Захаваць дынаміку росту тавараабароту

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Малдова разлічваюць захаваць дынаміку росту тавараабароту. Гэта было адзначана на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам на палях пасяджэння ў Сочы Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на нядаўнюю сустрэчу прэзідэнтаў у Кішынёве, паміж краінамі паспелі ўжо назбірацца пытанні, якія неабходна вырашаць. “Таму мы сустракаемся. Думаю, абмяркуем усе праблемы і пытанні, якія могуць быць толькі ў нас у адносінах. Хоць праблем, здаецца, такіх няма”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы ўважліва назіраем за развіццём падзей у Малдове, гэтак жа, як і вы — у Беларусі. Я гатовы абмяняцца думкамі наконт гэтага”, — дадаў прэзідэнт.

У сваю чаргу Ігар Дадон падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за афіцыйны візіт у Малдову. Ён расказаў, што трактары, якія былі падораны беларускім бокам, дастаўлены ў рэгіёны, якія маюць у гэтым патрэбу, а сумесна пасаджаная прэзідэнтамі кукуруза ўжо ўзышла.

“Мы з задавальненнем адзначаем рост гандлю. Вядома, мы павінны зрабіць усё магчымае, каб вярнуцца да ўзроўню, які быў у нас некалькі гадоў назад. Тая дынаміка, якую мы назіраем, дае вельмі добры сігнал, што і ў гэтым годзе прадоўжым рост гандлю паміж нашымі краінамі”, — сказаў малдаўскі лідар.

Ён таксама выказаў надзею, што Беларусь падтрымае Малдову пры разглядзе на саміце ЕАЭС прадастаўлення ёй статусу наглядальніка пры саюзе. “Для нас гэта вельмі важна, мы адкрыты да дыялогу і з Захадам, і з Усходам”, — сказаў Ігар Дадон.