Займальны і даступны для ўсіх вучэбны працэс

- 11:02Спецыяльная адукацыя

У Беларусі з’яўляецца ўсё больш школ, дзе прымяняюць інклюзіўныя падыходы ў адукацыйным працэсе. Таму зараз такія парушэнні, як дзіцячы цэрэбральны параліч, аўтызм, парушэнне функцый апорна-рухальнага апарату, інтэлектуальная недастатковасць, парушэнні слыху, зроку і іншыя, не з’яўляюцца перашкодай для таго, каб дзіця магло кожны дзень прыходзіць у школу і нароўні з усімі атрымліваць адукацыю, сябраваць з аднакласнікамі, марыць пра будучыню і адчуваць сябе паўнацэнным членам грамадства.

Што ж дапамагае дзецям з інваліднасцю вучыцца з аднагодкамі ў звычайнай школе? Паспяховая інклюзія немагчыма без прымянення асістыўных тэхналогій — спецыяльных прыбораў і прылад, якія дапамагаюць дзецям з інваліднасцю лепш засвойваць вучэбны матэрыял, свабодна перамяшчацца па будынку школы і падтрымліваць зносіны.

Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і пры фінансавай падтрымцы ўрада Расійскай Федэрацыі актыўна падтрымліваюць развіццё інклюзіўнага асяроддзя ў агульнаадукацыйных школах. Так, са снежня 2020 года новае асістыўнае абсталяванне з’явілася ў 51 навучальнай установе па ўсёй Беларусі. Больш за 100 карысных прыбораў ужо зрабілі жыццё 250 школьнікаў з інваліднасцю больш шчаслівым і камфортным.

Камунікатар дапаможа педагогу разумець жаданні дзіцяці

Дзякуючы асістыўным тэхналогіям, нават такое пытанне, як перамяшчэнне вучняў з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату, больш не праблема. Гэтую задачу вырашае гусенічны электрапад’ёмнік — ідэальны варыянт, калі ў школе няма тэхнічнай магчымасці ўсталяваць ліфт. Пад’ёмнік абсалютна бяспечны, дзіця надзейна ўтрымліваюць рамяні, і памочнікі педагогаў лёгка спраўляюцца з кіраваннем. Поўнай 8-гадзіннай зарадкі хапае, каб пад’ёмнік працаваў на працягу ўсяго школьнага дня.

Сярод асістыўных тэхналогій, якія актыўна выкарыстоўваюць у школах, — камплект для заняткаў з дзецьмі з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Сенсорныя падушкі прымяняюць для расслаблення ўсяго цела, рэлаксацыі, якая неабходна пасля карэкцыйных заняткаў. Гукавы таймер дапамагае арыентавацца ў часе.

— У дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра парушана ўспрыманне часу, яны яго не адчуваюць, — тлумачыц­ь Надзея Мікалаеўна Собалева, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 Калінкавіч. — З 976 вучняў у гэтай школе 20 — з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Дзякуючы таймеру, мы засякаем час для заняткаў і тлумачым, калі яны скончацца. Так мы даём дзіцяці выразна зразумець, колькі трэба чакаць да наступнага дзеяння.

Неацэнную дапамогу дае выкарыстанне камунікатараў, гукавых прылад з полем для малюнкаў, якія дапамагаюць выбудоўваць зносіны дзіцяці з педагогам або іншымі дзецьмі, завучваць назвы прадметаў і асацыяцый на самыя розныя тэмы. Дзіця націскае на карцінку, прыбор з дапамогай аўдыязапісу прагаворвае слова або паняцце, дзіця яго паўтарае.

Камунікатары могуць быць пераноснымі або насценнымі, іх можна размясціць на сцяне класа. Яны выдатна падыхо­дзяць для фарміравання патрэб дзіцяці і дапамагаюць педагогам лепш разумець вучняў, у якіх адсутнічае маўленне. Напрыклад, камунікатар можа выказ­ваць жаданні “я хачу есці”, “я хачу ў туалет”. Дзіця націскае на клавішу, педагог чуе аўдыя­паведамленне і разумее, што хоча дзіця.

З дапамогай камунікатара таксама можна выбудаваць візуальны расклад — атрымліваецца наглядны арганайзер. Гэта таксама дапамагае дзецям з расстройст­вамі а­ўтыстычнага спектра арыентавацца ў часе і задачах на дзень. Кожная картка азначае пэўнае дзеянне. Заняткі скончыліся, дзіця прыбірае картку.

Адаптыўная клавіятура для работы на камп’ютары

Школьнікам з парушэннем зроку дапамагае відэапавелічальнік з маніторам. Дзіця кладзе на яго неабходны вучэбны дапаможнік ці кнігу і на маніторы бачыц­ь павялічаны малюнак. Так любы дробны шрыфт становіцца даступным, а гэта дазваляе вучыцца ў адным тэмпе з аднакласнікамі. Практыка паказвае, што такі відэапавелічальнік зручна выкарыстоўваць і для работы з усім класам.

— Павелічальны прыбор вельмі просты і цікавы ў рабоце. Мы выкарыстоўваем яго як на вучэбных занятках, так і на карэкцыйным кампаненце, — гаворыць Алена Ула­дзіміраўна Назарчук, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 16 Мазыра, дзе вучыцца дзяўчынка з парушэннем зроку.

— Больш за тое, мы стараемся выкарыстоўваць яго для калектыўнай работы. Вельмі добра на маніторы трансліравац­ь зрокавыя трэнажоры, ёсць дзеткі, якім трэба пераключаць увагу ад падручніка на нешта яшчэ, — дадае Яўгенія Анатольеўна Чаранкова, настаўніца пачатковых класаў гэтай жа школы.

Калі ў школе ёсць дзеці з парушэннем або стратай слыху, для індывідуальных карэкцыйных заняткаў выкарыстоўваюць слыхамаўленчы трэнажор. Ён таксама дапамагае ў рабоце над дэфектамі маўлення і развіццём маўленчых навыкаў.

— Ва ўсім свеце звыш мільярда чалавек маюць патрэбу па меншай меры ў адным асістыўным сродку, каб падтрымліваць або павышац­ь свае функцыянальныя магчымасці і аўтаномнасць. Напрыклад, у мяне ёсць акуляры, якія дазваляюць карэкціраваць зрок. Гэта ж таксама асістыўны сродак, — тлумачыць дырэктар школы № 13 Баранавіч Марына Георгіеўна Купцова. У гэтай школе актыўна падтрымліваюць інклюзіўныя падыходы і асістыўныя тэхналогіі выкарыстоўваюць кожны дзень. — Што тычыцца адукацыйнага працэсу, то, вядома ж, кожнаму дзіцяці з асаблівымі патрэбамі хочацца быць паспяховым. У гэтым дапамагае пэўнае абсталяванне, якое з’яўляецца кампенсаторным (яно замяняе, ураўнаважвае). Яно дазваляе дзецям з інваліднасцю самастойна выконваць вучэбныя задачы, актыўна ўдзельнічаць у навучанні і больш поўна ўключацца ў адукацыйны працэс.

Для дзяцей з парушэннем маторыкі ў школах выкарыстоўваюць клавіятуру “Клавінта”. Гэта шматфункцыянальная прылада, якая дазваляе дзецям з інваліднасцю працаваць з тэкстам, табліцамі, вэб-браўзерамі і іншымі карыснымі праграмамі. Клавіятура падключаецца да камп’ютара з дапамогай USB-порта, і ўсе дзеянні адлюстроўваюцца на маніторы. У камплекце 9 зменных накладак, і ў кожнай свая задача. Калі ў дзіцяці праблемы з маўленнем, яно можа выказаць сваё жаданне, націснуўшы на пэўную клавішу. Ёсць накладка для работы з лічбамі, як на калькулятары, для вывучэння алфавіта, кіравання камп’ютарнай мышшу і работы ў інтэрнэце.

У школах таксама выкарыстоўваюц­ь адаптыўную клавіятуру, на якой могуц­ь працаваць дзеці з ДЦП. Клавішы, адзнакі літар, лічбаў, сімвалаў — усё тут у некалькі разоў большае, чым у стандартнай клавіятуры. Яркім чырвоным колерам выдзелены лічбы, сінім — літары, а зялёным — сімвалы. Такі падзел дазваляе лягчэй успрымаць інфармацыю і дапамагае лепш запамінаць размяшчэнне кнопак. Дзякуючы спецыяльнай пластыкавай накладцы, школьнік можа зручна размясціць рукі і засяро­дзіцца на заданнях.

— Асістыўныя тэхналогіі вельмі дапамагаюць будаваць паспяховы адукацыйны працэс, — дзеліцца сваім меркаваннем Алена Сяргееўна Шырко, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 13 Баранавіч. — Для дзіцяці з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату не заўсёды дастаткова рабочага сшытка і падручніка. Важна, каб у яго быў не толькі наглядны, але і прадметны матэрыял, дзе можна нешта сваімі рукамі пакратаць, правесці пальчыкам, а дзесьці патрэбны і павялічаны малюнак. Усе гэтыя моманты ўплываюць на ўспрыманне новай інфармацыі.

Па словах педагогаў, вучні вельмі добра рэагуюць на сучасныя асістыўныя прыборы. Для сучасных дзяцей, якіх гаджэты акружаюць і дома, і ў грамадскіх месцах, гэта толькі плюс. Заняткі становяцца больш займальнымі, а вучэбны працэс — даступным для ўсіх дзяцей у класе.

Матэрыял падрыхтаваны ў рамках інфармацыйнай кампаніі “Проста дзеці ў школе” ў падтрымку дзяцей з інваліднасцю і іх сем’яў. Адна з ключавых мэт кампаніі — змяненне адносін да права дзяцей з інваліднасцю на якасную адукацыю і сацыяльную інклюзію. Кампанія “Проста дзеці ў школе” рэалізуецца Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы ўрада Расійскай Федэрацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.