Захавальнік пячаткі

- 13:47Адукацыйная прастора

Упэўнена, калі б у нашай краіне праводзіўся конкурс “Лепшы дырэктар школы”, годнае прызавое месца ў ім было б аддадзена Міхаілу Мар’янавічу Гружэўскаму.
Ён якраз з такіх гаспадароў, у якога пры аднолькавых умовах сціплага фінансавання ўсё самае лепшае ва ўстанове, і нават здаецца (хай так і будзе!), што ўсе праблемы абмінаюць школу.

Сярэдняя школа № 1 Ашмян прызнана лепшай у Гродзенскай вобласці, і калектыў установы атрымаў сертыфікат “Брэнд адукацыі-2013”. Ключавая роля ва ўсім гэтым поспеху належыць, вядома ж, дырэктару школы. Менавіта дзякуючы асобасным і прафесійным якасцям Міхаіла Мар’янавіча, першая ашмянская школа стала першай ва ўсім. Дырэктар вызначае палітыку адукацыі сваёй установы, нясе адказнасць за ўсё, што там адбываецца.

Дзе нарадзіўся, там і адбыўся

Міхаіл Мар’янавіч — тутэйшы ашмянскі хлопец, хоць яго прозвішча мае дачыненне да польскага шляхецкага роду. Нарадзіўся ў вельмі камяністай мясцовасці, як ён сам жартуючы адзначае, вёсцы Каменка, якая знаходзіцца паміж Гальшанамі і Ашмянамі. І сам знешне валун нагадвае — такі ж велічэзны, моцны, надзейны. Сваю родную Ашмяншчыну пакідаў толькі на 2 гады, калі аддаваў доўг Радзіме ў пагранвойсках.
Міхаіл Мар’янавіч — малодшае дзіця ў сям’і Гружэўскіх. Маці Уладзіслава Антонаўна і бацька Мар’ян Іосіфавіч імкнуліся даць сваім нашчадкам годную адукацыю — усе чацвёра дзяцей атрымалі дыпломы аб вышэйшай адукацыі. Старэйшая дачка Станіслава стала настаўніцай пачатковых класаў, другая дачка Марыя — эканамістам-бухгалтарам, старэйшы брат Іван выбраў аграномію, затым яшчэ выкладаў у тэхнікуме.
— Сястра на 16 гадоў была старэйшая за мяне, — узгадвае Міхаіл Мар’янавіч. — Яна і паўплывала на мой прафесійны выбар. Але маё працоўнае жыццё пачыналася ў сельскай гаспадарцы, бо па першай адукацыі я эканаміст, скончыў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Ужо пасля службы ў арміі вучыўся ў Гродзенскім універсітэце — па другой спецыяльнасці я настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. Пачынаў сваю педагагічную дзейнасць настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў сярэдняй школе № 2 Ашмян.
У 70—80-я гады да гэтага прадмета было вельмі сур’ёзнае стаўленне. Ваенрук падпарадкоўваўся адразу двум ведамствам — аддзелу адукацыі і ваенкамату. Страявыя, воінская дысцыпліна, гульні “Арляня” і “Зарніца”— усё гэта падабалася Міхаілу Мар’янавічу. Амаль 10 гадоў выкладаў ваенную справу вучням 2-й ашмянскай школы Гружэўскі, а затым яго арганізатарскія здольнасці былі ацэнены кіраўніцтвам, і ён атрымаў новае прызначэнне — арганізатар пазашкольнай і пазакласнай работы. Яшчэ ў Міхаіла Мар’янавіча быў невялікі вопыт работы ў аддзеле адукацыі ў якасці інспектара, а адтуль яго ўжо накіравалі на “перадавую” — у школу.

Не складаючы рук

Міхаіл Мар’янавіч выдатна памятае 9 ліпеня 1987 года, бо ў той дзень ён атрымаў пячатку сярэдняй школы № 1 Ашмян. А з ёй і першае службовае заданне — зрабіць сталовую ў школе 1929 года пабудовы і адрамантаваць дах. Калі здолее выканаць усё ў тэрмін і якасна, значыць, адбудзецца як дырэктар. У першыя месяцы работы новага кіраўніка падначаленыя больш бачылі на даху, чым у працоўным кабінеце. І як вынік — да першага верасня дах быў прыведзены ў парадак. Наступная чарга была за сталовай. Спецыяльнага памяшкання ў будынку першай ашмянскай школы пад яе прадугледжана не было, таму Міхаіл Мар’янавіч узяўся за рэканструкцыю. Сам намаляваў план-праект, выбраў месца для сталовай, кухні, падсобных памяшканняў, сам вырашаў пытанне з будаўніцтвам. Хто памятае 80-я гады ХХ стагоддзя, той разумее, на які час прыпадала гэтае будаўніцтва: грошай было дастаткова, але дэфіцыт быў вялікі на ўсё. Каб забяспечыць будучую новую сталовую тэхнікай, посудам, Міхаіл Мар’янавіч выпісаў машыну, узяў шмат даверанасцей, па якіх і адбываўся разлік за тавар, і адправіўся да суседзяў з іншых рэспублік Саюза. Чатыры дні ў дарозе па невялікіх населеных пунктах Літвы і Латвіі, начлегі ў машыне ў полі ці ў лесе — і да восеньскіх канікул вучні першай ашмянскай школы ўжо атрымлівалі гарачае харчаванне з прыгожага посуду ва ўласнай установе ў асобным прыладжаным для прыёму ежы памяшканні.
Навыкі прараба, будаўніка, забеспячэнца, якія Міхаіл Мар’янавіч набыў у першыя месяцы на пасадзе дырэктара школы, яму спатрэбяцца яшчэ пры будаўніцтве новага будынка школы. Гружэўскі не з ліку тых шчасліўчыкаў, якія атрымліваюць ключ ад новай школы, абсталяванай усім неабходным, ён найперш вялікі працаўнік і аптыміст. Многія не верылі, што першая школа атрымае калі-небудзь новы будынак. Яго будаўніцтва пачалося яшчэ пры Саюзе, а скончылася пры незалежнай Рэспубліцы Беларусь, а гэта 10 доўгіх гадоў. На сваю рызыку Міхаіл Мар’янавіч у 1997 годзе перавёў частку калектыву навучацца ва ўжо пабудаваныя памяшканні новай школы, калі вакол яшчэ ва ўсю вяліся будаўнічыя работы. Гэта было ўсвядомленае рашэнне: трэба было прадэманстраваць, што новая школа жыве, і выбіць грошы на завяршэнне праекта. Але перад тым як на гэта рашыцца, Міхаіл Мар’янавіч прыняў неабходныя меры па бяспецы — дзеці і педагогі былі пад абаронай.

Выхаванне прыгажосцю

Хто ў летні час трапляе на школьны двор сярэдняй школы № 1 Ашмян, той не можа ўстрымацца ад кампліментаў захаплення ў адрас стваральнікаў гэтай прыгажосці. Людзі знаходзілі падабенства з паркам Пецяргофа, Нікіцкім батанічным садам у Крыме.
Але былі і тыя, хто не разумеў захаплення дырэктара школы кветнікамі, называў яго дзіваком. Толькі калі па ўсёй краіне пайшоў рух па добраўпарадкаванні і азеляненні прышкольных тэрыторый, сярэдняя школа № 1 Ашмян апынулася лідарам і пачынальнікам.
— Я не стаўлю школьную тэрыторыю ў аснову ўсяго, — кажа Міхаіл Мар’янавіч. — У школе самае галоўнае — працэс навучання і выхавання, але ён узаемазвязаны з прышкольнай тэрыторыяй. У Станіслаўскага ёсць выраз, што тэатр пачынаецца з вешалкі… А школа з чаго пачынаецца? З тэрыторыі, натуральна.
Праз школьны двор праходзяць штодня да тысячы жыхароў мікрараёна Заходні Ашмян — на працу і назад дадому. У адзін час санстанцыя пагражала дырэктару штрафамі, калі ён не ўстановіць на школьным двары смеццевыя малыя кантэйнеры. А ў Міхаіла Мар’янавіча на тое быў свой погляд: смецце ж не валяецца ў двары — для чаго тады кантэйнеры? Людзі, знаходзячыся ў прыгожым месцы, трапляюць у палон гэтай прыгажосці і не жадаюць нічога там ламаць, знішчаць, смяціць…
У мікрараёне першай ашмянскай школы няма пакуль ні адной зоны адпачынку, таму маладыя матулі з каляскамі, пажылыя людзі, закаханыя парачкі — усе адпачываюць на прышкольнай тэрыторыі. Для зручнасці Міхаіл Мар’янавіч устанавіў для іх не смеццевыя кантэйнеры, а лаўкі. Аж 57 штук! Кожны чалавек знойдзе сабе месцейка на прышкольным двары першай школы, каб адпачыць, падумаць, пагутарыць, памарыць. Развіць фантазію дапамагаюць карабель пад пунсовымі ветразямі, замак, фантаны…
Міхаілу Мар’янавічу дарагі і любы кожны куток на прышкольнай тэрыторыі. Ён у адной асобе і ландшафтны дызайнер, і садоўнік, і кветкавод, і біёлаг. З самых любімых раслін — туі. Іх вакол школы пасаджана 170 штук.

Па ўзоры якасці і парадку

Педагагічны калектыў сярэдняй школы № 1 Ашмян дасягнуў значных вынікаў у вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Дзецям пакарыўся алімпіядны небасхіл: за апошнія тры гады навучэнцы школы занялі 18 прызавых месцаў у абласным і рэспубліканскім этапах прадметных алімпіяд па геаграфіі, працоўным навучанні, грамадазнаўстве, інфарматыцы. І сёлета тры вучні сталі пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, біялогіі, працоўным навучанні. Выдатныя веды дэманструюць выпускнікі школы на ЦТ, больш за 75 працэнтаў іх становяцца студэнтамі УВА і ў асноўным бюджэтнай формы навучання.
Ды і самі настаўнікі імкнуцца прадэманстраваць свой вопыт і напрацоўкі на розных конкурсах. Так, за мінулы год яны сталі пераможцамі ІІІ Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу метадычных распрацовак “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў”, а настаўніца фізікі Марына Францаўна Дудойць прызнана абсалютным пераможцам абласнога этапу і лаўрэатам рэспубліканскага этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”.
Званне “Школа ўзорнай якасці і парадку” сярэдняя школа № 1 Ашмян носіць па заслугах. Вось ужо на працягу апошніх пяці гадоў яна займае першую пазіцыю ў рэйтынгу ўстаноў адукацыі раёна.
Пры гэтым па конкурсным адборы педагогаў у школу не прымаюць. Сама атмасфера школы, сістэма работы такая, што тут нельга працаваць абы-як. Міхаіл Мар’янавіч — чалавек патрабавальны, як да сябе, так і да сваіх калег. А як жа інакш — настаўнікі працуюць з самым каштоўным на гэтай зямлі — душамі і розумам дзяцей. Памылка тут паварочваецца зламаным лёсам, жыццём чалавека.
Як і кожная ў краіне ўстанова, сярэдняя школа № 1 Ашмян адчувае дыфіцыт прафесійных кадраў. Самымі запатрабаванымі з’яўляюцца настаўнікі замежных моў. За імі Міхаіл Мар’янавіч выязджае асабіста ва УВА, угаворвае…
— Не падтрымліваю тых, хто кажа, што моладзь масава дрэнная, — заўважае дырэктар. — Гэта, напэўна, вечнае бурчанне пакаленняў. І пра нас так некалі казалі… Клапатліва ставімся да моладзі. Асноўныя прычыны, па якіх моладзь не застаецца ў школе, — адсутнасць свайго жылля і невысокая заработная плата. Замацаванне маладых спецыялістаў у нас складае 65 працэнтаў. Выдатна, што нас падтрымліваюць пенсіянеры. Сёння такіх у калектыве 11 чалавек. Яны выдатныя спецыялісты, знайсці ім замену будзе складана. У педагагічнай справе важна прызванне і любоў да працы. Пайсці са школы можна заўсёды, і многія гэта рабілі, бо ў Ашмянах можна ўладкавацца на мытню, ёсць вакансіі. Хто хацеў, той сышоў. Чалавек прырастае душой да справы. Я сябе без школы ўжо і не ўяўляю”.

Самы лепшы для сябе

У першай ашмянскай школе нават самы заўзяты двоечнік можа за адну чвэрць стаць самым лепшым вучнем у класе, школе. Як? Выйграць спаборніцтва “Самы класны вучань”. А для класа прапаноўваецца конкурс “Самы лепшы клас”. У гэтым конкурсе школьнікі не спаборнічаюць паміж сабой, а толькі самі з сабой. Напрыклад, у першай чвэрці вучань атрымаў 7 балаў па матэматыцы, а ў другой ужо 8 балаў — значыць, вырас на цэлы бал. Пры гэтым у спаборніцтве ўлічваюцца не толькі поспехі ў вучобе, але і ў іншых справах, напрыклад, наколькі актыўна вучань удзельнічае ў грамадскім жыцці класа, школы, у зборы макулатуры, металалому, прадстаўляе свае таленты на спартыўных, канцэртных пляцоўках. Тым больш што для развіцця здольнасцей у школе створаны выдатныя ўмовы. Дзяцей запрашаюць тры ўзорныя калектывы: эстрадных спеваў “Палёт”, фальклорны ансамбль песні і танца “Званочак” і тэатр танца “Эфект”, ёсць музей гісторыі школы, якому прысвоена званне “Народны”. —
У гэтым конкурсе можа перамагчы якраз хутчэй троечнік, таму што яму лягчэй расці, — тлумачыць Міхаіл Мар’янавіч. — Выдатнік і так ужо на вяршыне. Вынікі падводзяцца кожную чвэрць, у канцы года. Пераможцы ўзнагароджваюцца.
Для эфектыўнага навучання кожнага дзіцяці ў першай школе ствараюцца розныя ўмовы навучання. Так, да 2008 года ў кожнай паралелі працаваў гімназічны клас, а на старшай ступені навучання — юрыдычны і нават адзіны ў рэспубліцы мытны клас. На гэты час профільнае навучанне кампенсуецца факультатывамі — імі ахоплена 79 працэнтаў школьнікаў, 10—11 класы працуюць па праграмах вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні. Вялікай папулярнасцю ў бацькоў карыстаюцца платныя дадатковыя паслугі, якія яны паміж сабой называюць афіцыйным школьным рэпетытарствам. І ўсё таму, што вельмі добрыя вынікі іх дзеці затым дэманструюць на ЦТ.

Мая справа не з краю

— Усё, што тычыцца дзяцінства, — адзначае Міхаіл Мар’янавіч, — гэта школьныя пытанні. Не проста падзяліць абавязкі ў дачыненні да дзяцей — вось за гэта адказвае міліцыя, за тое ЖЭС, а тут школа. Мы разам з бацькамі і ўсімі ведамствамі ў адказе за дзяцей.
Міхаіл Мар’янавіч бярэ на сябе адказнасць і адказвае. Найперш сваім сэрцам, якое ён падарыў сваёй школе. Некалі яго мучыў адзін сон: “Быццам накіравалі мяне на працу ў іншую структуру, а мне там вельмі дрэнна. Я прыйшоў да начальніка аддзела адукацыі і малю, каб мяне вярнулі ў школу. Прачынаюся і з палёгкай уздыхаю: гэта толькі сон”.
Наяве ж Міхаіл Мар’янавіч у страі. І хоць расці быццам ужо школе і няма куды — яна на вяршыні, але дырэктар бачыць вялікія перспектывы. На тое ён і палітык адукацыі ў сваёй установе.
Доўгіх творчых вам гадоў, Міхаіл Мар’янавіч!

Святлана КІРСАНАВА.
Фота з архіва сярэдняй школы № 1 Ашмян.