамадзянскай ідэнтычнасці дзяцей праз выхаванне ў іх экалагічнай культуры з дапамогай даследчай дзейнасці.

Эколага-патрыятычнае выхаванне — гэта выхаванне адказнага стаўлення да прыроды, людзей, якія жывуць побач, і да нашчадкаў, якім трэба пакінуць Зямлю, прыдатную для паўнацэннага жыцця. Прырода — невычэрпная крыніца духоўнага ўзбагачэння для малышоў. Даследуючы аб’екты і з’явы жывой прыроды, дзіця ўздзейнічае на іх толькі ўскосна і выступае ў ролі назіральніка, а даследуючы нежывую прыроду, непасрэдна ўздзейнічае на іх і выступае ў ролі пераўтваральніка. Так дашкольнікі даведваюцца пра ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць аб’ектаў жывой і нежывой прыроды, пра тое, які ўплыў аказвае нежывая прырода на расліны, жывёл, і механізмы адаптацыі. Уменне назіраць за прыроднымі з’явамі нараджае звычку рабіць вывады, выхоўвае логіку, развівае выразнасць і прыгажосць маўлення. Прырода эмацыянальна ўздзейнічае на дзіця, выклікае ў яго здзіўленне, жаданне больш даведацца. Дзіця вучыцца падбіраць словы і вызначаць прычыны і залежнасці, паслядоўнасці, узаемасувязі прадметаў і з’яў прыроды, элементарна тлумачыць убачанае.

Незабыўныя ўражанні для дашкольнікаў пры правядзенні даследаванняў аказваюць сустрэчы са спецыялістамі і інфармацыя, атрыманая ад іх. Ужо наведалі нас галоўны спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, вадзіцель смеццявоза, настаўнік хіміі, урач, спецыялісты Дома рамёстваў, лабарант радыяцыйнага кантролю і інш. Карысць прыносяць экалагічныя акцыі “Пасадзі дрэва”, “Захаваем прыгажосць прыроды разам”, “Пачні з чысціні!”, “Пакармі птушак зімой!”, “Мой прыгожы дзіцячы сад”, “Папяровы перапалох”, “Паперы — другое жыццё”, прымеркаваныя да грамадска значных дат і падзей.

Вельмі важна, каб з маленькімі даследчыкамі была арганізавана дзейнасць па стварэнні канкрэтнага прадукту. Так, нашы выхаванцы разам з бацькамі зрабілі кнігу скаргаў прыроды, намалявалі постары “Беражыце прыроду” і схему “Што ўплывае на здароўе чалавека?”. Юныя даследчыкі абавязкова робяць даклады-паведамленні для аднагодкаў.

Малышы даведваюцца пра запаведнікі і нацыянальныя паркі Беларусі, дзе прырода аберагаецца як нацыянальны здабытак, пра помнікі прыроды, якія захавалі прыгажосць і ўнікальнасць да нашых дзён. Не ва ўсіх ёсць магчымасць наведаць прыродныя запаведнікі, таму на занятках педагогі актыўна выкарыстоўваюць маляўнічыя альбомы, паштоўкі, слайды, відэа. У нашым віртуальным музеі знаходзяцца прэзентацыі дзіцячых даследчых работ па тэмах “Бескарыснае — у карыснае”, “Елачкіны сакрэты”, а таксама дзіцячы відэарэпартаж аб незвычайных відах дрэў роднага краю і іх карысці для людзей.

Духоўнае і матэрыяльнае багацце краіны ў будучыні залежыць ад дзеянняў і ўчынкаў нашых дзяцей, ад жыццёвых прынцыпаў, якія мы, дарослыя, закладзём у іх свядомасць сёння. Для таго каб захаваць сябе, нам трэба захаваць прыроду. Няма нічога даражэйшага, чым свежае паветра лесу, празрыстасць блакітнага неба, чыстыя рэкі і азёры з зялёнымі берагамі.

Святлана МІРОНАВА,
выхавальніца ясляў-сада № 2 “Сонейка” Касцюковіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *