Закружыў баль-маскарад

Абласны маладзёжны навагодні баль-маскарад сабраў таленавітую моладзь з усіх раёнаў Гродзеншчыны.

Школьнікі, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, студэнты, для якіх бягучы навучальны год адзначаны поспехамі ў вучобе, творчымі дасягненнямі і заваяваннем спартыўных вышынь, сабраліся ў зале абласной філармоніі на сапраўдны баль. Для адных ён стаў першым у жыцці, другія ўжо прымалі ўдзел у падобных мерапрыемствах. На паркет выйшлі 33 пары юнакоў і дзяўчат. Яны выканалі вальс, паланэз, польку і кадрылю.

— Акцыя “Нашы дзеці”, у рамках якой і праходзіць баль-маскарад, падводзіць вынік усім тым добрым справам, якія мы рабілі на працягу года, — падкрэсліў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. — Ва ўсіх мерапрыемствах з 10 снежня ўдзельнічаюць нашы дзеці: спартсмены, пераможцы алімпіяд, конкурсаў. Сёння лепшыя з лепшых маладыя людзі прадстаўляюць увесь Прынёманскі край, гэта эліта нашай моладзі, яны з’яўляюцца прыкладам для іншых, паказваюць, што стараннасць, імкненне да пазнання і самаўдасканалення даюць вынік. І дасягнуць яго можа кожны з нас. Гледзячы на ўпэўненых у сваіх сілах, паспяховых маладых людзей, мы павінны таксама даць абяцанне, што ў наступным годзе зробім значна больш, чым у 2020 годзе. І я ўпэўнены: гэтае абяцанне будзе выканана.

Адзінаццацікласнікі гімназіі № 1 імя К.Ка­ліноўскага Свіслачы Ксенія Краўчук і Данііл Гуштын упэўнены, што прыняць удзел у такім мерапрыемстве адказна, таму вельмі хацелі тут пабываць. І для гэтага ў іх былі ўсе падставы. Ксенія ў мінулым годзе заваявала дыплом II ступені на абласным этапе Рэспублікан­скай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, раней атрымлівала дыплом III ступені. Данііл — прызёр абласных спаборніцтваў па вольнай барацьбе.

— Мы вельмі рады знаходзіцца ў гэтай неверагоднай святочнай атмасферы, — прызналася Ксенія Краўчук. — Шмат розных фотазон, мы паспелі ўжо сфатаграфавацца. І, вядома, хвалююча, бо мы павінны танцаваць у чатырох танцах.

А навучэнцам Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча танцаваць на балях не ў навінку. Маргарыта Місюля, Таццяна Лебядзевіч, Дарыян Рубанік і Павел Грынь з дзяцінства мараць аб афіцэрскіх пагонах, таму і сталі кадэтамі. Аднак сур’ёзнасць выбару не перашка­джае ім займацца ў вучылішчы харэаграфіяй, а таксама спортам. Дарэчы, Дарыян Рубанік і Павел Грынь хутка таксама адправяцца на Рэспубліканскі навагодні баль.

Настасся Грыднева і Павел Шот з сярэдняй школы № 1 Ліды на такім балі — у сваёй стыхіі, яны ўжо больш як дзесяць гадоў займаюцца спартыўна-бальнымі танцамі, станавіліся прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных турніраў. Праяўляюць актыўнасць і ў грамадскім жыцці: удзельнічаюць у акцыях БРСМ, з’яўляюцца валанцёрамі. Старшакласнікі вывучаюць на павышаным узроўні біялогію і хімію. Настасся марыць стаць правізарам, а Павел — урачом-хірургам.

— На мерапрыемстве прысутнічаюць навучэнцы і студэнты, якія дасягнулі поспехаў не толькі ў вучобе, але і ў спорце, мастацтве, сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжна­родных конкурсаў, лаўрэатамі прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя Аляксандра Дубко, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Яны не толькі добра вучацца, але і ў вольны час знаходзяць сябе ў розных галінах грамадскага жыцця, удзельнічаюць у рабоце маладзёжнага парламента. Стаўка на падтрымку таленавітай моладзі сябе апраўдвае. І мы бачым па ўдзеле ў дыялогавых пляцоўках, што моладзь, якая адчувае на сабе ўвагу органаў улады, актыўная, ініцыя­тыўная, выказвае свае меркаванні, бачанне будучыні краіны.

Маладзёжны баль-маскарад на Гродзеншчыне прайшоў ужо другі раз. Як адзнача­юць арганізатары, гэта ўжо добрая навагодняя традыцыя.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.