Заклік да міру і асветы

- 12:10Адукацыйная прастора

Юбілейныя Каложскія чытанні прайшлі ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Дзясятыя адкрытыя абласныя навукова-адукацыйныя Каложскія чытанні сабралі больш за 400 удзельнікаў з усёй Беларусі і праходзілі ў афлайн- і анлайн-рэжыме. Упершыню трансляцыя Каложскіх чытанняў вялася ў прамым эфіры на YouTube.

Арганізатарам мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, ГрАІРА, Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі.

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній прадэманстраваў удзельнікам чытанняў унікальнае рукапіснае Слуцкае Евангелле 1582 года. Да канца 20-х гадоў Евангелле знаходзілася ў фондах Мінскага дзяржаўнага музея, а з 1929 года — у Магілёўскім краязнаўчым музеі, пасля — у пакоі-сейфе Магілёўскага абкама партыі. У 1941 годзе яно было страчана і цудоўным чынам знойдзена ў 2003 го­дзе. У цяперашні час Евангелле захоўваецца ў Слуцкай епархіі. Як заўважыў архіепіскап, да гэтага часу невядома, як мастакі накладвалі сусальнае золата вышэйшай пробы на паперу. Прайшло столькі гадоў, а выданне цудоўна захавалася. Удзельнікі чытанняў не толькі дакрануліся да ўнікальнага Слуцкага Евангелля, але і абмеркавалі, якія перспектывы адкрывае Евангелле для сучаснага чалавека.

— Навукова-адукацыйныя Каложскія чытанні для нас вялікае свята, — падкрэсліў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. — Мы ўвесь час рухаемся наперад, з году ў год тэматычнае поле і геаграфія чытанняў пашыраюцца, да іх далучаецца ўсё больш аднадумцаў. Застаецца яшчэ дастаткова шмат тэм для абмеркавання, у прыватнасці, праблематыка маральных каштоўнасцей у сучасным грамадстве, сямейныя пытанні. Чалавек павінен звяртацца да духоўных традыцый, якія на працягу тысячагоддзяў фарміравалі асобу. Царква заўсёды заклікае да стварэння, міру, асветы. І сёлетнія Каложскія чытанні прысвечаны маральным асновам, без якіх немагчыма развіццё паўнацэннага грамадства.

Архіепіскап Антоній назваў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы самай гасціннай пляцоўкай, дзе працуюць педагогі, з якімі наладжана цеснае супрацоўніцтва, вучацца цудоўныя студэнты, якія заўсёды вельмі скрупулёзна ўнікаюць у прапанаваную для абмеркавання тэму. Таксама ён выказаў надзею, што Каложскія чытанні будуць спрыяць таму, што наша моладзь больш увагі стане ўдзяляць кнігам.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падкрэсліла, што Каложскія чытанні — вельмі важны форум для ўніверсітэта, ён праходзіць у рамках шматгадовага цеснага супрацоўніцтва ўніверсітэта і Гродзенскай епархіі.

— З кожным годам Каложскія чытанні прыцягваюць усё большую колькасць як удзельнікаў з навуковымі дакладамі, так і тых, хто проста хоча апынуцца ў гэтай атмасферы цяпла, дабрыні. На сёлетніх навукова-адукацыйных чытаннях падымаюцца пытанні традыцыйных сямейных каштоўнасцей, маральнага развіцця асобы, тое, што хвалюе нашу моладзь. Юбілей Каложскіх чытанняў супаў з такімі значнымі датамі ў гісторыі, як 860-годдзе з моманту стварэння Крыжа
Ефрасінні Полацкай і 435-годдзе з дня нараджэння святой Соф’і Слуцкай. Чытанні заўсёды праходзяць у перадкалядны час, калі кожны з нас чакае цуду, — адзначыла І.Ф.Кітурка.

— У Гродзенскай вобласці на базе 44 устаноў рэалізуецца 6 інавацыйных праектаў па тэме духоўна-маральнага выхавання, працуюць 3 абласныя рэсурсныя цэнтры па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, а з 2022 года адкрываецца яшчэ адзін — па пытаннях праваслаўнага краязнаўства на базе Дабравольскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна, а таксама метадычны цэнтр, які будзе суправаджаць педагогаў факультатыўнага курса “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, на базе ГрАІРА.

Рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка, выступаючы на пленарным пасяджэнні, расказала, што ў пачатку бягучага года на Гродзеншчыне была распрацавана новая канцэпцыя маральнага выхавання моладзі на найбліжэйшыя пяць гадоў. Рэалізаваць намечанае можна толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых.

— У Гродзенскай вобласці на базе 44 устаноў рэалізуецца 6 інавацыйных праектаў па тэме духоўна-маральнага выхавання, працуюць 3 абласныя рэсурсныя цэнтры па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, а з 2022 года адкрываецца яшчэ адзін — па пытаннях праваслаўнага краязнаўства на базе Дабравольскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна, а таксама метадычны цэнтр, які будзе суправаджаць педагогаў факультатыўнага курса “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, на базе ГрАІРА.

У бягучым годзе ўпершыню ў Гродзенскай вобласці па ініцыятыве архіепіскапа Антонія арганізаваны два абласныя конкурсы на прысуджэнне прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта: “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі” і “За заслугі, грама­дзянскую адказнасць і самаадданасць, праяўленыя пры выкананні прафесійнага абавязку ў эпідэмічных умовах падчас пандэміі каранавіруса”.

У рамках Каложскіх чытанняў прайшлі круглы стол “Ці патрэбна рэлігія сучаснаму чалавеку?”, маладзёжная дыскусія “Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце: прыняцце або непрыняцце” на базе медыя­цэнтра гімназіі № 10 Гродна, а таксама педагагічная майстэрня педагогаў ясляў-сада № 77 Гродна для работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі “Што і як расказваць дзецям дашкольнага ўзросту пра Бога”. На працягу двух дзён працавалі секцыі.

Прыемным момантам пленарнага пасяджэння стала выступленне хору Свята-Пакроўскага кафедральнага са­бора Гродна.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.