Заклікі да байкоту гучаць з боку няўдачнікаў

- 14:32Выбары 2015

Гэта заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў праграме “Актуальны мікрафон” на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Гаворачы аб закліку да байкоту прэзідэнцкіх выбараў, старшыня ЦВК, у прыватнасці, адзначыла: “Гэта забаронена заканадаўствам, але, тым не менш, у той ці іншай форме такія заклікі гучаць. Яны гучаць з боку няўдачнікаў”.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, такую рыторыку можна пачуць ад аднаго з няздзейсненых кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду (удзельнічаў у выбарчай кампаніі ў 2015 годзе) і яшчэ некалькіх прадстаўнікоў апазіцыі, якія “не могуць удзельнічаць у выбарах па тых ці іншых прычынах або не хочуць гэтага”. “Я адразу магу сказаць, што гэта не толькі незаконна, гэта безадказна. Дарослыя людзі, якія вельмі добра ведаюць, што правядзенне выбараў – неабходнасць для кожнай дзяржавы, ведаюць, якія вялікія сродкі ўкладзены ў гэту выбарчую кампанію (як і ў любую іншую) і што ад выбараў залежыць стабільнасць і дабрабыт нашага грамадства, яны проста не маюць права да такой ступені забыцца, страціць пачуццё рэальнасці і адказнасці, каб заклікаць не прыходзіць на выбары”, – лічыць старшыня ЦВК.
Яна таксама дадала, што перадвыбарная агітацыя ідзе ў планавым рэжыме – праводзяцца пікеты, сустрэчы з выбаршчыкамі ў закрытых памяшканнях, кандыдаты змаглі выступіць на радыё і тэлебачанні, апублікавалі ў сродках масавай інфармацыі свае перадвыбарныя праграмы. “Кандыдаты працуюць, яны прымушаюць выбаршчыкаў гаварыць аб сабе, у добрым сэнсе гэтага слова. Тая агітацыя, якая ёсць у нашай краіне, наогул не пакідае ніводнага выбаршчыка без дастатковай інфармацыі аб тым, што 11 кастрычніка адбудуцца выбары Прэзідэнта”, – лічыць Лідзія Ярмошына.