Захоўваем свае традыцыі

“Беларусь сёння: захоўваючы і прымнажаючы добрыя традыцыі” — менавіта так на ўсю краіну прагучала тэма чарговага інфармацыйнага дня ў межах маштабнага праекта “ШАГ” — “Школы актыўнага грамадзяніна”. У чацвер ва ўсіх школах Беларусі віталі тых гасцей, якія маюць самае прамое дачыненне да тэмы сустрэчы — людзей, якія вырашаюць будучыню і лёс нашай краіны, кампетэнтных, таленавітых, спартыўных асоб, гатовых падзяліцца сваім вопытам і даць каштоўную параду школьнікам.

Так, у госці да навучэнцаў сталічнай гімназіі № 4 завіталі А.В.Катовіч, старшы выкладчык кафедры рэжысуры, абрадаў і свят факультэта беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, студэнты Кацярына Прановіч і Аляксей Грук, якія былі ўдзельнікамі Навагодняга балю з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама Даніэль Корса — хакеіст каманды прэзідэнта.

“Сённяшняя тэма сустрэчы нам вельмі блізкая, бо наша гімназія беларускамоўная, і мы шчыра падтрымліваем традыцыі нашых прадзедаў і дзядоў, усё тое цікавае, што напаўняла жыццё нашых продкаў, — гаворыць дырэктар гімназіі Андрэй Міхайлавіч Гоцман. — Новы год, Каляды — гэта шматлікія абрады, якія, як і нашы продкі, ладзяць сённяшнія дзеці. І гэта сустрэча — магчымасць аб’яднаць усе абрады — і старажытныя, і сучасныя, даведацца, як яны праводзіліся. Паколькі ў гімназіі добра развіты эстэтычны кірунак, у нас у гасцях вельмі часта бываюць артысты, пісьменнікі, якія расказваюць пра сваю творчасць, пра тое, што было і што адбываецца на сучасным этапе. Прычым часам такія сустрэчы становяцца своеасаблівай прафарыентацыяй”.

Экскурс у гісторыю святкавання Новага года (які, дарэчы, некалі адзначаўся 1 верасня як свята ўраджаю), зрабіла Аксана Веньямінаўна Катовіч, якая шмат гадоў вывучае беларускія традыцыі і абрады, каб яны не зніклі, а перадаваліся ад пакалення пакаленню. Яна прынесла свечку, якой больш за 100 гадоў. Гэта падарунак прывезена 12 гадоў назад з чарговай экспедыцыі па Магілёўскім краі, дзе яна была ўдзельніцай абраду “Свечка”, які, дарэчы, і сёння праводзіцца. Выкладчыца расказала, што здаўна ў вёсках Магілёўшчыны ствараюцца саюзы — жаночыя, мужчынскія, сямейныя і інш. У іх могуць аб’ядноўвацца і некалькі чалавек, і цэлая вёска. Удзельнікі саюза з воску лепяць вялізную свечку, часам вагой больш за 15 кілаграм, і яна гасцюе ў адным доме роўна год, а потым урачыста пераносіцца ў дом да наступнага ўдзельніка. Для кожнай свечкі выбіраецца святы заступнік. У дзень пераносу свечкі збіраюцца ўсе члены гэтага саюза, шыюць новую вопратку для свечкі, у малітвах дзякуюць свайму заступніку за пражыты год і шэпчуць яму свае новыя жаданні.

Пагутарыла А.В.Катовіч з гімназістамі і пра тыя абрады і святы, якія захоўваюцца беларускім народам сёння, у прыватнасці, пра па-маладзёжнаму вясёлае Купалле і свята з глыбінным сэнсам Радаўніцу. Каб гэтыя і многія іншыя абрады аднаўляліся, госця падарыла гімназістам сваю кнігу “Залатыя правілы народнай культуры”, якая на працягу 11 гадоў перавыдалася ўжо 26-ы раз.

Ішла размова ў гімназіі і пра адраджэнне яшчэ адной святочнай традыцыі — правядзенне свецкіх баляў, якія штогод ахутваюць атмасферай вытанчанасці і элегантнасці Палац Незалежнасці. Сёлета Навагодні баль сабраў амаль 300 студэнтаў і старшакласнікаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Сярод іх — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уладальнікі прэзідэнцкіх стыпендый, пераможцы і лаўрэаты шматлікіх творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.

Студэнтка БДЭУ Кацярына Прановіч расказала, якія крокі ў навуцы і грамадскім жыцці зрабіла, перш чым атрымаць гэтае запрашэнне. Так, яна — удзельніца грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, аўтар і суаўтар мноства навуковых публікацый па сваёй спецыяльнасці — лагістыцы, праводзіць многія мерапрыемствы, арганізатарамі якіх выступае яе ўніверсітэт і Міністэрства адукацыі Беларусі.

“Многія з нас, дзяўчат, у дзяцінстве чыталі казкі пра балі, марылі хоць разок у жыцці патанцаваць на іх. Але мы выраслі, сучасны рытм жыцця прымушае нас бегчы наперад, займацца сваімі справамі, і тая дзіцячая наіўная мара даўно забылася. І прыемна, што дзякуючы гэтай традыцыі ўсё ж можна прыпыніцца і дакрануцца да казкі, стаць на некаторы час яе гераіняй”, — адзначыла Кацярына.

Паслухаць пра тое, як стаць героем у спорце, асабліва цікава было юнакам. Даніэль Корса, лепшы хакеіст у камандзе прэзідэнта, падзяліўся ўражаннямі ад XV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прызы Прэзідэнта Беларусі і расказаў пра свой шлях на лёд. Ён перакананы: поспех спартсмена залежыць ад яго ўпартасці, ад жадання ісці да мары, чаго ў яго было заўсёды з запасам з таго самага моманту, калі ён, маленькі, упершыню стаў на канькі.

Сустрэчы з Даніэлем асабліва чакаў 9-класнік гімназіі Мікіта Мархель, які сур’ёзна займаецца хакеем у СДЮШАР ужо 7 гадоў. На рахунку яго каманды ёсць ужо нямала перамог, у тым ліку і на чэмпіянатах Беларусі і нават на міжнародным турніры. “Некалі бацькі прывялі мяне на лёд, каб я паправіў сваё здароўе, але мне вельмі спадабаўся хакей, і я так у ім і застаўся. Вельмі хочацца спадзявацца, што рэалізуецца мая мара і я застануся ў ім надоўга, бо хачу стаць прафесіянальным хакеістам”. Менавіта таму хлопца асабліва цікавілі лядовыя тонкасці жыцця Даніэля Корсы, тое, як ён рыхтуецца да матчаў, якія сакрэты прымяняе падчас гульні.

Напрыканцы сустрэчы дырэктар гімназіі падзякаваў ганаровым гасцям за тое, што яны пазнаёмілі прысутных з традыцыямі ў культуры, спорце, а ўсім гімназістам пажадаў працягваць гэтыя традыцыі, каб праз некаторы час перадаць эстафету ўжо будучым пакаленням.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.