Захаваць чалавечнасць

- 9:00Людзі адукацыі

Настаўнік. Адно толькі слова, а як многа яно ўвабрала ў сябе. Здаецца, цэлы свет. Гэта незвычайная прафесія, якая звязана з дзяцінствам і патрабуе… Ды чаго толькі ні патрабуе прафесія настаўніка! Быць адначасова і выхавальнікам, і псіхолагам, і мастаком, і артыстам, і сябрам, і дарадцам. Яго працу нельга ўціснуць у рамкі працоўнага дня. Ён, здаецца, працуе на працягу сутак. І ўсё для таго, каб не толькі вучыць дзяцей неабходнаму, але і захаваць у іх душах і сэрцах галоўнае — чалавечнасць. Вялікае шчасце — сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці. Да ліку такіх адносіцца Марыя Антонаўна Блізнік, якая ўжо 21 год выкладае рускую мову і літаратуру.

Працоўную дзейнасць Марыя Антонаўна пачала ў 1978 годзе настаўніцай пачатковых класаў Алясінскай базавай школы Астравецкага раёна. З 1980 года працавала ў сярэдняй школе № 1 Астраўца, з 1999 года — настаўніцай рускай мовы і літаратуры. З 2005 года — у гімназіі № 1 Астраўца. Яна вельмі таленавіты педагог, які добра валодае сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі і метадамі, эфектыўна прымяняе іх на практыцы. Узровень адукацыі і прафесіяналізму, кампетэнтнасць дазваляюць педагогу дасягац­ь высокіх вынікаў у навучанні і выхаванні навучэнцаў. Калегі ведаюць, што любая справа, за якую бярэцца настаўніца, бу­дзе выканана на найвышэйшым узроўні. Інтэ­лектуальныя конкурсы, алімпіяды па вучэбным прадмеце, навукова-практычныя канферэнцыі, адкрытыя ўрокі, мерапрыемствы самага высокага ўзроўню заўсёды праходзяць вынікова.

Марыя Антонаўна ў першую чаргу імкнецца выявіць адораных дзяцей, якія маюць схільнасць да вучобы, актыўную пазнавальную патрэбнасць. У 2015/2016 навучальным годзе яе вучні заваявалі 5 дыпломаў на другім, у 2016/2017 навучальным годзе — 6 дыпломаў на другім, дыплом III ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. У 2017/2018 навучальным годзе пераможцамі раённага этапу сталі 9 вучняў. На трэцім этапе навучэнцы Марыі Антонаўны атрымалі дыпломы II і III ступені, грамату, на заключным этапе — дыплом III ступені. У 2018/2019 годзе дыпломы I і II ступені — раённы этап рэспубліканскай алімпіяды, дыпломы I і II ступені (3 вучні) у раённай алімпіядзе. У 2019/2020 навучальным годзе — дыплом I ступені на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Педагог арганізуе навукова-даследчую дзейнасць вучняў, вынікам якой з’яўляюцца перамогі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Шлях да поспеху”, абласных конкурсах даследчых работ “Край Гарадзенскі”, “Хрустальная Альфа”. Падрыхтавала пераможцаў раённых конкурсаў сачыненняў эпісталярнага жанру, чытальнікаў вершаў “Жывая класіка”, завочнай абласной алімпіяды “Адкрываю свет педагагічнай прафесіі”.

Актыўна прымае ўдзел у творчых конкурсах. Распрацаваны педагогам конкурс­ны праект “Мы гаворым пра Пушкіна” прызнаны лепшым у раёне. Вялікая работа праведзена Марыяй Антонаўнай па метадычным забеспячэнні вучэбнага працэсу, назапашванні метадычных, дыдактычных віртуальных матэрыялаў. Кабінет рускай мовы і літаратуры — пераможца раённага конкурсу-агляду вучэбных кабінетаў.

Марыя Антонаўна ўзначальвае работу школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай і беларускай мовы і літаратуры, прымае актыўны ўдзел у рабоце абласной творчай групы настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, атэстацыйнай камісіі. З’яўляецца членам рэспубліканскай групы пры Нацыянальным інстытуце адукацыі па экспертызе падручнікаў “Руская літаратура” для 10 і 11 класаў. Перадавы педагагічны вопыт распаўсюджвае праз дзейнасць віртуальнага кабінета, правядзенне майстар-класаў раённага і абласнога ўзроўню, публікацыю матэрыялаў у часопісе “Руская мова і літаратура”.

З 2014 года з’яўляецца ўдзельніцай творчай групы педагогаў абласнога рэсурснага цэнтра на базе гімназіі па тэме “Выкарыстанне сістэмы прафесійных проб пры падрыхтоўцы вучняў да выбару прафесіі”. Распрацавала вучэбна-метадычны комплекс па праграме прафесійнай пробы “Настаўнік”. На ўзроўні раёна і вобласці праводзіць аўтарскі майстар-клас “Імідж сучаснага педагога”. Трансліруе вопыт работы рэсурснага цэнтра на раённых і абласных семінарах “Інавацыйныя тэхналогіі прафарыентацыйнай работы”, “Інавацыі ў адукацыі”, “Тэарэтычныя і практычныя асновы ўкаранення сістэмы прафесійных проб як сродку прафесійнага самавызначэння вучняў”, “Стварэнне і развіццё інавацыйнага асяроддзя гімназіі”, абласным фестывалі рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце “Патэнцыял поспеху”. У рэспубліканскім завочна-вочным конкурсе метадычных распрацовак “Майстар-клас як эфектыўная форма павышэння прафесійнага майстэрства настаўніка рускай мовы” заваявала дыплом ІІІ ступені (2019). Калектыў гімназіі ганарыцца дасягненнямі калегі. Яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Яе ўрокі — прыклад для іншых настаўнікаў, на які трэба раўняцца, вышыня, да якой неабходна імкнуцца. Для Марыі Антонаўны характэрны глыбокае веданне свайго прадмета, творчы падыход да справы, пастаяннае імкненне да творчасці і самаўдасканалення. Пра такіх настаўнікаў гавораць, што гэта настаўнік ад Бога. Яна сапраўды таленавіты чалавек, майстар сваёй справы. І гэтаму майстэрству не вучаць ні ў школах, ні ў іншых навучальных установах. Гэта прызванне, заклік душы і сэрца.

Багатае педагагічнае жыццё не перашкодзіла ёй рэалізаваць сябе і ва ўсіх астатніх сферах чалавечага жыцця. Жонка, маці, бабуля і проста ўсмешлівая прыгажуня — вось у чым заключаецца для яе гармонія быцця.

Алена ПРАСКІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Астраўца.