Захаванне харчовай бяспекі — прыярытэтная і стратэгічная задача развіцця грамадства

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Рэгламенты ў галіне захавання бяспекі прадуктаў харчавання неабходна ўдасканальваць. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы на I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Малекулярная дыягностыка — 2018” у Мінску.

Урад краіны разглядае захаванне харчовай бяспекі як прыярытэтную і стратэгічную задачу развіцця грамадства. “Без навуковага забеспячэння, абагульнення перадавога як айчыннага, так і замежнага вопыту ў асобна ўзятай краіне гэта зрабіць немагчыма, — сказаў Міхаіл Русы. — Мы павінны праводзіць гэтую работу ў адпаведнасці з лепшымі міжнароднымі стандартамі. Гэта неабходна для забеспячэння якасці харчовых прадуктаў, якія спажываюцца як унутры краіны, так і пастаўляюцца ў іншыя краіны”.

Адпаведныя стандарты, паводле слоў віцэ-прэм’ера, пастаянна мяняюцца, дапаўняюцца, удасканальваюцца. “Мы павінны працаваць і ў рамках СНД, і Саюзнай дзяржавы, і ЕАЭС, і Мытнага саюза, адкуль мы пачыналі. Час праляцеў хутка, а па рэгламентах мы засталіся на тых узроўнях, што і былі. Таму нам трэба аператыўна, не адкладаючы, за год-паўтара знайсці новыя падыходы, канцэпцыі менавіта ў вырашэнні гэтых пытанняў. Гэта тычыцца і работы з ЕС”, — адзначыў ён.

Міхаіл Русы дадаў, што месяц назад гэтыя пытанні абмяркоўваліся з еўракамісарам Віцянісам Андрукайцісам у час яго работы ў Беларусі. Па многіх аспектах былі знойдзены агульныя падыходы.

У размове з журналістамі Міхаіл Русы паведаміў, што Беларусь і Расія на форуме рэгіёнаў 12 кастрычніка падпішуць балансы на пастаўку прадуктаў харчавання. “Балансы на пастаўку прадуктаў харчавання ўзгоднены ў міністэрствах сельскай гаспадаркі і будуць падпісаны 12 кастрычніка на нашым вялікім форуме рэгіёнаў. Прадугледжваюцца даволі сур’ёзныя пастаўкі прадуктаў харчавання на расійскі рынак, у канкрэтных аб’ёмах, па відах, таму работа вядзецца даволі сур’ёзная. Гэтыя пастаўкі будуць забяспечаны”, — падкрэсліў ён.