Захопленыя чытаннем

- 12:04Навіны рэгіёнаў

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” — унікальнага па сваіх маштабах мерапрыемства па папулярызацыі чытання сярод дзяцей — адбыўся на Магілёўшчыне.

Магілёўскія школьнікі маюць высокую цікавасць да чытання. На раённых узроўнях удзел у конкурсе прынялі сотні навучэнцаў.

— Конкурс традыцыйны, але колькасць удзельнікаў з кожным годам узрастае. Сёлета на абласны этап конкурсу было прадстаўлена 180 заявак. Усе фіналісты вельмі таленавітыя. У сваіх выступленнях навучэнцы закраналі актуальныя сёння тэмы праяўлення любові да малой радзімы, захавання памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны. Важна, што ўдзельнікі дэманстравалі эмацыянальны водгук на выбраны твор, выступалі з глыбокім разуменнем кожнага слова, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Абласнога цэнтра творчасці С.В.Рыськова.

Вочна на абласным этапе конкурсу выступаў 41 фіналіст. Свае здольнасці да дэкламацыі дэманстравалі вучні з 1 па 11 клас. Кожны з канкурсантаў паказаў сапраўдную любоў да друкаванага слова. Дзяўчынкі і хлопчыкі чыталі вершы, урыўкі са сваіх любімых літаратурных твораў. Адметна, што іх выбар адрозніваўся шырокай разнастайнасцю. Сёлета конкурс прысвечаны Году народнага адзінства. Напэўна, таму перавагу ўдзельнікі аддавалі чытанню беларускіх класікаў. На конкурсе давялося паслухаць выступленні па апавяданнях і вершах такіх вядомых аўтараў, як П.Броўка, Янка Маўр, Янка Купала, Якуб Колас, М.Багдановіч, Р.Барадулін, У.Караткевіч і інш.

Усе дзеці выдатна спраўляліся з хваляваннем перад вялікай публікай, яны ўмела раскрывалі эмоцыі, схаваныя пісьменнікамі паміж радкоў. Было бачна, што канкурсанты на самай справе захоплены чытаннем.

— Я з задавальненнем чытаю розныя кнігі. У іх можна знайсці шмат цікавага, важнага і павучальнага, — падзяліўся вучань Глушанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна Раман Рубчэня, які выступіў на конкурсе з вершам А.Вольскага “Хачу служыць”.

А вось вучаніцы сярэдняй школы № 2 Слаўгарада Ангеліна Струкачова і Кацярына Варабей прачыталі для прысутных уласныя вершы, прысвечаныя малой радзіме і роднай Беларусі. Дзяўчаты з дзяцінства любяць чытаць і захапляюцца паэзіяй, а не так даўно паспрабавалі самі пісаць, і ў іх усё атрымалася.

Наогул, кожны з фіналістаў паказаў выдатную падрыхтоўку. Журы па вартасці ацаніла і артыстызм навучэнцаў, і іх глыбіню разумення мастацкага тэксту.

Па выніках конкурсу лепшых удзельнікаў у кожнай узроставай катэгорыі ўзнагародзяць дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. А чацвёрка абсалютных пераможцаў будзе прадстаўляць рэгіён на заключным этапе прэстыжнага творчага спаборніцтва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.