Захоўваючы гісторыю і традыцыі, працуе Філатаўская сярэдняя школа імя С.А.Лавянецкага

- 15:37Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

У атмасферы сямейнасці і добразычлівасці, беражліва захоўваючы гісторыю і традыцыі, працуе Філатаўская сярэдняя школа імя С.А.Лавянецкага Круглянскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Штодзень педагогі імкнуцца не толькі даць дзецям адукацыю, але і падрыхта­ваць іх да жыцця ў грамадстве.

— Сёння разам з дашкольнікамі ў нас 58 дзяцей. За іх навучанне адказваюць 17 настаўнікаў. Школа невялікая, але ў матэрыяльным плане ні ў чым не саступае гарадскім, — паведаміла дырэктар Таццяна Семчанка.

Ведаць свае карані

Аснашчанасць навучальнай установы адпавядае самым перадавым тэндэнцыям. Ёсць і камп’ютарны клас, і мультыборд, і патрэбнае абсталяванне ў лабараторыях і майстэрнях. Асабліва ўражвае афармленне вучэбных кабінетаў. Фізіку і астраномію навучэнцы вывучаюць сярод зорак і планет, па веды па геаграфіі адпраўляюцца на даследчым караблі, зайшоўшы ў клас гісторыі, бачаць макеты вядомых беларускіх замкаў.

— Ідэя тэматычна аформіць усе кабінеты належыць педагогам. Наогул менавіта настаўнікі — галоўны здабытак школы. Наш калектыў — гэта прафесіяналы, неабыякавыя да лёсу дзяцей. Сумеснымі намаганнямі ствараем ва ўстанове творчую прастору, якая абуджае пазнавальную актыўнасць навучэнцаў. Акцэнт робім на комплексным развіцці асобы, аб’ядноўваючы акадэмічныя веды з патрэбнымі сацыяльнымі навыкамі. Прывучаем дзяцей да працы, стараемся выхоўваць іх сумленнымі людзьмі з высокімі маральнымі ўстоямі, — расказала Таццяна Мікалаеўна.

Малакамплектнасць дазваляе ўстанове быць адной вялікай сям’ёй. Настаўнікі, бацькі і дзеці знаходзяцца ў цесным кантакце.

Дзякуючы гэтаму, школа для вучняў быццам другі дом. Такое ўтульнае асяроддзе аказвае адпаведны ўплыў на вучэбную паспяховасць. Навучэнцы пераможна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, даследчых і творчых конкурсах, спартыўных спаборніц­твах.

У цэнтры ўвагі ў Філатаўскай школе не толькі якасць навучання, а і выхаваўчая работа. У прыярытэце — фарміраванне ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму.

— Навучэнцы павінны ве­даць свае карані. Без гэтага не выхаваць патрыётаў. Гісторыю мінулых стагоддзяў нашы навучэнцы спазнаюць у школьным краязнаўчым музеі. Зрабілі яго два дзесяцігоддзі назад сваімі сіламі. Сёння гэта месца прыцяжэння для дзяцей: з інтарэсам сюды прыходзяць як дашкольнікі, так і вучні старшых класаў, — адзна­чыла Таццяна Семчанка.

Музей падрабязна знаё­міць навучэнцаў з побытам продкаў. У невялікім пакоі цалкам адноўлена старажытная сялянская хата. У ліку экспанатаў — ткацкі станок, калаўрот, печ, сельскагаспадарчыя прылады працы, мэбля, ручнікі, вышываныя арнаментам. Ёсць раздзел народных промыслаў, дзе прадстаўлена лозапляценне, цяслярства, бондарства. Этнаграфічную экспазіцыю змяняе зала воінскай славы, дзе ў дэталях прадстаўлена Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі Круглянскага раёна.

— Патэнцыял музея шырока выкарыстоўваем. Тут рэгулярна праходзяць вучэбныя заняткі і тэматычныя мерапрыемствы. Пастаянна ладзім экскурсіі ў інтэр­актыўным фармаце. Дзеці могуць браць у рукі, даследаваць і разглядаць экспанаты. Так яны далучаюцца да народных звычаяў і традыцый, — адначыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Жукоўская.

Дарэчы, экспазіцыі працягваюць папаўняцца. У складзе гуртка “Музеязнаўства” навучэнцы здзяйсняюць экспедыцыі па ваколіцах аграгарадка і раёна, знаходзяць новыя экспанаты. Ёсць у школе і асобны пошукавы атрад, які займаецца зборам біяграфічных звестак пра землякоў — удзель­нікаў Вялікай Айчыннай вайны.

— Зараз ваенную гісторыю ў літаральным сэнсе спрабуюць перапісаць, таму захаванне праўды ў сэрцах маладога пакалення набывае выключную важнасць. Праз розныя формы і метады работы даводзім да вучняў разуменне, што шанаваць подзвігі салдат, якія заваявалі для нас мір, — святы абавязак нашчадкаў. Летась разам з дзецьмі сабралі восем біяграфій абаронцаў Айчыны — ураджэнцаў Філатаўскага сельсавета. Усе звесткі размясцілі на платформе “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, — расказала настаўніца абслуговай працы Настасся Падчасава.

Прысвечана артылерысту Лавянецкаму

Вялікую колькасць матэрыялаў назбіралі вучні аб кровапралітных баях і фактах генацыду на круглянскай зямлі. Берагуць тут памяць і пра героя, імя якога носіць школа.

Сцяпан Аляксандравіч Лавянецкі — ураджэнец вёскі Філатава Круглянскага раёна, Герой Савецкага Саюза. Сяржант механік-вадзіцель самаходнай артылерыйскай устаноўкі С.А.Лавянецкі праявіў мужнасць у бітвах за вызваленне Каўказа і Беларусі. Асабліва вызначыўся падчас штурму венгерскага горада Надзьбайам. Умела манеўрыруючы, дапамог экіпажу падбіць тры варожыя танкі, нават цяжка паранены працягваў бой, пакуль не загінуў. Акрамя Зоркі Героя, за доблесць у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалём “За адвагу”.

— У часы ваеннага ліхалецця Сцяпан Аляксандравіч Лавянецкі быў артылерыстам, змагаўся з фашыстамі на чатырох франтах. За праяўленую мужнасць у баях узнагароджаны шэрагам ордэнаў і медалёў. Мы ганарымся, што такі чалавек нарадзіўся ў нашай вёсцы. Памятаем пра яго і іншых герояў, каб вайна больш ніколі не паўтарылася, — падзялілася вучаніца 10 класа Варвара Свішчова.

Ва ўстанове створаны адразу два куткі, прысвечаныя Сцяпану Лавянецкаму. Баявы шлях доблеснага артылерыста адлюстроўвае адна з экпазіцый музея. Пад кіраўніцтвам педагогаў школьнікі ўстанавілі сувязь з сям’ёй салдата. З гордасцю навучэнцы нясуць Вахту Памяці каля помніка герою.

— Нашы вучні разумеюць, што без гісторыі няма будучыні. Яны ведаюць: нам ёсць пра што памятаць і пра каго не забы­ваць, — запэўніла Настасся Падчасава.

Адметна, што ў выхаваўчай рабоце педагогі Філатаўскай школы ўлічваюць выклікі цяперашніх рэалій. Навучэнцаў тут ву­чаць уменню супрацьстаяць уплыву дэструктыўных ідэалагічных плыняў, адрозніваць праўду ад ілжывых сцвярджэнняў.

Адчуць адзінства

Арыентавацца ў свеце інфармацыі вучням дапамагае школьная газета. Выданне выпускаецца штомесяц, на старонках друкуюцца нататкі аб дасягненнях навучальнай установы.

— Газета дапамагае раскрываць здольнасці вучняў. Але ключавая яе функцыя не ў гэтым. Працуючы над публікацыямі, дзеці вучацца аналізаваць, грунтуючыся на фактах, у іх фарміруецца інфармацыйная культура, свой пункт гледжання на навакольныя падзеі. Гэта вельмі патрэбны навык, — пераканана Таццяна Семчанка.

Вялікую ўвагу філатаўскія настаўнікі ўдзяляюць сумеснай дзейнасці. Так дзеці могуць адчуць адзінства. Дзеля гэтага навучэнцаў далучаюць да сацыяльных акцый, валанцёрскай дзейнасці.

— Агульнасці і яднанню вучым і ўласным прыкладам. Завяршаем рэалізацыю інавацыйнага праекта па стварэнні сеткавай рэгіянальнай мадэлі станаўлення грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў. Работа вя­дзецца ў партнёрстве з іншымі ўстановамі адукацыі раёна, — падкрэсліла Таццяна Мікалаеўна. — Разам, усёй педагагічнай грамадскасцю, працуем над тым, каб са школы дзеці выходзілі сапраўднымі патрыётамі, адданымі сваёй Радзіме.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара