Закруцілі справу

У Гомельскай вобласці знайшлi надзейны спосаб дапамогі дзецям-­інвалідам з усёй Беларусi.

Светлагорскія навучэнцы штогод удзельніча­юць у экалагічнай і валанцёрскай акцыі “Закруцім добрую справу”. Сутнасць праекта ў тым, каб збіраць і здаваць пластыкавыя накрыўкі на пераапрацоўку, а атрыманыя сродкi накіроўваць на дапамогу дзецям-інвалідам. Добрая мэта аб’ядноўвае навучэнцаў i iх бацькоў, а таксама настаўнiкаў сярэдняй школы № 10 ужо чацвёрты год запар.

Дзякуючы праекту, удалося дапамагчы 6-гадовай Аляксандры Кацуры з Рэчыцы: сабраныя сродкi пайшлi на пратэз перадплечча. Таксама ў Светлагорску збіралі пластык, каб дапамагчы дзецям з ДЦП з Жодзіна — Маі і Цімафею Гурскіх (на дваіх у іх больш за 10 дыягназаў).

— Чаму вырашылi займацца валанцёрскай справай? — пытаюся ў педагога-арганізатара сярэдняй школы № 10 і куратара праекта Яўгеніi Казлоўскай.

— Даўно хацела ўвасо­біць у жыццё гэтую ідэю, інфармацыю аб праекце аднойчы знайшла ў інтэрнэце, — расказвае Яўгенія Уладзіміраўна. — У першую чаргу, мы дапамагаем дзецям, якія асабліва маюць у гэтым патрэбу. А яшчэ хацелася, каб у нашай школе педагогі, навучэнцы, іх бацькі былі звязаны і заняты агульнай справай. На шчасце, так i атрымалася! Мая ідэя дзецям вельмі спадабалася. Упершыню ўдзел у праекце мы прынялі ў 2018 годзе. Зрабілі надзейную скрыню для збору пластыку, размалявалi яе і ўстанавілі ў фае школы. На класнай гадзіне знаёмім вучняў з тым, для каго і на што збіраем сродкi. Таксама тлумачым, што накрыўкі патрэбна прыносіць чыстыя i сухія. Калі набіраецца поўная скрыня, накрыўкі размяркоўваем па мяшках, іх адвозім у Светлагорскае бюро па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Так, з 1 верасня нам удалося сабраць ужо некалькi сетак накрывак, іх адвезлі ў БТІ.


Хацелася, каб у нашай школе педагогі, навучэнцы, іх бацькі былі звязаны і заняты адной агульнай справай. На шчасце, так i атрымліваецца!

Дарэчы, настаўнікі настолькі актыўна падключыліся да збору, што нават устанавілі ў сваіх кабінетах спецыяльныя кантэйнеры.

— Нашы школьнікі з вялікім жаданнем збіраюць пластык, — гаворыць настаўніца пачатковых класаў Аксана Еўлаш. — Напрыклад, вучнi 3 “А” класа нясуць рознакаляровыя накрыўкі цэлымі пакетамі, ім у гэтым дапамагаюць бацькі, а таксама бабулі i дзядулі. Прымаючы ўдзел у праекце, дзеці не толькі ратуюць навакольнае асяроддзе, але і фарміруюць беражлівыя адносіны да яго. Акрамя таго, у нас ёсць выдатная магчымасць дапамагаць тым, хто мае патрэбу, напрыклад, у набыцці лекаў цi пратэзаў альбо спецыяльных трэнажораў. Вучні суперажываюць кожнаму дзіцяці, якое апынулася ў няпростай сітуацыі, праяўляюць міласэрнасць.

У гэтым годзе навучэнцы збіраюць пластык, каб дапамагчы 11-гадовай Ульяне Самсон, якая жыве ў горадзе Бярозаўка. У дзяўчынкі ДЦП, яна жыве на пятым паверсе ў доме без ліфта. На жаль, без старонняй дапамогі Ульяна не можа выходзіць на вуліцу, у школу i паліклініку, бо перамяшчаецца толькі ў інваліднай калясцы. Яна мае вострую патрэбу ў рэабілітацыйных трэнажорах для дзяцей з ДЦП, якія дазволяць захаваць тыя навыкі, якія яна мае.

— Самыя актыўныя ўдзельнікі валанцёрскага праекта — вучнi малодшых класаў, — адзначае куратар Яўгенія Казлоўская. — Памятаю выпадак, калі адно дзіця прынесла 580 накрывак толькi белага колеру. Гэта вялізны ўклад у нашу агульную добрую справу.

Вучань 5 “Г” класа Іван Клімянок адзін з першых падключыўся да збору накрывак, і, мабыць, ён самы ініцыятыўны ўдзельнік.

— Я сабраў прыкладна 2 тысячы накрывак, — падлiчыў хлопец. — У гэтым мне дапамагае маці. Ведаю, што гэта не мяжа, я і далей буду зрабіць накрыўкі ад малака, кефіру, какавы, кока-колы, мінеральнай або пітной вады, мыць, сушыць і прыносіць іх у школу. Мне падабаецца зрабіць добрыя справы.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА.
Фота аўтара.