Заклікаць задумацца складаней, чым рассмяшыць

Шасцікласнік Віктар Шыман з сярэдняй школы № 8 Жодзіна стаў пераможцам II Міжнароднага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”, які завяршыўся днямі ў Маскве. Маштабнае мерапрыемства сабрала самых таленавітых шасцікласнікаў з 26 краін свету — Расіі, Беларусі, Казахстана, ЗША, Польшчы, Турцыі, Балгарыі, Нідэрландаў, Украіны, Сербіі, Славеніі, Кітая і інш. У міжнародны фінал трапілі толькі лепшыя з лепшых. Конкурс 100 тысяч чалавек на месца вытрымалі толькі 22 хлопчыкі і дзяўчынкі з 2,5 мільёна ўдзельнікаў. Толькі ў Маскве яны пераадолелі чатыры адборачныя туры, каб даказаць, што чытаць рускую класіку на радзіме Пушкіна годны менавіта яны. Рэспубліку Беларусь на маштабным мерапрыемстве, акрамя Віктара, які стаў пераможцам нацыянальнага этапу конкурсу, прадстаўлялі прызёры Ілья Космач (гімназія Ганцавіч Брэсцкай вобласці) і Эліна Вялесік (гімназія № 2 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці).

Міжнародны конкурс “Жывая класіка” — гэта спаборніцтва ў дэкламацыі школьнікамі ва ўзросце 11- 12 гадоў твораў мастацкай літаратуры на рускай мове. Напрыканцы мінулага года ў Расіі гэты праект стаў пераможцам I Нацыянальнай прэміі “Грамадзянская ініцыятыва” ў намінацыі “Духоўная спадчына”. У Рэспубліцы Беларусь яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы больш як 570 устаноў адукацыі.
“Віця — дзіця неардынарнае, — зазначае Кацярына Пятроўна Смольская, педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 8 Жодзіна. — Акрамя таго, што Віця выдатнік і сур’ёзна захапляецца спортам, самая яркая яго рыса — камунікабельнасць. Ён з лёгкасцю знаходзіць агульную мову і з малымі, і з дарослымі. Я працую ў школьным тэатры “Свет фантазій”. Хоць яго ўдзельнікі — вучні пачатковых класаў, Віця захацеў да нас далучыцца, і хлопчык карыстаецца сярод дзяцей аўтарытэтам. Ён завадатар сярод школьных журналістаў, працуе на школьным радыё. Віктар вельмі начытаны. З кнігай не развітваецца з чатырох гадоў, таму пра што пагаварыць ён заўсёды знойдзе”.

Віця чытае ўсё, што трапляе пад руку, — ад гумарэсак да навуковай літаратуры. Дома ў яго толькі пад энцыклапедыі выдзелена цэлая паліца. Тут можна знайсці самыя розныя кнігі — пачынаючы ад энцыклапедыі для дашкольнікаў, якую Віця любіў чытаць у пяць гадоў, і заканчваючы Вялікай Оксфардскай энцыклапедыяй. Але найбольш хлопчык любіць чытаць пра вайну, бо, на яго думку, толькі на яе старонках можна зведаць сапраўднага чалавека. Так, юны герой аповесці “Іван” Уладзіміра Багамолава, якую хлопчык выбраў для дэкламацыі, быў разведчыкам і з-за таго, што не захацеў выдаваць сакрэтныя даныя, быў расстраляны. Гэта адзін з любімых твораў хлопчыка.
“Я ніколі не баяўся конкурсаў. Напрыклад, перамагчы на рэспубліканскім этапе было проста, — гаворыць Віця. — Але, калі прыйшлося прадстаўляць ужо не толькі сябе, а ўсю Беларусь, мне стала трывожна: для Беларусі ніжэй першага месца я не хацеў атрымаць. Мяне супакойвала тое, што я чытаў сур’ёзны ўрывак, спадзяваўся, што гэта спадабаецца журы. Людзі шукаюць у літаратурных творах не толькі асалоду, але і нагоду лішні раз задумацца, можа, нават пераасэнсаваць сваё жыццё. У фінале творы ў асноўным былі гумарыстычныя. Трагікі было мала, бо прымусіць засмяяцца куды прасцей, чым выклікаць слёзы”.
Сведкай трыумфу хлопчыка была Алёна Леанідаўна Белая, начальнік Цэнтра медыярэсурсаў і бібліятэчнай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

“Сказаць пра тое, што наш Віця ўразіў усіх прысутных сваім чытаннем — нічога не сказаць, — гаворыць Алёна Леанідаўна. — Літаральна ўсе члены журы на чале з Людмілай Петрушэўскай, дзіцячай пісьменніцай, свае голасы аддалі Віцю, хоць яго выступленне было адным з першых. А зала пасля яго выступлення апладзіравала стоячы і доўга не пускала яго са сцэны. І, мабыць, у кожнага было адчуванне зашчамлення ўнутранага “Я” ад разумення, наколькі глыбока Віктар адчуў жанр, прапусціў праз сябе вобраз героя. Дзякуючы такім дзецям, як Віця і яго герой, і каваліся перамогі. Хлопчык даў магчымасць звярнуць увагу на тое, што дзеці таксама перажываюць і за краіну, і за радзіму. Мы, дарослыя, у сваіх палітычных, ідэалагічных гульнях забываемся, што дзеці побач, і яны па-свойму ўсё бачаць і па-свойму адчуваюць”.
Другое месца журы прысудзіла Вользе Трандафілавай з Малдовы, якая прачытала ўрывак з рамана “Плаха” Чынгіза Айтматава. За прачытанне другога твора гэтага ж аўтара — апавядання “Салдацёнак” Марат уулу Ырышкельды з Кіргізіі быў удастоены трэцяга месца.

За некалькі дзён, калі праходзілі фінальныя туры, Віця жыў у адным пакоі з Маратам і хлопчыкі паспелі пасябраваць. І адной з агульных тэм, якія вечарамі яны абмяркоўвалі, была літаратура. Развітваючыся, яны абмяняліся сувенірамі, кантактамі і паабяцалі падтрымліваць сувязь. Адзін з прызоў — пуцёўка ў лагер “Арляня” — дасталася Ільі.
Такім чынам, мэты, заяўленыя арганізатарамі конкурсу, сярод якіх не толькі развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферах адукацыі і культуры, папулярызацыя чытання сярод дзяцей і падлеткаў, але і проста завязванне сяброўскіх адносін паміж удзельнікамі, былі поўнасцю дасягнуты.

 

Святлана НІКІФАРАВА.