Захоўваць, ганарыцца, помніць

31 студзеня былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу музеяў устаноў адукацыі, прымеркаванага да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Конкурс праводзіўся Міністэрствам адукацыі, Беларускім культурным цэнтрам духоўнага адраджэння, сталічным храмам-помнікам у гонар Усіх Святых, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гістарычным факультэтам БДУ, Беларускім фондам міру, рэдакцыяй “Настаўніцкай газеты” ў рамках міжнароднай патрыятычнай акцыі “У славу агульнай Перамогі”.

З конкурснымі работамі знаёмяцца загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства А.Я.Кравец і рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў М.Р.Баразна.

З амаль паўтары тысячы музеяў уста­ноў адукацыі 226 — ваенна-гістарычныя. І кіруюць гэтымі музеямі, безумоўна, таленавітыя педагогі, а экскурсіі праводзяць не менш таленавітыя, захопленыя музейнай справай вучні. Менавіта выяўленне і падтрымка таленавітых педагогаў, якія займаюцца даследаваннем падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, актывізацыя і развіццё іх навукова-даследчай дзейнасці, а таксама фарміраванне ў маладога пакалення культуры памяці, цікавасці да гісторыі і адказных адносін да гістарычнай праўды, папулярызацыя турыстычных маршрутаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі на малой радзіме, і, канечне, павышэнне ролі школьных музеяў у грамадзянска-патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў — усё гэта задачы конкурсу.

Тое, што гэтыя задачы былі паспяхова дасягнуты, паказала як колькасць дасланых работ, так і іх якасць. Конкурс быў абвешчаны ў верасні 2019 года, аднак з-за высокай цікавасці арганізатары вырашылі працяг­нуць тэрміны падачы заявак. У выніку ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 350 педагогаў з розных куточкаў краіны. Па словах адказнага сакратара журы конкурсу дырэктара Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння Аляксандра Віктаравіча Госцева, падводзіць вынікі было няпроста, шмат работ створаны на высокім прафесійным і метадычным узроўні, таму вырашылі прысудзіць некалькі першых, другіх і трэціх месцаў ва ўсіх намінацыях, а ўсе астатнія работы адзначыць дыпломамі лаўрэата. “Для членаў журы выбар пераможцаў быў няпросты. Кожны з настаўнікаў робіць на сваім працоўным месцы вялікую і важную работу па духоўным і патрыятычным выхаванні дзяцей і мола­дзі. Хацеў бы адзначыць усіх удзельнікаў праекта. Конкурс яшчэ раз засведчыў, што музей — гэта месца, дзе можна дакрануцца да прадметаў, якія не толькі маю ць вялікую каштоўнасць, але і гаво­раць пра памяць, духоўнасць, магчымасці чалавека здзяйсняць подзвіг. Няхай музейная прастора развіваецца, а юныя экскурсаводы бу­дуць апорай будучыні нашай дзяржавы”, — адзначыў старшыня журы рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Рыгоравіч Баразна.

Пра важнасць захавання гістарычнай памяці гаварыў у прывітальным да журы слове і настаяцель храма-помніка ў гонар Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны: “Вельмі ўдзячны за тое, што кожны знайшоў час і магчымасць прыйсці на падвядзенне вынікаў рэспубліканскага конкурсу школьных музеяў, які мы разам праводзім у рамках міжнароднай патрыятычнай акцыі “У славу агульнай Перамогі”. Цяпер нельга спакойна глядзець, як скажаюцца па­дзеі Вялікай Айчыннай вайны. Таму нам вельмі важна пакінуць наступным пакаленням гістарычна правільную памяць пра вайну, у якой нашы продкі атрымалі перамогу”.

Па выніках работы журы, пераможцамі ў намінацыі “Віртуальная экскурсія па экспазіцыі музея ўстановы адукацыі” прызналі сярэднюю школу № 9 імя Г.М.Халасцякова Баранавіч (кіраўнік работы В.В.Паўловіч), сярэднюю школу № 43 імя М.Ф.Шмыро­ва Віцебска (Т.П.Мар­чык), Наваельнян­скую сярэднюю школу Дзятлаўскага раёна (Т.У.Кры­ве­ня), сярэднюю школу № 4 імя П.І.Ба­тава Слоніма (А.К.Про­цак), сярэднюю школу № 120 Мінска (А.І.Зубялевіч), Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча (А.А.Стоў­ба). У намінацыі “Інавацыйныя формы арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў” першае месца прысуджана гімназіі Ганцавіч (Н.В.Анішчанка), Віцебскаму гарадскому цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (Н.І.Цітова), Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска (Г.Ю.Неўдах), сярэдняй школе № 32 Гродна (А.С.Занеўская), Ільянскай сярэдняй школе імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна (Л.Ф.Маркевіч), сярэдняй школе № 83 Мінска (Т.В.Калініна, Н.В.Янушкевіч). У намінацыі “Апісанне форм і метадаў дзейнасці школы па ўвекавечанні імён ахвяр і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны” пераможцамі сталі гімназія Белаазёрска (Г.В.Скарына), сярэдняя школа № 2 імя Герояў Дняпроўскай флатыліі Пінска (Т.В.Дарашэнка, Л.М.Гарбацэвіч), сярэдняя школа № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля (І.В.Рэмізава, Н.А.Свірыдзенка), Лунненская сярэдняя школа імя Івана Шарамета Мастоўскага раёна (Л.У.Эйсмант), Трасцянецкая сярэдняя школа Мінскага раёна (Г.Г.Піляева), Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь (Д.А.Сяргееў).

Урачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу, як плануецца, пройдзе 23 красавіка ў Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.