Займаюцца азеляненнем і не толькі: як працуе першае ў Пастаўскім раёне дашкольнае лясніцтва «Мурашкі»

- 10:14Новости

Пазнавальная экскурсія выхаванцаў дзіцячага сада № 1 Паставаў у мясцовае лясніцтва і знаёмства з яго работнікамі сталі вызначальнымі ў рашэнні працягнуць супрацоўніцтва. У выніку ў лістападзе мінулага года на базе ўстановы было адкрыта першае ў раёне дашкольнае лясніцтва «Мурашкі», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— У Пастаўскім лясгасе дзеці даведаліся аб прафесіях ляснічага і лесніка, а таксама інжынера па ахове і абароне лесу, прынялі ўдзел у квест-гульні «Што такое лес?», падчас якой пераканаліся, як нялёгка вырошчваць і абараняць лес ад шкоднікаў і хвароб, — прыгадвае загадчыца дзіцячага сада Лада Канчаніна. — Жаданне супрацоўнічаць узнікла адразу, прычым яно было ўзаемным. Неўзабаве дашкалят пасвяцілі ў сябры прыроды.

Ва ўрачыстай атмасфере ў прысутнасці пачэсных гасцей выхаванцы надзелі спецыяльную форму, падораную работнікамі лясгаса, і далі клятву юных лесаводаў. Назву «мурашкі» палічылі прыдатнай. Бо выхаванцы маленькія, працавітыя і жывуць усе разам у адным вялікім доме — садзіку. Было распрацавана палажэнне аб дашкольным лясніцтве і план работы на год, які тычыўся не толькі дзяцей і педагогаў, але і бацькоў. Змест адпавядаў задачам экалагічнага выхавання дашкольнікаў і накіраванасці дзейнасці лясгаса.

Выхаванцы атрада «Мурашкі» пад кіраўніцтвам педагогаў пачалі назіраць за прыродай, даглядаць расліны, ствараць экспазіцыі для куткоў прыроды і экалагічнай сцежкі, удзельнічаць у тэматычных экскурсіях, даследчай дзейнасці, акцыях і мерапрыемствах, якія арганізуюцца лясгасам.

Работнікі лясгаса частыя госці ў нас, — адзначыла выхавальніца Таццяна Гусарава. — Малышы называюць іх «вялікія лясныя дзядзькі» і пры сустрэчы заўсёды задаюць шмат пытанняў. Так, з ляснічым Віктарам Клянцэвічам выхаванцы абмеркавалі прычыны ўзнікнення лясных пажараў і іх наступствы, як з імі змагаюцца прафесіяналы і што рабіць у выпадку выяўлення ўзгарання. Дзецям спадабаліся сумесныя з лясгасам акцыі па вырабе кармушак і шпакоўняў, якія пасля развешваліся на тэрыторыі садзіка і ў гарадскім парку. Маленькія ляснічыя займаюцца азеляненнем тэрыторыі сваёй установы адукацыі. Разам з выхавальнікамі і работнікамі лясгаса высадзілі дэкаратыўныя хмызнякі самшыта і ціса. А напярэдадні Дня Перамогі ў гэтым годзе была закладзена Алея пакаленняў з 30 туй, на якой устанавілі  памятны знак. А яшчэ нашы «мурашкі» па выніках мінулага навучальнага года занялі 1-е месца ў садзе па здачы макулатуры — 413 кг.

У 2024 г. ва ўстанове выпусцілі першую групу «ляснічых», а ў верасні да атрада «мурашак» далучацца новыя выхаванцы, якія працягнуць іх добрыя справы. Педагогі разважаюць так: «Калі хоць хто-небудзь з выхаванцаў, пасталеўшы, выбера прафесію ляснічага, эколага або інжынера лясной гаспадаркі, то гэта будзе наш агульны поспех».

Летам у Віцебскім абласным ІРА адбылося пасяджэнне абласнога клуба педработнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі па тэме ранняй прафарыентацыі, дзе настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 1 Паставаў Юлія Валабуева прэзентавала вопыт работы па тэме «Дзецям аб прафесіях лясной гаспадаркі».

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва дзіцячага сада