Захаваць таленты

- 7:33Пункт погляду

Алімпіядны марафон для вучнёўскай эліты стартуе з пачатку наступнага тыдня. Канцэнтрацыя інтэлекту, здольнасцей і таленту будзе панаваць адразу ў некалькіх буйных гарадах краіны. 

За час працы ў “Настаўніцкай” я шмат разоў была на адкрыццях і закрыццях рэспубліканскай алімпіяды, дзе гутарыла з дзецьмі, педагогамі, прадстаўнікамі журы. Бачыла многае: яркія эмоцыі трыумфу, горкае расчараванне і слёзы. Усе гэтыя перажыванні зразумелыя. Падрыхтоўка да алімпіяды — працэс насычаны і напружаны. Гэта перыяд, калі будучыя ўдзельнікі вельмі шмат чытаюць, вучаць, рашаюць, аналізуюць, паўтараюць, стараючыся яшчэ і яшчэ раз усё раскласці ў сваёй галаве. І гэта тыя, хто здолеў дайсці да рэспубліканскага этапу! Яны — ужо пераможцы і гатовыя студэнты.

Дарэчы, многія кіраўнікі рэгіянальных каманд, члены журы не раз гаварылі, што пераможцы ўжо нават трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах гатовы засвой­ваць універсітэцкія праграмы (пакуль жа яны атрымліва­юць 100 балаў па адпаведным прадмеце). Больш за тое, гэтыя навучэнцы — рухавікі ўніверсітэцкай навукі, бо пры падрыхтоўцы да алімпіяды яны пераварочваюць горы вучэбнай і навуковай літаратуры!

Цяпер на вызваленне ад здачы ЦТ могуць прэтэндаваць прызёры толькі чацвёртага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Пры гэтым прадмет алімпіяды павінен супадаць з першым профільным прадметам ЦТ, які патрэбны для паступлення на пэўную ўніверсітэцкую спецыяльнасць. 

Сусветная барацьба за розумы чарговы раз дэманструе, што выйграюць тыя краіны, дзе для адоранай моладзі не проста ствараюцца камфортныя ўмовы, але і дэманструецца траекторыя далейшага развіцця. Нашы здольныя школьнікі-алімпіяднікі бачаць такую траекторыю, калі ўключаюцца ў алімпіядны рух. Яны разумеюць, што першая перамога надае веру ў сябе і свае магчымасці, другая — падмурак для атрымання дыплома ў 11 класе. Ну, а дыплом пераможцы ў выпускным класе — гарантаванае месца ва ўніверсітэце. 

А далей? Далей многія алімпіяднікі губляюцца ва ўніверсітэцкіх калідорах. Далёка не ўсе выкладчыкі падхопліваюць студэнтаў з паспяховым алімпіядным мінулым. Канечне, ім прасцей вучыцца, бо навыкі, атрыманыя падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў алімпіядах, спрыяюць добраму і хуткаму засваенню ўніверсітэцкай вучэбнай праграмы. Але ж патэнцыял такіх маладых людзей не абмяжоўваецца праграмай. Думаю, зразумела, што калі агню няма чым сілкавацца, то ён гасне.

Дарэчы, гэтую праблему агучыў і міністр адукацыі Андрэй Іванец. “Нам нельга губляць тых, хто займае прызавыя месцы, і тых, хто праходзіць доўгі шлях падрыхтоўкі і ўдзелу ў алімпіядзе па вучэбных прадметах. Бо менавіта яны будуць студэнтамі нашых універсітэтаў і каледжаў. Мы значна недапрацоўваем у суправаджэнні адоранай моладзі на ўсіх узроўнях адукацыі, а заказчыкі кадраў і зусім не запрашаюць гэтых юнакоў і дзяўчат”, — падкрэсліў міністр падчас выніковай калегіі галіновага ведамства.

Насамрэч у нас выбудавана сістэма выяўлення і падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі. Паспяхова працуе савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Новай формай уключэння адораных навучэнцаў у інтэлектуальна-пазнавальную дзейнасць з’яўляецца работа Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. 

Чаго не хапае? Падтрымкі ўніверсітэтаў. Канцэнтрацыя інтэлекту, здольнасцей і таленту школьнікаў-алімпіяднікаў не павінна зніжацца ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях і лабараторыях. Таленавітыя дзеці патрабуюць асаблівай увагі. І калі ў школах яны яе атрымліваюць, то ва ўніверсітэтах — больш жорсткія ўмовы. Канечне, дарослае жыццё вельмі патрабавальнае. Але ж і дарослым патрэбны ўвага і падтрымка.

Вядучая рубрыкі Вольга ДУБОЎСКАЯ.