Захоўваць гістарычную памяць, мір і стабільнасць у грамадстве

У Глыбокім узнагародзілі пераможцаў конкурсу работ даследчага характару ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч”.

Навуковы форум аб’яд­наў вядомых вучоных і краязнаўцаў, выкладчы­каў і студэнтаў уста­ноў вышэйшай адукацыі, супра­цоўнікаў музеяў нашай краіны, а таксама прадстаўнікоў грамадскасці Глыбоччыны, у тым ліку дырэктараў школ, настаўнікаў і навучэнцаў. З прывітальным словам на адкрыцці канферэнцыі выступілі старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакіза, ксёндз-магістр, пробашч касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску, кандыдат гістарычных навук Ула­дзіслаў Завальнюк, біскуп Віцеб­скай дыяцэзіі Алег Буткевіч, благачынны Глыбоцкай акругі протаіерэй Міхаіл Ізаітка і равін Віцебска Малкіэль Гаргодзэ. Скразной ніткай праз выказванні ўсіх выступоўцаў прай­шла думка: мірнае суіснаванне на беларускай зямлі, сяброўства і супрацоўніцтва прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і рэлігійных канфесій на працягу стагоддзяў — найважнейшая агульная каштоўнасць і традыцыя, якую трэба шанаваць, зберагаць і прымнажаць. Кіраўнік раёна выказаў спадзяванне, што форум будзе садзейнічаць духоўнаму развіццю і павышэнню цікавасці да гісторыі, адкрые імёны будучых гісторыкаў-даследчыкаў.

— Наш край падарыў свету сла­вутых мастакоў і пісьменнікаў, вучоных, палітычных і грамадскіх дзеячаў, — звярнуўся да ўдзельнікаў Аляксандр Шубскі. — Плённай вам працы, цікавых дыскусій, новых адкрыццяў. Няхай вашы поспе­хі, дасягненні ў прафесійнай дзейнасці будуць накіраваны на захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, міру і стабільнасці ў грамадстве.

Канферэнцыя праводзілася ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016—2020 гады “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства”. Яе арганізатарамі з’яўляюцца Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Глыбоцкі райвыканкам, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава БДУ і касцёл Святых Сымона і Алены ў Мінску. Прапанаванае праблемнае поле даследаванняў уключала шэраг актуальных тэм, сярод якіх “Гісторыя Глыбокага і Глыбоцкага краю”, “Этнаканфесійны фактар у развіцці Віленшчыны ў XIX — першай трэці XX стагоддзя”, “Сацыяльна-эканамічнае развіццё Глыбоччыны ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя”, “Эдвард Вайніловіч (1847—1928): асноўныя моманты біяграфіі”, “Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі XIX — першай трэці XX стагоддзя”. На пленарным пасяджэнні ў гарадскім Доме культуры разам са славутымі вучонымі свае даклады прачыталі настаўнік рускай мовы і літаратуры Залескага дзіцячага сада — сярэдняй школы Рыгор Шарыпкін, яго вучань васьмікласнік Павел Катовіч і навучэнец 11 класа Падсвільскага ясляў-сада — сярэдняй школы Максім Рымдзёнак.

— Вельмі важна, асабліва ў Год малой радзімы, што нашы дзеці так ахвотна і старанна вывуча­юць мясцовы матэрыял, — пракаменціравала начальнік аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Гаўрылава. — Яны робяць першыя крокі ў навуку пры падтрымцы сваіх настаўнікаў, натхнёныя іх асабістым прыкладам і дасягненнямі. У раёне выбудавана эфектыўная шматузроўневая сістэма работы з навучэнцамі, якія маюць схільнасці да даследчай дзейнасці. Мы абменьваемся вопытам з калегамі з розных рэгіёнаў, цесна супрацоўнічаем з вышэйшай школай, галоўным упраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласным інстытутам развіцця адукацыі. Традыцыйна вынікі сваіх даследаванняў навучэнцы штогод прадстаўля­юць на раённай канферэнцыі “Крок у будучыню”. Да цяперашняга навуковага форуму яшчэ ў красавіку быў арганізаваны конкурс работ даследчага характару сярод навучэнцаў і педагогаў. Яго фіналістаў вызначылі якраз на раённай канферэнцыі ў рамках спецыяльна вылучанай секцыі. На жаль, з прычыны складанай эпідэмічнай сітуацыі вынікі давялося падво­дзіць у завочным фармаце. Затое сёння мы атрымалі магчымасць з першых вуснаў азнаёміцца з даследаваннямі пераможцаў конкурсу, з цікавасцю і гордасцю слухалі іх даклады.  

Як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Глыбоцкага раёна Таццяна Карніловіч, пасля папярэдняга адбору да ўдзелу ў раённым этапе конкурсу было прынята 17 работ навучэнцаў і 6 — педагогаў. Даследаванні 9 фіналістаў у чэрвені накіравалі для разгляду ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі. У ходзе навукова-практычнай канферэнцыі пераможцаў узнагаро­дзілі граматамі Інстытута гісторыі. Для лепшых даследчыкаў-навучэнцаў прыемным сюрпрызам ад арганізатараў форуму сталі каштоўныя падарункі (ноўтбукі) і салодкі стол. 1-е месца занялі Рыгор Шарыпкін (“Свята-Пакроўская царк­ва в.Бушыкі: старонкі гісторыі, духоўнасці і асветніцтва”) і Максім Рымдзёнак (кіраўнік Таццяна Пасюк, “Страчаныя святыні Глыбоччыны”); 2-е месца — Людміла Сауліч, дырэктар Падсвільскага ясляў-сада — сярэдняй школы (“Праваслаўны крыж у жыцці хрысціяніна”), Сняжана Крывёнак, навучэнка 7 класа Карабоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Р.І.Мацеюна (кіраўнік Лілія Чаронка, “Род Акушкаў у гісторыі вёскі Канстанцінава”) і Павел Катовіч (кіраўнік Рыгор Шарыпкін, “Касцёл у вёсцы Залессе: гісторыя, якую мы страцілі”); 3-е месца — Сяргей Хайноўскі, настаўнік гісторыі Удзелаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (“Сістэма народнай адукацыі Глыбоцкага раёна ў пасляваенны перыяд (1944—1950)”), Павел Шынкевіч, навучэнец 11 класа Азярэцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы (кіраўнік Зоя Рубніковіч, “Азярцы: ад панскага маёнтка да аграгарадка”) і дзве навучэнкі Глыбоцкай раённай гімназіі — дзесяцікласніца Арына Ламачэнка (кіраўнік Іна Протас, “Імёны славутых землякоў у назвах вуліц роднага горада Глыбокае”) і сямікласніца Лізавета Юргель (кіраўнік Ганна Пяткевіч, “Паломніцкі маршрут да праваслаўных святынь і памятных мясцін горада Глыбокае”).

— Шчыра радуюся за сваю вучаніцу і яе ўдалы даследчыцкі дэбют, — падзялілася ўражаннямі Ганна Пяткевіч. — Добрую, адказную і здольную дзяўчынку даўно для сябе прыкмеціла. Справа ў тым, што яна вучыцца ў нядзельнай школе, дзе я выкладаю. Да таго ж у класе гімназіі, дзе займаецца Ліза, з другой чвэрці мінулага навучальнага года я класны кіраўнік. Калі размова пайшла пра даследчую дзейнасць, захацелася менавіта гэтую тэму ўзяць, прапанавала яе Лізе. Мы вывучалі, даследавалі, сістэматызавалі і прыйшлі да такога вось лагічнага завяршэння. Не без цяжкасцей, зразумела: калі Ліза захварэла на каранавірус, былі амаль гатовы адмовіцца ад удзе­лу ў конкурсе. І цяпер, напярэдадні яе першага выступлення перад вялікай навуковай аўдыторыяй, вельмі хваляваліся. Божай узнагародай за ўсе перажыванні, руплівасць і стараннасць стаў добры вынік. У сваю чаргу, паспяховы вопыт патрабуе развіцця. Будзем працаваць далей.   

Работа па секцыях ажыццяўлялася на базе гарадскога Дома культуры, сярэдняй школы № 1 імя П.В.Сухога і цэнтральнай раённай бібліятэкі. Праграма форуму прадугледжвала таксама знаём­ства з выставай “Малой радзіме прысвячаецца” і аглядную экскурсію па горадзе з наведваннем Глыбоцкага гістарычна-этнаграфічнага музея, Дома рамёстваў, касцёла Святой Тройцы (1628 г.), сабора Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы (1639—1654 гг.) і дэндралагічнага саду Глыбоцкага доследнага лясгаса — другога ў Беларусі па велічыні і відавой разнастайнасці пасля Цэнтральнага батанічнага саду. На завяршэнне гасцей Глыбоччыны чакаў канцэрт, падрыхтаваны калектывам Дома культуры.

Плануецца, што да канца года матэрыялы канферэнцыі паба­чаць свет асобным выданнем і з імі змогуць азнаёміцца ўсе, хто цікавіцца гісторыяй нашай краіны.

НА ЗДЫМКУ: настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Пяткевіч і навучэнка 7 класа Лізавета Юргель (Глыбоцкая раённая гімназія).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.