Захаваць традыцыі, павысіць якасць працы і раскрыць дзіцячыя таленты: лаўрэатамі прэміі ФПБ сталі выдатныя педагогі

- 11:04Новости

Лаўрэатамі прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сталі прадстаўнікі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Нашы калегі адзначаны ў намінацыях “За значны ўклад у галіне якасці” і “Сацыяльная сфера: за высокія дасягненні ў працы”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У намінацыі “За значны ўклад у галіне якасці” прэмія ФПБ прысуджана прафесару кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў інжынернага факультэта Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Яўгену Аўчыннікаву. Па словах Яўгена Вітальевіча, адным з напрамкаў яго даследаванняў з’яўляецца распрацоўка цвёрдых і звышцвёрдых пакрыццяў з выкарыстаннем графену. Гэта дазволіць атрымаць новы клас нанакампазіцыйных пакрыццяў, якія валодаюць нізкім каэфіцыентам трэння і высокай зносаўстойлівасцю ў адносінах да пакрыццяў, якія атрымліваюцца традыцыйнымі метадамі. Гэты інавацыйны праект рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве з ФТІ НАН Беларусі і ФТІ імя А.Ф.Іофе РАН.

— Наша доўгатэрміновая мэта — стварэнне рэгіянальнага цэнтра плазмахімічных тэхналогій, — дзеліцца Яўген Аўчыннікаў. — Гэты цэнтр забяспечыць патрэбы прамысловых і аграпрамысловых прадпрыемстваў. Аднак стварэнне такога маштабнага цэнтра патрабуе значных інвестыцый, і без дзяржаўнай падтрымкі нам не абысціся.

У намінацыі “Сацыяльная сфера: за высокія дасягненні ў працы” прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі атрымала педагог дадатковай адукацыі Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Валянціна Лёгкая. Як лічыць Валянціна Мікалаеўна, народны фальклор — адзін з наймацнейшых сродкаў маральнага, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.

— Старадаўняе беларускае адзенне стала для нас крыніцай натхнення і нацэліла на вывучэнне яго гісторыі і асаблівасцей вышыўкі. Галоўная мая задача як педагога, кіраўніка студыі — захоўваць традыцыі, народную культуру нашых продкаў і перадаваць гэтую спадчыну падрастаючаму пакаленню.

Разам з навучэнцамі ўзорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Валянціна Лёгкая ажыццяўляе работу па зборы этнаграфічнага матэрыялу, рэгіянальных народных строяў і яго элементаў, такіх як галаўны ўбор, арнамент вышыўкі, фартух, вывучае іх значэнне і сімволіку. На думку Валянціны Мікалаеўны, чым раней дзеці далучаюцца да этнакультуры і гісторыі свайго народа, тым мацнейшай будзе сувязь з каранямі. Абноўленыя рукамі дзяцей ручнікі, сурвэткі, лялькі, народныя строі даюць магчы­масць лепш адчуць унікальнасць традыцыйнай культуры столінскага Палесся, прывіва­юць павагу і любоў да культурна-гістарычнай спадчыны малой радзімы.

Таксама былі вызначаны лаўрэаты прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2025 года ў сферы літаратуры, мастацтва, журналістыкі і творчай самадзейнасці. Гэтая ўзнагарода ўручаецца раз у два гады. Лаўрэатам прэміі ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сталі ўзорны хор “Фэст” сярэдняй школы № 201 Мінска і яго кіраўнік Элеанора Старажук.

— Музыка заўсёды была маёй страсцю, а калі з’явілася магчымасць стварыць дзіцячы хор з нуля, з радасцю ўзялася за гэтую справу, — прызнаецца Элеанора Нічыпараўна. — Так нарадзіўся наш узорны хор “Фэст”. Для мяне гэта не проста работа — гэта місія: раскрываць таленты дзяцей, вучыць іх любіць музыку і выступаць з душой. Ганаруся кожным нашым выступленнем. Самай галоўнай ацэнкай творчасці нашага хору з’яўляецца гранд-прэмія і званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай мола­дзі. А для мяне галоўнае дасягненне — бачыць, як дзеці растуць, становяцца больш упэўненымі і нясуць па жыцці любоў да музыкі і харавога мастацтва, якую перададуць будучым пакаленням.

Уручэнне заслужаных узнагарод адбудзецца 1 мая — у Дзень працы.

Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлена Столінскім раённым цэнтрам дзіцячай творчасці