Заканамерная выпадковасць

- 12:47Людзі адукацыі

Для прафесіянала 30-гадовы ўзрост — час падзейны і плённы. Назапашаны вопыт, ёсць пэўныя поспехі і падставы для гонару. А “Крыштальны журавель” уладна кліча далей, бо менавіта з вышыні дасягнутага выразней акрэсліваюцца новыя вяршыні і шляхі да іх пакарэння. Палачанцы Вользе ВЫСОЦКАЙ з птушкай педагагічнага шчасця ўдалося пазнаёміцца бліжэй і нават пасябраваць. У фінале Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” яна ўвайшла ў пяцёрку лепшых у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Між тым у размове педагог шчыра прызналася, што ў дашкольную адукацыю трапіла выпадкова. І дадала: “Гэта быў шчаслівы выпадак”.

— Мне падабаецца кантактаваць з людзьмі. Са школьных гадоў хацела стаць педагогам, але яшчэ больш любіла спорт, — тлумачыць Вольга Мікалаеўна. — Легкаатлетычныя кросы і эстафеты, спартыўнае арыентаванне, гандбол, баскетбол, трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы — вось былі мае прыярытэты. Былі і сур’ёзныя перамогі, узнагароды абласнога і рэспубліканскага ўзроўню ў асабістым заліку і па выніках камандных першынстваў. Я не бачыла сябе па-за спортам, збіралася вывучыцца на трэнера ці для пачатку на настаўніцу фізвыхавання. Аднак паступіць на ўпадабаны профільны факультэт з першай спробы не атрымалася. Маці параіла пільней прыгледзецца да Полацкага кале­джа ВДУ імя П.М.Машэрава. Цяпер я вельмі ўдзячная за гэта: атрымліваецца, яна тады лепш за мяне мае ваганні зразумела і ўбачыла іх глыбей. Не дужа ахвотна падала дакументы. Выбрала тое, што падалося крыху бліжэйшым, — выхавальнік дашкольнай адукацыі, кіраўнік фізічнага выхавання, бо развітвацца са спортам і ў думках не хацела. З работай выхавальніка давялося знаёміцца з чыстага ліста, таму што ў дзіцячы сад я не хадзіла — адразу з дому ў першы клас.

Зразумела, што таленавітую спартсменку ўзялі на карандаш — яна пачала выступаць за каманду каледжа. Спартыўны характар адбіўся на выніках вучобы: дзяўчына вучылася на выдатна і каледж скончыла з чырвоным дыпломам. Здавалася б, цудоўны шанс прадоўжыць спартыўную кар’еру, толькі зноў умяшаўся лёс: сустрэла каханне, стала маці — было не да спорту. Выбар зменшыўся да дашкольнай установы. Так дзевяць гадоў назад выпускніца каледжа засталася ў родным Полацку і прыняла сваю першую групу ў яслях-садзе № 28. На тое, каб не спыняць адукацыю, разважлівасці і сілы волі зноў жа хапіла — паступіла ў ВДУ на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”. Перспектыўнага педагога заўважылі, запрасілі ў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці — праз год яна прапанову прыняла.

— Першы год я працавала ў ясельнай групе, а тут адразу даверылі старшую, — адзначае Вольга Высоцкая. — І гэта маладому спецыялісту — падрыхтоўку да школы ў лепшай дашкольнай установе горада! Але так атрымліваецца ў жыцці, што я заўсёды імкнуся да лепшага. Не проста ў марах — стаўлю мэту і іду да яе. Калі ўжо пачынаеш штосьці рабіць, трэба ўсе намаганні прыкласці, каб быць першай у справе. Калектыў у нас вельмі моцны, працоўная атмасфера адметная, строгі кантроль і прастора для творчасці — такая выбудавана сістэма. Бацькоў заўсёды чакаем на справаздачныя канцэрты і заняткі, дзень адкрытых дзвярэй штогод, конкурс на лепшую групу кожнае паўгоддзе. Плюс гарадскія, раённыя і больш высокага ўзроўню конкурсы па розных напрамках — задзейнічаны ўсе. І ведаеце, толькі калі прыйшла на работу сюды, нечакана для сябе адчула, што мне падабаецца працаваць выхавальнікам. Я на пазітыве прыходжу на работу, бо люблю дзяцей, люблю, калі яны радасна бягуць да мяне, усміхаюцца, дзеляцца навінамі. Прыемна, калі правядзеш заняткі, а потым бацькі здзіўляюцца: “Ехалі ў аўтобусе, а сын усе полацкія помнікі, музеі па дарозе правільна назваў і расказаў пра іх”. Ці яшчэ выпадак: гутарылі на занятках пра сучасную Беларусь. Я пазнаёміла выхаванцаў з дзяржаўнай сімволікай, што ўвасоблена ў нашым гербе, расказала, чаму менавіта такія колеры, выявы на сцягу. Дзяцей гэта настолькі ўразіла, што яны і ў той дзень, і на працягу наступнага малявалі беларускія сцягі: у іх выявілася такая патрэба. Кранальна назіраць, як выхаванцы нешта выдумляюць, фантазія ў такім узросце багатая, і думаюць яны нешаблонна.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Полацка з 2015 па 2019 год быў пляцоўкай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі пры дапамозе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”. З мінулага года калектыў рэалізоўвае абласны творчы праект “Укараненне методыкі сторытэлінгу як сродку развіцця ключавых кампетэнцый дзяцей 4—7 гадоў”. Вольга Мікалаеўна — у ліку актыўных удзельнікаў абодвух праектаў. Дарэчы, з яе распрацоўкамі чытачы знаёмы па публікацыях на старонках нашага выдання.

— Мы найперш кіруемся праграмнымі патрабаваннямі, аднак у сваім развіцці большасць нашых дзяцей апярэджвае праграму, — расказвае педагог. — Каб выхаванцы не страчвалі матывацыю да заняткаў, даводзіцца працаваць у пэўнай ступені на апярэджванне і, адпаведна, падцягваць астатніх. Трэба быць гатовым да нестандартных рашэнняў, да эксперымента. Аднак тут важна ведаць меру. Прынцып, як у медыкаў: “Не нашкодзь”. Надзвычай многае залежыць ад напарніка, памочніка выхавальніка. Затое ў агульных групавых справах мы разам і ў нас больш магчымасцей. Сучасны адукацыйны працэс настойліва дыктуе інтэрактыў. Выхаванцам карысней на занятках паглядзець не на звычайны раздрукаваны малюнак, а на прадмет, з’яву, працэс у развіцці. Я распрацоўваю для дзяцей інтэрактыўныя гульні і ролікі з выкарыстаннем сторытэлінгу — гэта кароткія апавяданні, літаральна на паўтары-дзве хвіліны. Яны павінны быць яркімі, захапляючымі і інфарматыўнымі, каб дзіцяці запомнілася самае галоўнае. На выхадзе атрымліваецца адукацыйны мультфільм. Цыкл такіх матэрыялаў прапанавала сёлета на Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. На абласным этапе ў намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс у дашкольнай і пачатковай адукацыі” заняла 1-е месца, зараз рыхтуюся да заключнага этапу. Па другой сваёй спецыяльнасці працую лагапедам на паўстаўкі ў нашым цэнтры. Акрамя таго, удзельнічаю ў рабоце клуба “Крыштальны журавель”. Нядаўна мы завяршылі распрацоўку серыі тэстаў для здачы экзаменаў на кваліфікацыйную катэгорыю для выхавальнікаў дашкольных устаноў. Уваходжу ў склад журы адкрытага конкурсу для педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі “Інфарматыка без разеткі”, пляцоўкай для якога стала Орша. Вольны час, колькі яго застаецца, прысвячаю сям’і, яна мая апора і галоўная група падтрымкі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.