Займальны дзень

- 14:54Нам пішуць

Навучэнцы 5—7 класаў сярэдняй школы № 19 Магілёва здзейснілі займальную экскурсію па сучаснай Беларусі. Дзякуючы дасведчанаму экскурсаводу, пашырылі веды па гісторыі і геаграфіі роднага краю. Пазнаёміліся з такімі месцамі гістарычнай памяці, як Курган Славы пад Мінскам, помнік Маці-патрыётцы ў Жодзіне, Барысу Хігрыну пад Магілёвам і многімі іншымі.

Шмат уражанняў чакала навучэнцаў на знакамітым БелАЗе. Уражваюць велізарныя машыны масай у некалькі сотняў тон, побач з якімі адчуваеш сябе проста мурашом! Дзеці ўбачылі выезд на выпрабавальную пляцоўку новенькай машыны, святочна ўпрыгожанай паветранымі шарамі. Змаглі падняцца на самую вялікую машыну для перавозкі горнай пароды, якая важыць 450 тон! У музеі тэхнікі ўбачылі машыны з вялізнымі каўшамі, прызначаныя для падземных работ.

Потым наведалі Свята-Елісавецінскі манастыр, што на ўскраіне Мінска. Урачыста ўпрыгожаны напярэдадні Троіцы, ён літаральна зачараваў. Цікавы аповед манахінь і багацце разнастайных сувеніраў у крамах таксама вельмі спадабалася дзецям.

Экскурсія прадоўжылася ў Баравой, дзе размешчаны музей авіяцыі пад адкрытым небам. Багацце тэхнікі і парашутыстаў Мінскага ДТСААФ, якія праводзілі там прызямленне, — ад усяго вочы разбягаліся! Студэнты Ваеннай акадэміі, якія праводзілі экскурсію, нікому не адмовілі пасядзець на месцах камандзіра экіпажа, пілотаў, штурманаў, радыстаў, падрабязна тлумачачы прызначэнне прыбораў на панэлі кіравання. Усе ахвотныя маглі пазнаёміцца з гісторыяй космасу.

Завяршыўся гэты цудоўны дзень у кафэ Макдональдс, без якога ні адно дзіця не ўяўляе сабе экскурсіі! Усе вярнуліся дадому ўвечары стомленыя, але задаволеныя.

Ала МАКАРАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 19 Магілёва.