Закруціць «васьмёрку» і праехаць «тунэль»: юныя матацыклісты з Бялыніч паказваюць клас на фігурным ваджэнні

- 12:18Видеосюжет, Новости

За 17 гадоў работы педагог Шматпрофільнага цэнтра «Ветразь» Бялыніч Аляксей Кулакоў падрыхтаваў больш за паўсотні юных матацыклістаў. На вучэбнай пляцоўцы пабывала карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

На занятках аб’яднання па інтарэсах дзеці асвойваюць правілы дарожнага руху, вучацца ездзіць і рамантаваць матацыкл. Самае галоўнае для іх, што шмат практыкі. Педагог дазваляе ездзіць нават зімой (галоўнае — расчысціць снег і пасыпаць вучэбную пляцоўку пяском). Праўда, з прычыны небяспекі не дае практыкавацца ў любімым выхаванцамі фігурным ваджэнні. Затое якраз цяпер для гэтага самы спрыяльны час.

Пакуль падлеткі збіраюць матацыклы, разабраныя з мэтай перавозкі для ўдзелу ў спаборніцтвах, мы з Аляксеем Мікалаевічам гутарым, расстаўляючы фішкі і стойкі на пляцоўцы перад будынкам установы.

Канечне, для хлопцаў матацыкл атаясамліваецца ў першую чаргу з хуткасцю, з магутнасцю, але я іх вучу не засяроджвацца толькі на гэтым. Няма нічога прасцейшага, чым націснуць газ і імчаць. Лепш паспрабуйце праехаць «васьмёрку» ці «тунэль». На нашай дыстанцыі па ваджэнні мінімум 10 фігур, кожная з якіх мае сваю назву і ступень складанасці. Вось што цікава! — гаворыць педагог.

Усе гэтыя фігуры ўваходзяць у праграму спаборніцтваў па мотаспорце. Пра іх расказвае мне педагог, а хлопцы тым часам з задавальненнем дэманструюць на пляцоўцы. Лоўка праехаць «калідор», прыгнуцца пад планкай, выконваючы «габарыты», віртуозна абвесці коламі «васьмёрку» і выканаць іншыя складаныя трукі — для іх аказалася звычайнай справай.

— Ускладненне прыёмаў ваджэння — гэта важны навык. Чым лепш ён сфарміруецца, тым больш упэўнены малады чалавек будзе на дарозе. Добра, калі ты едзеш па чыстай дарозе, без усялякіх перашкод. А што, калі гэтая самая перашкода раптам узнікне? Вось якраз непрадбачанае на дарозе для маіх навучэнцаў прадбачанае, бо яны рыхтуюцца да гэтага і ведаюць, як дзейнічаць імгненна. Выскачыў, напрыклад, на дарогу чалавек. Іншы матацыкліст што робіць? Рэзка бе па тармазах, часта не задумваючыся, што пры рэзкім тармажэнні кола становіцца некіруемым. А мой навучэнец аўтаматычна выканае манёўр і абедзе чалавека, бо ведае, як гэта зрабіць правільна і якімі тармазамі пры гэтым скарыстацца, — гаворыць А. Кулакоў.

 

Што тычыцца турніраў, то гэта важная частка жыцця гурткоўцаў. Абласныя спаборніцтвы па юнацкім мотамнагаборстве былі адноўлены ў 2006 г. якраз у «Ветразі», і з таго часу тут педагогі іх і праводзяць. Некалькі гадоў назад гэтыя спаборніцтвы афіцыйна ўвайшлі ў Рэспубліканскую спартакіяду, таму бялыніцкія матацыклісты сталі сапернічаць з падлеткамі не толькі сваёй вобласці, але і ўсёй краіны. Амаль кожны год яны калі не чэмпіёны ў рэгіёне, то абавязкова прызёры. А на рэспубліцы ўжо два разы заваявалі серабро. Узнагароды цесна стаяць у дзвюх вялікіх шафах на ўваходзе ва ўстанову, у фае.

На спаборніцтвы немагчыма прыехаць без добрай падрыхтоўкі, — гаворыць трэнер. — Кожная перамога — заслужаная, заробленая.

Сярод самых тытулаваных у калектыве — 13-гадовы Мікіта Сямашка: за 4 гады заняткаў ён атрымаў мноства перамог у сваёй узроставай групе.

Заглушыўшы матор, хлопчык нібы лічыць імгненні, каб хутчэй націснуць на газ, і ўжо ў час гутаркі засцягвае шлейку шлема:

— Матацыкл — гэта класна! Адчуванне дарогі, роў матора, вецер у твар, адрэналін… Хіба гэта параўнаецца з яздой на легкавушцы?..

Святлана НІКІФАРАВА
Фота і відэа аўтара