Заклікала “Зарніца”

- 16:28Нам пішуць

У Спондаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе склалася добрая традыцыя — у апошні дзень вучобы праводзіць “Зарніцу”.

Першапачаткова гэта мерапрыемства ладзілася толькі ў нашай установе адукацыі, затым было вырашана запрасіць да ўдзелу навучэнцаў і настаўнікаў з Альхоўскай сярэдняй школы. Так у нашай школе сабралася каля 60 ахвотных узяць удзел у гульні. Пасля жараб’ёўкі атрымалася 5 каманд: “Мядзведзі”, “Бэст”, “БРСМ”, “Зоркі”, “Пазлы”. За кожнай замацоўваўся куратар. Камандам адводзілася 5 хвілін прыдумаць назву і дэвіз.

Затым усе дружна адправіліся на стадыён для праходжання “Паласы перашкод”. На гэтым этапе наперад вырвалася каманда “Мядзведзі”. А вось у квэсце, які складаўся з дзесяці станцый, лепшымі сталі ўдзельнікі каманды “Бэст”. Трэці этап “Зарніцы” быў самы доўгачаканы. Каманды сабраліся ў спартыўнай зале для перацягвання каната. Абыякавых не было. Нават самыя маленькія з усіх сіл цягнулі канат у свой бок. Балельшчыкі падтрымлівалі, а куратары вельмі хваляваліся. Перавага зноў аказалася на баку каманды “Мядзведзі”, якая і стала пераможцам.

Дзень праляцеў вельмі хутка. Разнастайныя і цікавыя задачы, спартыўны азарт, новыя знаёмствы, жарты і забавы не давалі часу цягнуцца доўга.

Аляксандра ЗУЕВА,
педагог-арганізатар Спондаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.