Захоўваючы — прымнажаць!

- 10:10Актуально, Апошнія запісы

У Віцебску з удзелам міністра адукацыі Ігара Карпенкі дадзены старт праекту БРСМ “Беларусь: учора, сёння, заўтра”

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ў перыяд электаральнай кампаніі з 18 ліпеня па 8 жніўня арганізуе ў рэгіёнах больш за 200 адкрытых дыялогаў пад агульным слоганам “Захоўваючы — прымнажаць!”, каб даць маладым людзям магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, абмяняцца меркаваннямі і пажаданнямі, выступіць з новымі ініцыятывамі і канструктыўнымі прапановамі.

Першы адкрыты дыялог адбыўся ў Дзень моладзі на XXIX Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. На дыскусійнай пляцоўцы, што разгарнулася на базе Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна, удзельнікі маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” разам са спікерамі і экспертамі разважалі над актуальнымі пытаннямі маладзёжнай палітыкі, супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем сучаснага грамадства, абмяркоўвалі рэалізацыю сацыяльна значных маладзёжных праектаў і ініцыятыў. У ролі экспертаў выступілі Ігар Карпенка, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, першы сакратар Цэнтральнага камітэта “Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі” Дзмітрый Варанюк і рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар Анатоль Шчасны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу кіраўнік маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” Сяргей Сыранкоў і кіраўнік Цэнтра культуры “Віцебск” дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Глеб Лапіцкі. Прадстаўніца брэсцкай дэлегацыі цягніка пераможца рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2019”  Дар’я Паўлоўская (Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт) прачытала свой верш, прысвечаны Радзіме, і адразу задала шчыры і вельмі адкрыты эмацыянальны тон размове. У пачатку гэтай размовы экспертаў папрасілі адказаць на пытанне: “Якой вы бачыце Беларусь заўтра?”

— На працягу ўсяго свядомага жыцця, выбраўшы шлях педагога, я пастаянна працую з маладымі людзьмі, — адзначыў Ігар Карпенка. — Мы бачым, як яны ра­стуць, як адбываецца іх станаўленне, фарміруецца асоба, як яны потым рэалізуюцца ў прафесіі і грамадскай дзейнасці, навуцы, спорце, творчасці, займаюць высокія, у тым ліку дзяржаўныя, пасты. За моладдзю — будучыня. Гэта не проста банальная фраза, а глыбокі сэнс жыцця. Кожны з нас, калі гаво­рыць пра моладзь, укладвае ў гэтае слова вялікія надзеі. Ёсць у Рацэра Канстанцінава п’еса “Дыяген”, напісаная ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Галоўны яе герой задаецца пытаннем: “Для чаго мы жывём на зямлі — хіба толькі для таго, каб нашы дзеці жылі лепш, чым мы?” І адказвае: “Не, мы жывём дзеля таго, каб нашы дзеці былі лепшыя за нас”. Вось я думаю: калі нашы дзеці будуць лепшыя за нас, то наша будучыня, наша Беларусь будзе светлай і квітнеючай. Думаю, што Беларусь будучыні — палітычна і сацыяльна стабільная дзяржава, эканоміка якой пастаянна развіваецца (у першую чаргу за кошт новых тэхналогій, інавацыйных працэсаў, ІТ-сферы), і абавязкова мала­дзёжна арыентаваная. Пад апошнім я разумею, што і надалей наша дзяржаўная палітыка, праграмы будуць накіраваны на тое, каб кожны з вас мог рэалізаваць сябе, свае мары, планы, прафесійныя намеры. Для гэтага ў нас закладзены трывалы падмурак. Надзвычай важна і каштоўна тое, што вы вельмі трапятліва і беражліва захоўваеце нашы традыцыі. У гэтым, на мой погляд, аснова будучага поспеху.

Тэма пераемнасці пакаленняў і традыцый, непарыўнай сувязі мінулага і сучаснасці чырвонай ніткай прайшла праз дыялог. Так, Дзмітрый Варанюк акцэнтаваў увагу на тым, што невыпадкова ў назве і слогане праекта аб краіне гучыць “учора, сёння, заўтра”, “захоўваючы — прымнажаць”.

— Падчас сустрэчы з насельніцтвам давялося аднойчы па­чуць крытычную заўвагу: “Мы замнога гаворым пра традыцыі, трэба больш пра будучыню!” Але справа ў тым, што без учора ў нас няма сёння, а без яго, у сваю чаргу, ніколі не будзе заўтра, — перакананы лідар БРСМ. — Каб пабудаваць лепшую будучыню, мы павінны абапірацца на магутную спадчыну. Яна ў нас ёсць: гэта і духоўныя каштоўнасці, культура, традыцыі беларусаў, нашы продкі, бацькі, настаўнікі, і найбагацейшая рукатворная спадчына, у тым ліку знакавыя спартыўныя, культурныя аб’екты, пабудаваныя за апошніх 25 гадоў. Наша задача — усё атрыманае ў спадчыну захаваць і прымножыць.

— Беларусь — краіна магчымасцей для кожнага, у якой эфектыўна рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка,— далучыўся да размовы Сяргей Сыранкоў. — Калі ў цябе ўпэўненая, узважаная грамадзянская пазіцыя, ты актыўны, поўны энергіі, сіл і энтузіязму, нацэлены на мэту і ведаеш, у якім кірунку да яе рухацца, ты зможаш дасягнуць многага. Калі ставіш і вырашаеш канкрэтныя задачы на карысць сабе і грамадству, разумееш, як павінна развівацца дзяржава, чым жыве твой народ, адчуваеш сябе на адной хвалі з яго памкненнямі і патрэбамі — цябе своечасова ўбачаць, дапамогуць рэаліза­ваць твой патэнцыял, забяспечаць старт у будучыню. Падобная падтрымка дарагога варта і да многага абавязвае.

На думку дырэктара “Славянскага базара ў Віцебску”, кожны з нас павінен цаніцьі паважацьпрацу людзей, яе вынікі. Прасцей за ўсё раскрытыкаваць зробленае не табой – а трэба аналізаваць, вылучаць рацыянальнае і каштоўнае, нават аргументавана крытыкуючы, знаходзіць і прапаноўваць штосьці лепшае.

— Мне здаецца, будучыня – у стваральнай працы і любові, — выказаў меркаванне Глеб Лапіцкі. — Не толькі ў дачыненні да адносін паміж людзьмі, але і ў адносінах да справы. Калі мы будзем любіць тое, чым мы займаемся, то ўсё абавязкова будзе атрымлівацца. У нас ёсць цудоўны зачын, вопыт нашай маладой Беларусі: не ведаю іншых краін свету, якія змаглі за чвэрць стагоддзя без значных уласных сыравінных рэсурсаў пабудаваць вось такую дзяржаву і з такой ініцыятыўнай, крэатыўнай, адказнай, творчай і працавітай моладдзю. Зусім нядаўна з пэўным сумам даведаўся, што я, аказваецца, ужо не моладзь – аднак зразумеў тады, што калі ёсць любоў, то ты будзеш адчуваць сябе маладым у любым узросце, нягледзячы на любыя выклікі. “Славянскі базар у Віцебску” — чарговы выклік для нас, і Беларусь паказала ўсяму свету: мы маем дастойны адказ. Сёлета фестываль – магчыма, адзіны ў свеце, які можа сабе дазволіць на чатыры дні ператварыць горад у свята — адбыўся ў вырашальнай ступені дзякуючы асабіста кіраўніку дзяржавы, яго волі і падтрымцы. Хачу, каб кожны з вас атрымліваў асалоду ад гэтага свята, любіў сваю справу і людзей, родную краіну, наш народ.

На пытанне маладзёжных лідараў аб асабістых лайфхаках, якія дапамаглі ў 30 гадоў узначаліць міжнародны фестываль, ажыццяўляць грандыёзныя праекты і кіраваць велізарнай колькасцю людзей, генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” адказаў проста: “Лёгкіх шляхоў да поспеху я не ведаю. Наіўна сядзець, чакаць і верыць казкам, што прыйдзе нехта, за цябе ўсе праблемы вырашыць і зажывеш багата і шчасліва. У выніку ў лепшым выпадку застанешся з лапшой на вушах. Трэба быць рэалістам. “Пахаць” трэба – у сэнсе, працаваць на мяжы і па-за межамі сіл і магчымасцей, так яны і пашыраюцца. У рабоце моцна дапамагаюць эмацыянальная сувязь з людзьмі, падтрымка родных і блізкіх, сяброў, давер нашага велізарнага і фантастычна таленавітага творчага калектыву”.

У ходзе дыскусіі маладыя лідары навучэнскіх, студэнцкіх і працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў, прадстаўнікі IT-сферы і студатрадаўскага руху, вучоныя, спартсмены, валанцёры і парламентарыі  атрымалі ад экспертаў разгорнутыя адказы на пытанні, якія іх хвалююць. Напрыклад, у міністра адукацыі пацікавіліся: “Якія акцэнты дзяржаўная палітыка расстаўляе на будучыню, над чым канкрэтна зараз вядзецца работа, чаго нам чакаць?” Кіраўнік ведамства праінфармаваў аб падрыхтоўцы Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на 2020—2030 гады і пры гэтым дадаў:

— Вельмі непажадана, каб вы чагосьці чакалі: трэба, каб вы актыўна ўдзельнічалі ў працэсе абмеркавання, выказвалі свае ідэі па ўдасканаленні нашых мэтавых праграм, мерапрыемстваў. Сёння запатрабаваны новыя формы работы. Я не хацеў бы іх вынаходзіць, лепш вы прапануйце гэтыя формы, якімі вы іх бачыце. Сёння, гаворачы пра моладзь і будучыню, успамінаю сябе без малога чатыры дзясяткі гадоў назад, я тады заканчваў школу. Маё пакаленне сутыкнулася са складанай сітуацыяй, калі ў пачатку 90-х мінулага стагоддзя абрушылася велізарная краіна і разам з ёй надзеі, жаданні мноства людзей, у тым ліку юнакоў і дзяўчат, нашы планы на будучыню. Потым мы сталі сведкамі таго, як незалежная самастойная Беларусь, нягледзячы на адсутнасць рэсурсаў савецкай эканомікі, пачала паступова развівацца, як умацоўвалася ўлада, дзяржаўнасць. Тады ў нас зноў з’явіліся магчымасці раскрыць свой патэнцыял. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтаму, я змог стаць дэпутатам, потым міністрам адукацыі. Але, безумоўна, яшчэ таму, што прайшоў пэўныя ступені развіцця і на кожнай з іх атрымаў неабходныя веды, уменні, вопыт. Калі б не давялося на пасадзе намесніка старшыні Мінгарвыканкама асвоіць зусім іншы ў параўнанні з дзейнасцю ў парламенцкай камісіі вектар рашэнняў, было б складана працаваць мін­і­страм адукацыі — ды і, напэўна, я б проста не стаў ім. Заглядваючы ў сваю будучыню, уявіце сябе гадоў праз 30—40 і паспрабуйце ўсвядоміць: усё, што з вамі адбу­дзецца, залежыць найперш ад вас. Маё вам пажаданне, каб тады была моладзь, якая будзе вас пава­жаць і скажа: “Мы не адмаўляем таго, што вы зрабілі, а развіваем і прымнажаем”. Каб вы маглі азірнуцца на ўласны жыццёвы шлях і пра многае з гордасцю сказаць: “Да гэтай справы я таксама прыклаў сваю руку”, каб аднойчы адчулі, што фактычна стварылі сваю будучыню і што вам у ёй камфортна, вашы дзеці і ўнукі вартыя вас і ў нечым вас пераўзыхо­дзяць. У гэтым — непарыўная сувязь пакаленняў. Калі яе парушыць, у нас не бу­дзе ні краіны, ні дзяржавы, ні незалежнасці, ні нацыі.

Сацыялагічнае апытанне з дапамогай QR-кода, што быў замацаваны для сканіравання на кожным крэсле ўдзель­ніка, дапамагло арганізатарам удакладніць і акумуляваць чаканні каманды маладзёжнага цягніка ад праекта “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”. У ліку ўзнятых моладдзю сацыяльна-эканамічных, культурных, прававых пытанняў таксама закраналіся магчымасць набыць вышэйшую адукацыю ў вячэрняй форме, перавагі і недахопы дыстанцыйнай адукацыі, перспектывы вядомых і новых маладзёжных праектаў, асаблівасці дзейнасці і абавязкі даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, мэтазгоднасць завочнай формы атрымання адукацыі для непрацуючай моладзі, магчымасць прэферэнцый пры паступленні на профільныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі для тых, хто атрымліваў прафесійна-тэхнічную адукацыю, асвоіў спецыяльнасць, пачаў працаваць і вырашыў павысіць свой адукацыйны і прафесійны ўзровень.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.