Захопленая працай

Калі нешта робіш, то трэба рабіць гэта добра. Такім прынцыпам кіруецца ў сваім жыцці і педагагічнай дзейнасці настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Магілёва Вольга Дуплеўская. За якую б справу яна ні ўзялася, выкладваецца заўсёды ў поўнай меры сваіх магчымасцей.

У педагогіку Вольга Валер’еўна прый­шла свядома. Іншага шляху для сябе не бачыла, бо з гэтай прафесіяй знаёма з дзяцінства.

— Мой тата Валерый Афанасьевіч Ізюраў — педагог дадатковай адукацыі. Больш за сорак гадоў ён штодня прысвячае сябе дзецям. Мае нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Гледзячы на яго адданасць працы, таксама хацелася стаць настаўнікам. Гэтае імкненне ператварылася ў цвёрдае рашэнне пасля паступлення на вучобу ў Магілёўскі абласны ліцэй № 1. Менавіта гэтая падзея канчаткова арыентавала мяне на настаўніцкі шлях. Я вучылася ў філалагічным класе ў цудоўнага педагога заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Людмілы Васільеўны Паповай. Пасля яе ўрокаў выразна для сябе вызначыла — буду настаўнікам. Прычым настаўнікам-філолагам, хоць крыху падобным на Людмілу Васільеўну. І так вырашыла не толькі я адна. Больш за палову класа працягнулі вучобу на філалагічным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова, — расказала В.В.Дуплеўская.

Вучобу ва ўніверсітэце Вольга Валер’еўна ўспамінае з цеплынёй, бо для яе гэта быў залаты час, вельмі шчаслівыя гады. Цікавыя практыкі, фальклорныя экспедыцыі, работа выхавальнікам у аздараўленчых летніках… Студэнцтва В.В.Дуплеўскай было вельмі актыўным. Але вучоба заставалася на першым плане. Скончыўшы школу з залатым медалём, у УВА яна імкнулася да такога ж выніку. Азы настаўніцкай прафесіі асвойвала з лёгкасцю, бо дапамагалі ў гэтым выдатныя выкладчыкі: Вольга Уладзіміраўна Мартынава, Людміла Васільеўна Шабалдзіна і інш.

— Я ніколі не сумнявалася ў тым, што буду працаваць у школе. Ніякага плана “Б” у мяне ніколі не было. Я не расчаравалася ў прафесіі і цяпер, ніколі не хацела нешта змяніць і пайсці ў іншым кірунку. У гімназіі адчуваю сябе на сваім месцы. А ад працы з дзецьмі атрымліваю сапраўднае задавальненне, — расказала Вольга Валер’еўна.

Дарэчы, у 3-й магілёўскай гімназіі В.В.Дуплеўская працуе ўжо дваццаты год. У свой час яна трапіла сюды па размеркаванні. У калектыў улілася хутка, хоць і былі пэўныя цяжкасці.

— Спачатку крыху хвалявалася. У нашай навучальнай установы вялікая гісторыя, яна прэстыжная і папулярная сярод дзяцей і бацькоў. Перажывала: ці буду я як настаўнік адпавядаць. Але мне дапамог педагагічны калектыў. Ён у нас унікальны. Мяне вельмі цёпла прынялі. Ніколі не адчувала сябе ў гімназіі чужой, — адзначыла В.В.Дуплеўская.

Акрамя падтрымкі з боку калег, прафесійнаму росту гэтай настаўніцы спрыяла і асабістае імкненне. Прынцып рабіць усё на выдатна Вольга Валер’еўна захавала ў працоўнай дзейнасці. Такім падыходам да справы яна кіруецца і зараз, стаўшы ўжо даволі вопытным настаўнікам.

— Калі бярэшся за нешта, рабіць гэта трэба якасна і добрасумленна. Толькі такім чынам атрымаецца дасягнуць выніку, — упэўнена суразмоўніца.

І ў яе гэта атрымліваецца. Любую справу Вольга Валер’еўна выконвае з поўнай самааддачай. Яе ўрокі — гэта эфектыўна-пазітыўнае, эмацыянальна яркае дзеянне, пабудаванае на прынцыпе: “умець захапіць, паважаць і ўсміхацца”.

— Урок павінен быць пражыты, а не адбыты. Вельмі важна таксама ствараць сітуацыю поспеху для дзяцей. Настаўніку пахваліць няцяжка, а для вучня гэтыя словы многа значаць. Наогул, да кожнага навучэнца трэба шукаць свой падыход, свой ключык. Камандаваць дзецьмі нельга. З імі неабходна быць на адной хвалі і толькі сябраваць. З вучнямі я заў­сёды выбудоўваю добразычлівыя ўзаемаадносіны. Імкнуся быць з імі на роўных, але з правільнай дыстанцыяй. Калі я была яшчэ пачынаючым педагогам, недзе пачула выказванне аб тым, што ў дзіцячага доктара заўсёды павінны быць цёплыя рукі, інакш ён да дзіцяці падысці не мае права. І ў мяне заўсёды нейкая аналогія: як доктар з цёплымі рукамі павінен ісці да дзіцяці, так настаўнік — з цёплым сэрцам. Гэта гучыць крыху пафасна, але без гэтага ніяк. Толькі так можна знайсці агульную мову з вучнямі, а гэта — адна з асноў паспяховага навучання, — пераканана В.В.Дуплеўская.

На яе думку, школа абавязана выха­ваць развітую, адукаваную асобу, здольную арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Кіруючыся гэтым перакананнем, яна праводзіць кожны свой урок. Заняткі накіраваны на тое, каб зацікавіць навучэнцаў, абу­дзіць у іх творчую актыўнасць, натхніць на самастойны пошук ведаў.

На ўроках Вольгі Валер’еўны дзеці са­праўды працуюць, думаюць, параўноўваюць, аналізуюць. Яны не атрымліваюць гатовую інфармацыю, а самі фармулююць важныя думкі, робяць высновы. Вядома, заняткі па мове і заняткі па літаратуры ў настаўніцы адрозніваюцца па выкладчыцкім стылі.

Урокі рускай мовы В.В.Дуплеўская заў­сёды будуе па загадзя вызначанай схеме. Прычым у асноўным выкарыстоўвае традыцыйныя методыкі. 

— У мяне ў класе ніколі не было камп’ютара. Так, я часам прымяняю ІКТ, але ўпэўнена, што ключавая фігура на ўроку — гэта педагог. Настаўніцкае слова нічога не можа замяніць. Яно больш гучнае, яркае. Мой асноўны педагагічны інструмент падчас урока — крэйда. Без яе сапраўды ніяк, а без камп’ютара можна абысціся, — лічыць Вольга Валер’еўна.

А вось урокі літаратуры для гэтай неардынарнай настаўніцы — шырокая прастора для творчасці.

— Літаратура — гэта падстава, каб пагаварыць аб сённяшнім жыцці і аб самім чалавеку. Мы пачынаем з літаратуры. А потым вучань бачыць, што праз літаратуру можна спазнаць сябе. Як кажуць,ты адкрываеш кнігу, а яна адкрывае цябе. Дзецям заўсёды цікава пазнаваць сябе. Кніга ў гэтым — галоўны памочнік, бо там задаюць важныя жыццёвыя пытанні і дзіця спрабуе на іх адказаць, — падкрэсліла В.В.Дуплеўская.

Па гэтай прычыне Вольга Валер’еўна рознымі спосабамі імкнецца далучаць дзяцей да чытання. У сучасных рэаліях гэта не так проста, бо лічбавыя тэхналогіі ўжо ўсюды вакол нас.

— Некаторыя дзеці адразу кажуць, што не чытаюць. І гэта зразумела, бо падрастаючае пакаленне прывыкла атрымліваць інфармацыю хутка і ў сціснутым выглядзе праз інтэрнэт. А літаратура — гэта зусім іншае. Мая галоўная педагагічная задача — паказаць вучням альтэрнатыўны свет друкаванага слова, далучыць іх да чытання. Вялікую ролю ў гэтай справе адыгрывае ўласны прыклад, — расказала В.В.Дуплеўская.

Свае заняткі Вольга Валер’еўна арганізуе па-рознаму. Часта выкарыстоўвае гульнявыя тэхналогіі, элементы праблемнага навучання, метад праектаў, тэхналогію “роўны вучыць роўнага”. Але яе ўрокі — гэта заўсёды дыялог з дыферэнцыраваным падыходам. Усе вучні для В.В.Дуплеўскай унікальныя. Яна шукае іх моцныя бакі, іх таленты, якія накіроўвае ў патрэбнае рэчы­шча. Педагог стараецца, каб кожная разабраная тэма знайшла водгук у душы вучняў. Для гэтай настаўніцы вельмі важна, каб гімназісты ішлі з урока з абсалютным разуменнем, што яны ўсё змогуць і ў іх усё атры­маецца.

Такім жа прынцыпам яна кіруецца і ў рабоце з адоранымі дзецьмі. Вольга Валер’еўна пераканана: матывацыя — важны фактар на шляху да вучэбных поспехаў, але пачынаецца ўсё з цікавасці, з захаплення прадметам. Задача педагога — убачыць гэтую цікавасць у вачах дзіцяці і развіваць яго здольнасці.

Настаўніца выбудавала выразную сі­стэму работы з таленавітымі навучэнцамі. Некалі яна сама была ўдзельніцай і нават станавілася пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Цяпер ужо ўласных вучняў В.В.Дуплеўская рыхтуе методыкамі, па якіх у свой час займалася са сваёй настаўніцай — Людмілай Васільеўнай Паповай. Гэтыя напрацоўкі і зараз даказваюць сваю эфектыўнасць. Вучні Вольгі Валер’еўны паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і інтэлек­туальных конкурсах. Перыядычна яны становяцца пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Шмат увагі Вольга Валер’еўна ўдзяляе пазакласнай рабоце з дзецьмі. Яна заўсёды знаходзіць час для сваіх выхаванцаў, заўсёды гатова сустрэцца з імі пасля ўрокаў. В.В.Дуплеўская ўмее выслухаць і па­чуць кожнага навучэнца, дапамагчы не толькі з вучобай, але і даць параду ў вырашэнні нейкіх асабістых праблем.

— Сёлета мае чарговыя выхаванцы выпусціліся ў дарослае жыццё. Разам мы наведвалі культурныя мерапрыемствы, шмат падарожнічалі. Аб’ехалі амаль усю Беларусь. Мне вельмі прыемна, што некаторыя выпускнікі вырашылі звязаць сваё жыццё з філалогіяй, — адзначыла Вольга Валер’еўна.

…В.В.Дуплеўская літаральна жыве педагогікай. І яе плённая праца не застаецца незаўважанай. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі мясцовых выканаўчых улад. Яе адданасць прафесіі цэняць вучні, іх бацькі, калегі-настаўнікі.

— Сапраўдны прафесіянал сваёй справы і вельмі неабыякавы настаўнік, на ўроках якога заўсёды пануе атмасфера добразычлівасці і ўзаемаразумення. Вольга Валер’еўна неверагодна творчы педагог, які ўспрымае настаўніцкую працу як сваё жыццёвае прызначэнне, — так характарызуе В.В.Дуплеўскую дырэктар гімназіі Міхаіл Анатольевіч Якубук, і з ім салідарны ўвесь педагагічны калектыў навучальнай установы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.