Захопленыя творчасцю

- 11:49Нам пішуць

У Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Прыкладная творчасць”: дзеці знаёмяцца з гісторыяй выкарыстання вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў сучасным свеце. На занятках вучацца спалучаць розныя віды рукадзелля: саломапляценне, бісерапляценне, вязанне шыдэлкам, ствараюць цікавыя вырабы з салёнага цеста, паперы, прыродных матэрыялаў і г. д. Як паказвае практыка, сучасных дзецей работа па шаблоне не прываблівае, таму на занятках аб’яднання па інтарэсах дзеці атрымліваюць магчымасць свабоднай творчасці. Важна не столькі дапамагчы дзіцяці ў распрацоўцы таго ці іншага вырабу, колькі стварыць умовы, у якіх яго патэнцыял будзе раскрыты цалкам.


Часта, асабліва з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту, заняткі праводзяцца ў форме гульні або казкі. Гэта дапамагае развіваць творчую актыўнасць. Напрыклад, падчас заняткаў па тэме “Выраб пано ў тэхніцы тарцавання” дзеці выбіралі любімы персанаж, прыдумвалі назву і невялікую казачную гісторыю.

Асабліва цікавыя вырабы ствараюць навучэнцы падчас падрыхтоўкі да навагодніх і калядных свят: сувеніры і падарункі, паштоўкі і ёлачныя цацкі, інтэр’ерныя пано і фотазоны. Заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Прыкладная творчасць” развіваюць нестандартнасць мыслення, свабоду, індывідуальнасць, уменне назіраць і заўважаць незвычайнае, узбагачаюць творчыя імкненні ўдасканаліць свет.

Марына ЮРЧЫК,
педагог дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага ЦТДіМ.