Закон, па якім ты жывеш

Правапарушэнні маюць сур’ёзныя наступствы для грамадства. Выхаваць законапаслухмянага грамадзяніна цяпер няпроста, але магчыма і трэба. Як жа не дапусціць здзяйснення правапарушэнняў?


Адказ на гэтае пытанне шукалі ў Дужаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — сярэдняя школа Чавускага раёна Магілёўскай вобласці на працягу тыдня прававых ведаў, асноўнай мэтай якога стала выхаванне прававой свядомасці навучэнцаў, прававая асвета і набыццё практычнага вопыту законапаслухмяных паводзін, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Ладзіліся тлумачальна-прафілактычныя гутаркі “Я — правы — абавязкі — закон”, рэйд “Падлетак”, анкетаванне вучняў “Што я ведаю пра свае правы?”.

Скарбонка прапаноў “Няма нічога больш невыноснага, чым гультайства” папоўнілася прапановамі ад навучэнцаў, як перамагчы гультайства ў рамках права.

Зацікавіў брэйн-рынг “Знаўцы права”, дзе спаборнічалі каманда бацькоў і каманда навучэнцаў.

Гульцы аказаліся надзвычай актыўныя, разгарэлася сур’ёзная барацьба за перамогу. Паспяхова пераадольвалі 7 этапаў гульні: “Пытанне — адказ”, “Злачынства з гісторыі”, “У лабараторыі крыміналіста” і г. д. Гульцы кваліфікавалі артыкулы законаў, праводзілі аналіз праблемных прававых сітуацый, шукалі адказы на пытанні. У працэсе абмеркавання прапанаваных жыццёвых сітуацый вучыліся крытычна асэнсоўваць свае і чужыя ўчынкі, гаварыць “не” ў сітуацыі маральнага выбару, знаходзіць рашэнні і рабіць правільны выбор. Удзельнікі гульні выступілі ў ролі юрыстаў, кансультантаў літаратурных герояў, сышчыкаў, экспертаў, крыміналістаў, адным словам — знаўцаў права.

Каманды праявілі кемлівасць, прадэманстравалі добрыя веды ў галіне працоўнага, сямейнага, канстытуцыйнага і крымінальнага заканадаўства, дакладна і арганізавана адказвалі на пытанні, падзяліліся ведамі і добрым настроем.

Брэйн-рынг для вучняў — гэта выдатная магчымасць павысіць узровень ведаў у галіне права, праверыць і прадэманстраваць сваю кампетэнтнасць, а для бацькоў — падзяліцца вопытам у выхаванні прававой культуры і ўбачыць сваіх дзяцей збоку.

Лілія МЕЛЬНІКАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства.