Закружыў белы баль

32 пары — выдатнікі вучобы, актывісты, спартсмены і проста прыгажуні  і такія ж эфектныя кавалеры — закружыліся ў вальсе. У Гродне ўпершыню адбыўся белы баль. Удзельнікамі гэтага пераднавагодняга свята сталі студэнты ўсіх гродзенскіх універсітэтаў, навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, школьнікі — ад кожнага раёна ў абласны цэнтр прыехала пара навучэнцаў.

І хоць снег яшчэ не парадаваў беллю зямлю, белы колер як сімвал чысціні і надзеі прысутнічаў у сценах абласной філармоніі ўсюды: у белых сукенках дзяўчат, у хлопцаў — белая кашуля, бутаньерка ці хустачка. Ды і ёлка адпавядала дрэс-коду — яна таксама белая з белымі ўпрыгажэннямі.

Пачаўся баль з паланэза. Потым былі полька, вальс, мазурка. Месяц ішла падрыхтоўка да свята. Моладзь рэпеціравала ў сваіх навучальных установах, кансультацыі ад прафесіянальных харэографаў можна было атрымаць па інтэрнэце. Для большасці ўдзельнікаў такое мерапрыемства было ўпершыню, а вось кадэты паспрабавалі сябе ў танцы год назад, калі ў Шчучыне, у старажытным палацы Друцкіх-Любецкіх, дзе сёння размяшчаецца Палац творчасці дзяцей і моладзі,  правялі абласны кадэцкі баль.

На белым балі прысутнічалі ганаровыя госці: памочнік Прэзідэн­та Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава, рэктары ўніверсітэтаў. Для ўдзельнікаў балю была арганізавана цікавая праграма — выступленні артыстаў філармоніі, музычныя гульні.

Маладыя прадстаўнікі Гродзеншчыны стануць удзельнікамі Рэспубліканскага навагодняга балю, на які запрошана больш за 20 студэнтаў і старшакласнікаў, якія паказалі асаблівыя поспехі ў вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці.

А пакуль пад гукі старажытных танцаў на белым гродзенскім балі танцавала моладзь, а гэта так узнё­сла, рамантычна, прыгожа і ў ХХІ стагоддзі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.